27 снежня 2024, Пятніца, 12:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Габрэйскія сайты: Лукашэнка – пераемнік Гітлера?

Ізраільскі бок падчас сустрэчы з амбасадарам Беларусі асудзіў «радыкальныя антысеміцкія» заўвагі Аляксандра Лукашэнкі, піша габрэйскі партал Jewish.ru. «Падчас прамой трансляцыі па дзяржаўным радыё Аляксандр Лукашэнка зрабіў шэраг радыкальных антысеміцкіх заяў, накіраваных супраць габрэяў і Ізраіля», – паведамляюць у ізраільскім МЗС.

Кажучы пра дрэнныя ўмовы жыцця ў Бабруйску, Лукашэнка сказаў наступнае: «Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад. У яго страшна было зайсці! Свінушнік быў! Гэта ў асноўным быў габрэйскі горад. Ну, вы ведаеце, як габрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць. Паглядзіце ў Ізраілі. Я быў там».

«Далей ён паведаміў, што горад вычысцілі пасля таго, як адтуль сышлі габрэі, і заклікаў габрэяў з грашыма вяртацца ў Бабруйск», – паведаміў прадстаўнік МЗС Ізраіля. Міністр замежных спраў Цыпі Ліўні асудзіла гэтыя антысеміцкія рэмаркі: «Дзяржаўныя лідэры абавязаныя змагацца з антысемітызмам, а не заахвочваць яго». Амбасадар Беларусі Ігар Ляшчэня быў выкліканы ў ізраільскі МЗС з патрабаваннямі растлумачэнняў.

Лукашэнка вядомы сваімі антызаходнімі пазіцыямі і імкненнем нацыяналізаваць большую частку беларускіх СМІ. Ён ужо паспеў раскрытыкаваць Еўрапейскі Звяз і ЗША ў сувязі з захаваннем імі правоў чалавека.

Інцыдэнт на прэс-канферэнцыі – не першы усплёск антысемітызму ў беларускага кіраўніка. Яшчэ ў далёкім 1995 годзе Лукашэнка публічна выказаў сваё ўхваленне палітыцы Адольфа Гітлера, заявіўшы, што «гісторыя Нямеччыны капіюе гісторыю Беларусі. Нямеччына паднялася з руін дзякуючы моцнаму кіраванню, і не ўсё, што звязанае з Гітлерам, дрэннае». Гэтымі і падобнымі выказваннямі прэзідэнт здабыў славу на неанацысцкіх сайтах.

Габрэйскія арганізацыі Беларусі папярэдзілі пра рост антысемітызму ў краіне: адкрыта публікуюцца антысеміцкія кнігі і брашуры, паганяцца габрэйскія могілкі, зачыняецца адзіны ў рэспубліцы Габрэйскі ўніверсітэт. Тым не менш, сам беларускі кіраўнік настойвае на тым, што «ў Беларусі антысемітызму няма».

Ізраільскі амбасадар у Беларусі цяпер знаходзіцца ў водпуску, і МЗС Ізраіля нават планаваў затрымаць яго вяртанне ў краіну. Але неўзабаве было вырашанае, што такая жорсткая мера толькі пагоршыць крызіс, які цяпер азначыўся. Тым не менш, прадстаўнік ізраільскага МЗС падкрэсліў, што «калі такія заявы паўторацца, амбасадар будзе неадкладна адкліканы».

Сітуацыю пракаментаваў і сам амбасадар Ізраіля ў Беларусі Зееў Бэн-Ар’е:

«Выказванні кіраўніка Беларусі ў адрас габрэяў выклікаюць здзіўленне і шкадаванне. Застаецца спадзявацца, што ў Беларусі, на зямлі якой загінула ад рук нацыстаў і іх памагатых ледзь ці не ўся, адна з самых вялікіх у Еўропе габрэйскіх суполак, будуць з вялікай увагай ставіцца да праяў антысемітызму і ўстрымоўвацца ад любых заяў, якія могуць стымуляваць такія сумныя з'явы».

Падчас Другой сусветнай вайны нацысты знішчылі ў Беларусі каля 800 тысяч габрэяў. А масавая эміграцыя ў Ізраіль на пачатку 90-х гадоў паменшыла колькасць габрэйскай суполкі краіны да 28 тысяч чалавек.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках