14 лiстапада 2024, Чацвер, 18:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

КДБ забраў «Пагоню» і сімволіку Еўразвяза

2

Дэмакратычны актывіст Аляксандр Атрошчанкаў звярнуўся ў Пракуратуру Цэнтральнага раёна з просьбай растлумачыць яму, як праходзіць разгляд яго скаргі на неправамерныя дзеянні міліцыянтаў, якія наладзілі ператрус у яго кватэры напярэдадні Еўрапейскага Марша.

Высветлілася, што канфіскаваныя ў Атрошчанкава рэчы знаходзяцца ў Камітэце дзяржбяспекі.

«У Пракуратуры Цэнтральнага раёна Менска мне паведамілі, што разглядаюць дзеянні супрацоўнікаў міліцыі на прадмет адпаведнасці закону. На гэта ў іх ёсць яшчэ месяц. Азнаёмілі мяне з ходам справы і паведамілі, што ўсе канфіскаваныя ў мяне рэчы знаходзяцца ў КДБ – «на праверцы». Што гэта за праверка, следчы пракуратуры не можа сказаць. Для яго ў гэтым таксама шмат незразумелага. Сітуацыя абсурдная. Міліцыя ўварвалася ў маю кватэру нібыта з прычыны таго, што паступіў званок, што там знаходзіцца труп, мае рэчы апынуліся ў КДБ, а мяне пасадзілі ў турму на Акрэсціна…» – распавёў прэс-цэнтру Хартыі’97 Аляксандр Атрошчанкаў.

Нагадаем, што Аляксандр Атрошчанкаў звярнуўся ва УУС Цэнтральнага раёна Менска і Пракуратуру Цэнтральнага раёна сталіцы з патрабаваннем вярнуць яму канфіскаваную падчас пазапраўнага ператрусу напярэдадні Еўрапейскага Марша маёмасць, а таксама даць юрыдычную ацэнку пазапраўным дзеянням супрацоўнікаў міліцыі.

Дэмакратычнага актывіста арыштавалі ў Менску 9 кастрычніка. Міліцыянты ўварваліся ў кватэру апазіцыянера на другім паверсе (!) праз акно і правялі ператрус. Супрацоўнікі праваахоўных органаў заявілі, што ім нібыта паступіў ананімны званок пра тое, што там знаходзіцца труп. Аднак, як толькі міліцыянты патрапілі ў кватэру, перш за ўсё яны зацікавіліся кампутарамі.

З кватэры была канфіскаваная аргтэхніка, у тым ліку кампутар, інфармацыйныя матэрыялы да Еўрапейскага Марша, сцягі Еўразвяза і беларускі нацыянальны герб «Пагоня», зроблены з гіпсу.

Ператрус у кватэры апазіцыянера працягваўся тры гадзіны. У кватэру не ўпусцілі жонку Аляксандра Атрошчанкава Дар'ю. Жонцы палітыка таксама не дазволілі перадаць мужу цёплыя рэчы з сабою ў турму.

Пры ператрусе супрацоўнікі міліцыі перавярнулі ў доме ўсё ўверх дном. Была парэзаная абіўка канапы, зламаная газавая пліта.

На наступны дзень пасля ператрусу актывіста асудзілі на 10 сутак арышту. Міліцыянты, якія пазапраўна ўварваліся ў кватэру, «сведчылі», што затрыманы нібыта «нецэнзурна лаяўся».

«У скарзе я адзначыў, што міліцыянты пазапраўна ўварваліся ў маё жыллё, практычна выкралі маю маёмасць. Іншым словам гэта назваць нельга, бо ніякага дакумента, які пацвярджае канфіскацыю маёмасці, мне не выдалі. Я патрабую даць юрыдычную ацэнку пазапраўным дзеянням міліцыянтаў і вярнуць выкрадзеныя рэчы. Таксама я адзначыў, што падчас ператрусу міліцыянты сапсавалі мэблю, парэзалі абіўку канапы, зламалі газавую пліту…» – распавёў Аляксандр Атрошчанкаў прэс-цэнтру Хартыі’97.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках