16 лiстапада 2024, Субота, 8:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вернікі вырашылі не пускаць службоўцаў у храм

Доступ службоўцаў у будынак менскай царквы "Новае жыццё" Аб'яднання суполак хрысціян поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь часова абмежаваны. Пра гэта паведамляецца ў лісце, які пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка накіраваў начальніку аддзела па надзвычайных сітуацыях Маскоўскага раёна Менска Мікалаю Бараноўскаму.

Пастар тлумачыць, што гэтая змушаная мера распачатая на падставе рашэння агульнага сходу рэлігійнай суполкі "пасля спробы службоўцаў Менскага гарвыканкама захапіць будынак царквы ў парушэнне заканадаўства".

У лісце адзначаецца, што яшчэ ў кастрычніку 2005 года царква "Новае жыццё" абскардзіла дзеянні гарадскіх улад у судзе, вернікі былі змушаныя абараняць сваю ўласнасць акцыямі грамадзянскага непадпарадкавання.

"Мы гатовыя да дыялогу, аднак любыя з'яўленні прадстаўнікоў дзяржаўнай улады на тэрыторыі царквы да вынясення рашэння Вышэйшым гаспадарчым судом мы расцэньваем як спробы адміністрацыйнага ціску", – падкрэсліваецца ў лісце.

Пастар Ганчарэнка інфармуе кіраўніка райаддзела па НЗ, што бяспечная эксплуатацыя будынка царквы, які размешчаны па вуліцы Кавалёва, 72, і належыць суполцы на праве ўласнасці, арганізаваная самімі вернікамі з удзелам запрошаных спецыялістаў.

У інтэрв'ю БелаПАН юрыст суполкі Сяргей Луканін паведаміў, што 9 лістапада падчас правядзення моладзевай канферэнцыі будынак царквы спачатку наведалі прадстаўнікі энерганагляду, а пасля – супрацоўніка аддзела па надзвычайных сітуацыях. "Пажарнікі паведамілі, што прычына іх з'яўлення – неабходнасць праверкі ўхілення недахопаў паводле загада, выдадзенага царкве каля двух гадоў таму. А пасля таго як пажарнікам было адмоўленае ва ўваходзе ў храм, яны неаднаразова звярталіся па тэлефоне да адміністрацыі царквы з прапановай з'явіцца ў райаддзел па НЗ. Для растлумачэння гэтай сітуацыі мы і накіравалі ліст", – растлумачыў С.Луканін.

Нагадаем, што з 18 кастрычніка 2006 года Вышэйшы гаспадарчы суд (ВГС) разглядае пазовы царквы "Новае жыццё": аб прызнанні пазапраўным рашэння Менгарвыканкама аб пазбаўленні суполкі зямлі і будынка па вул. Кавалёва; аб перапрафіляванні будынка кароўніка ў культавы і змяненні мэтавага прызначэння зямельнага ўчастку; аб спагнанні з Менгарвыканкама шкоды, панесенай царквой у памеры ўсіх сум дзяржпошлін, якія былі выплачаныя істцом у сувязі з абскарджаннем рашэння ўлад (1 млн. 829 тыс. рублёў). Апошняе судовае пасяджэнне ВГС адбылося 22 сакавіка гэтага года.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках