28 снежня 2024, Субота, 3:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суседзі Беларусі ўваходзяць у Шэнгенскую зону

У снежні ў Шэнгенскую зону ўвойдуць дзевяць дзяржаў, якія ўступілі ў ЕЗ у траўні 2004 года: Эстонія, Латвія, Літва, Польшча, Вугоршчына, Чэхія, Славакія, Славенія і Мальта. Уступленне ў Шэнгенскую зону пацягне за сабою адмену кантролю на ўнутраных наземных і марскіх межах краін-удзельніц. Адмену кантролю на паветраных межах плануецца ажыццявіць у сакавіку 2008 года.

Пасля свайго пашырэння Шэнгенская зона будзе ахопліваць прастору плошчай у 3,6 мільёнаў квадратных кіламетраў, у якой людзі змогуць свабодна падарожнічаць без памежных праверак і кантролю.

Што такое Шэнгенская зона?

Шэнгенская зона з'яўляецца еўрапейскай прасторай свабоднага перамяшчэння людзей. Асноўнымі элементамі прасторы з'яўляюцца а) адмена кантролю на ўнутраных межах краін-удзельніц, б) гарманізацыя ўмоў перасячэння знешніх межаў краін-удзельніц, а таксама ўзгадненне прынцыпаў візавай палітыкі, і в) стварэнне сумеснай Шэнгенскай інфармацыйнай сістэмы (SIS і SIS-II), якая дазваляе краінам-удзельніцам абменьвацца дадзенымі аб асобах, якія перасеклі знешнія межы Шэнгенскай зоны.

Функцыянаванне прасторы рэгулюецца спецыяльнымі нормамі ў рамках права ЕЗ (так званым «Шэнгенскім acquis»).

На сённяшя краінамі-ўдзельніцамі Шэнгенскай зоны з'яўляюцца трынаццаць дзяржаў-сябраў ЕЗ (Нямеччына, Аўстрыя, Бельгія, Данія, Гішпанія, Фінляндыя, Францыя, Грэцыя, Італія, Люксембург, Нідэрланды, Партугалія і Швецыя). У прастору таксама ўваходзяць Нарвегія і Ісландыя, якія не з'яўляюцца краінамі-сябрамі ЕЗ.

Рыхтуючыся да ўступлення ў Шэнгенскую зону, дзевяць новых дзяржаў-сябраў ЕЗ ажыццявілі шэраг рэформ, накіраваных на спрашчэнне трансмежнага перамяшчэння людзей. Рэформы былі накіраваныя на адаптацыю дарожных, паветраных і марскіх інфраструктур, далучэнне нацыянальных інфармацыйных сетак да Шэнгенскай інфармацыйнай сістэмы (SIS) і ўжыванне механізмаў абароны персанальных дадзеных.

Гісторыя Шэнгенскага супрацоўніцтва

1985: у Люксембургскім мястэчку Шэнген Нямеччына, Францыя, Бельгія, Нідэрланды і Люксембург падпісваюць пагадненне аб паступовым скасаванні прымежнага кантролю

1990: бакі падпісваюць Шэнгенскую канвенцыю, накіраваную на выкананне Шэнгенскага пагаднення 1985 года

1990-1992: да Шэнгенскай канвенцыі далучаюцца Італія, Гішпанія, Партугалія і Грэцыя

1995: Шэнгенская канвенцыя ўступае ў сілу

1996: Канвенцыю падпісваюць Данія, Фінляндыя і Швецыя. Да іх таксама далучаюцца Нарвегія і Ісландыя, якія не з'яўляюцца дзяржавамі-сябрамі ЕЗ

1999: дзяржавы-сябры ЕЗ падпісваюць Амстэрдамскую дамову, якая ўключае Шэнгенскія нормы ў корпус права ЕЗ

2000: Вялікабрытанія часткова далучаецца да Шэнгенскай канвенцыі (з гэтага часу яна прымае ўдзел у супрацоўніцтве праваахоўных і судовых органаў дзяржаў-сябраў Шэнгенскай зоны)

2002: Ірландыя часткова далучаецца да Шэнгенскай канвенцыі (з гэтага часу яна таксама бярэ ўдзел у супрацоўніцтве праваахоўных і судовых органаў дзяржаў-сябраў Шэнгенскай зоны)

2004: пашырэнне ЕЗ: 10 краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы далучаюцца да ЕЗ

2004: Швейцарыя падпісвае пагадненне аб асацыяцыі з Шэнгенскай зонай

2007: у ЕЗ уступаюць Румынія і Баўгарыя, якія пачынаюць часткова выконваць нормы Шэнгенскага acquis

Канец 2007 – пачатак 2008 года: дзевяць новых дзяржаў ЕЗ плануюць далучыцца да Шэнгенскай зоны

Прадстаўніцтва Еўрапейскай Камісіі ў Беларусі

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках