15 лiстапада 2024, Пятніца, 7:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нафтавая спрэчка працягваецца

Беларускія службоўцы ў мэтах паніжэння выдаткаў на куплю расейскай нафты разглядаюць мэтазгоднасць вяртання да ранейшага пагаднення з РФ аб падзеле прыбытку ад экспарту нафтапрадуктаў.

Пагадненне, паводле якога Беларусь павінна была адлічваць у расейскі бюджэт 85% прыбытку ад экспартных пошлін на прадукцыю, вырабленую з расейскай сыравіны, страціла сілу ў студзені гэтага года, калі Расея ўвяла для Беларусі экспартную пошліну на нафтапрадукты. Эксперты сумняваюцца ў прывабнасці для расейскага боку вяртання да мінулых дамоўленасцяў.

Цяпер прадстаўнікі канцэрна «Белнафтахім» і беларускіх НПЗ працягваюць узгадненне з расейскімі нафтавікамі ўмоў паставак нафты ў 2008 годзе. Падвышэнне ў наступным годзе расейскай пошліны на нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь, пацягне за сабою рост фінансавых страт для беларускіх пакупнікоў нафты. Як паведаміла Прайм-ТАСС крыніца ў органах дзяржкіравання краіны, у якасці аднаго з варыянтаў іх мінімізацыі разглядаецца прапанова вярнуцца да ранейшага пагаднення з РФ аб падзеле экспартных пошлін на нафту. Цяпер, па словах крыніцы, беларускія службоўцы разглядаюць мэтазгоднасць такога павароту падзей.

У прэс-службе савета міністраў Беларусі адмовіліся каментаваць гэтую інфармацыю. Прэс-сакратар «Белнафтахіма» Віктар Азараў сказаў, што ў яго няма звестак пра магчымасці вяртання да пагаднення 1995 года.

З 1 студзеня 2007 года Расея пастаўляе ў Беларусь нафту з ужываннем каэфіцыента ў памеры 0,293 ад стаўкі мытнай пошліны на сырую нафту, якая вывозіцца ў далёкае замежжа, якая ўсталёўваецца на два месяцы на падставе маніторынгу цэн на нафту на сусветным рынку. У 2008 годзе гэтая стаўка будзе ўсталёўвацца з ужываннем каэфіцыента 0,335, у 2009 годзе – з каэфіцыентам 0,356. Беларусь таксама ўзяла на сябе абавязальніцтва па павелічэнні вывазных мытных пошлін на нафту і нафтапрадукты да расейскага ўзроўню.

Раней размеркаванне прыбытку ад экспарту нафтапрадуктаў рэгулявалася міжурадавым пагадненнем, згодна з якім Беларусь павінна была пералічваць у расейскі бюджэт 85% прыбытку ад экспартных пошлін на прадукцыю, вырабленую з расейскай сыравіны. Пры гэтым Расея пастаўляла ў Беларусь нафту без збірання пошліны. Але беларускі бок не выконваў сваіх абавязальніцтваў. Атрымліваючы нафту па льготных цэнах, Менск перапрадаваў нафтапрадукты на Захад па рынкавым кошце. Паводле ацэнак экспертаў, розніца дасягала 3–4 млрд дал., за кошт чаго Беларусі і атрымлівалася захоўваць высокія тэмпы росту эканомікі.

Пасля ўвядзення экспартных пошлін рэнтабельнасць перапрацоўкі расейскай нафты ў краіне знізілася практычна да нуля. «Пажадана, каб рэнтабельнасць перапрацоўкі была хаця б 15–30%, як у Расеі, – сказаў РБК-daily беларускі эксперт, які пажадаў застацца неназваным. – І вяртанне да старых дамоўленасцяў тут сапраўды можа дапамагчы. Тым больш што скасаванне экспартнай пошліны было б лагічным крокам з боку Расеі, бо ў нас адзіная мытная прастора і ніякіх пошлін у прынцыпе быць не можа. Пра гэта ўжо казалі пры ўзгадненні ўмоў дамовы, падпісанай у студзені гэтага года».

Але, на думку расейскіх аналітыкаў, Масква наўрад ці пойдзе на вяртанне да дамовы 1995 года. «Калі Беларусь плануе такім чынам павялічыць свой прыбытак, Расея тут відавочна страціць, – сказаў аналітык ІГ «Атон» Арцём Кончын. – Я не бачу нічога прыдатнага, што Беларусь магла б прапанаваць наўзамен на саступкі Расеі ў пытанні паставак нафты».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках