15 лiстапада 2024, Пятніца, 9:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адмянілі льготы – і баста!

Урад не адгукнуўся на заклік Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) сабраць паседжанне Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях. Пра гэта БелаПАН паведаміў лідэр БКДП і сябра Савета Аляксандр Ярашук.

Нагадаем, лідэр БКДП 7 верасня заклікаў сустаршыняў Савета – першага намесніка прэм'ер-міністра Уладзіміра Сямашку, старшыню Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леаніда Козіка і старшыню Канфедэрацыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (наймальнікаў) Анатоля Харлапа – сабраць паседжанне гэтага органа ў двухтыднёвы тэрмін. У сваім звароце А.Ярашук растлумачыў неабходнасць паседжання «імклівым нарастаннем праблем у сацыяльна-эканамічнай сферы».

Як сябра Савета А. Ярашук таксама прапанаваў вынесці на разгляд удзельнікаў паседжання найбольш вострыя пытанні, у тым ліку аб захаванні льгот для найбольш сацыяльна ўразлівых груп грамадзян краіны – пенсіянераў, студэнтаў, інвалідаў; аб мерах па выкананні рэкамендацый Міжнароднай арганізацыі працы і адмены рашэння аб выключэнні краіны з Генеральнай сістэмы прэферэнцый у гандлі з краінамі Еўразвяза; пра выключэнне палажэнняў з праекту новага закона «Аб прафесійных звязах», якія сур'ёзна пагаршаюць умовы стварэння і дзейнасці арганізацый працаўнікоў; аб ходзе і ўмовах распачатай у краіне прыватызацыі і мерах, што забяспечваюць шырокую галоснасць працэсу і ўдзел у ім прафсаюзаў, а таксама аб занясенні змен у канчатковую рэдакцыю закона «Аб прафесійным пенсійным страхаванні».

«Адсутнасць адказу чарговым разам сведчыць, што орган з'яўляецца несамастойным, дэкаратыўным і не вырашае ніякіх праблем у сацыяльнай сферы», – пракаментаваў маўчанне ўрада А.Ярашук. Ён спадзяецца, што неўзабаве нейкая рэакцыя на зварот усё-ткі будзе. А. Ярашук таксама заявіў, што і надалей мае намер ініцыяваць разгляд дадзеных вострых праблем усімі даступнымі спосабамі.

Нагадаем, у склад Нацыянальнага савету па працоўных і сацыяльных пытаннях уваходзяць прадстаўнікі ўрада, а таксама найбуйнейшых аб'яднанняў прафсаюзаў і наймальнікаў. Савет быў створаны ў 1996 годзе для развязання пытанняў сацыяльнага партнёрства, у тым ліку спрэчных; яго рашэнні носяць рэкамендацыйны характар. Савет павінен збірацца штоквартальна.

Апошняе паседжанне гэтай арганізацыі прайшло дзевяць месяцаў таму – у студзені. Па словах А.Ярашука, такая сітуацыя назіралася і летась – сябры Савета збіраліся толькі двойчы.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках