15 лiстапада 2024, Пятніца, 15:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Белсат» пачынае вяшчанне

36

З 10 снежня пачынае працу першы незалежны тэлеканал для беларусаў – Белсат. Гэта сумесны праект польскага ўрада і польскага грамадскага тэлебачання.

«Гэтае тэлебачанне будзе звычайным. Акрамя інфармацыйных і публіцыстычных праграм будуць ток-шоу, музычныя праграмы, праваабарончая праграма, праграма пра эканоміку», – распавядае Аляксей Дзікавіцкі, кіраўнік інфармацыйнай службы Белсата. Паводле яго слоў, таксама будзе паказвацца, у асноўным, еўрапейскае кіно і серыялы, паведамляе «Нямецкая хваля».

Сцеражонага Бог беражэ

Штат новага беларускага тэлеканала налічвае каля 80 чалавек, пераважна гэта беларусы. Як адзначыла ў адным з інтэрв'ю дырэктарка тэлеканала Агнешка Рамашэўска, журналісты будуць працаваць практычна ў кансператыўных умовах. Менавіта таму імёны будучых зорак незалежнай беларускай тэлежурналістыкі пакуль не называюцца.

Як вядома, рэжым Лукашэнкі паслядоўна знішчае кожную праяву незалежнага журналісцкага слова. Не каментуюцца таксама метады працы аператараў і журналістаў у Беларусі. Польскае тэлебачанне абсталявала штат Белсата лічбавымі тэлекамерамі невялікіх памераў, але небяспека страты дарагой тэхнікі існуе.

«Журналісты сядзелі ў турмах, іх увесь час штрафуюць. Газеты закрываюцца. Гэта агульнавядома. У такой сітуацыі нельга было не падумаць пра абарону нашых журналістаў», – гаворыць А.Дзікавіцкі.

Па словах кіраўніка інфармацыйнай службы Белсата, ёсць цэлы шэраг механізмаў, пры дапамозе якіх журналістаў будуць ахоўваць ад магчымых негатыўных дзеянняў рэжыму.

«Але пра гэта мы будзем казаць, калі выйдзем у эфір і калі будзе вырашанае пытанне аб акрэдытацыі», – дадаў Дзікавіцкі.

Новы канал – новыя надзеі

Тэлеканал Белсат з 10 снежня пачынае сваю штодзённую трохгадзінную трансляцыю ў тэставым рэжыме, а з 8 студзеня пяройдзе ў нармальны рэжым працы. Сярод праграм – выпускі навін, штодзённая аналітычная праграма «Рэпарцёр», а ў планах – паказы сучаснага дакументальнага і мастацкага кіно, канцэрты і відэакліпы беларускіх музыкаў, якія пасля ўзнікнення неафіцыйнага чорнага спісу практычна не існуюць для афіцыйнага беларускага тэлебачання, а таксама маюць вялікія праблемы з арганізацыяй канцэртаў.

Дарэчы, на ўрачыстай цырымоніі, прысвечанай адкрыццю тэлеканала, з двухгадзінным канцэртам у Варшаве выступае група НРМ – адна з самых яркіх рок-каманд Беларусі.

«Верыць у пералом пакуль рана, але гэта станоўча паўплывае на сітуацыю. Спадзяюся, з'явіцца канал, дзе можна будзе ўбачыць людзей, якіх па розных прычынах няма ў афіцыйных СМІ», – гаворыць Лявон Вольскі.

Трохі статыстыкі

Праграмы Белсата будуць транслявацца па спадарожнікавым тэлеканале, даступным прыкладна 700 тысячам беларусаў, пры тым што насельніцтва Беларусі складае каля 9 млн 700 тысяч чалавек.

Паводле дадзеных Беларускай асацыяцыі журналістаў, на 1 кастрычніка 2007 года ў краіне зарэгістраваныя 157 радыёстанцый, з якіх 137 дзяржаўных. Маніторынг СМІ падкрэслівае сілу прэсінгу на афіцыйна незалежныя каналы. Аляксей Дзікавіцкі лічыць свабоду ад уплываў адной з асноўных пераваг новага тэлеканала.

«Мне цяжка сабе ўявіць, каб хтосьці казаў мне, як рабіць навіны. Гэта абсалютна недапушчальна. Дэвіз Белсат гучыць так: гэта тэлебачанне, якое робяць беларусы для беларусаў», – падкрэслівае А.Дзікавіцкі.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках