15 лiстапада 2024, Пятніца, 21:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ПАРЕ: Лукашэнка не хоча мець з намі нічога агульнага

3

Новы старшыня Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Луіс Марыя Дэ Пуч заявіў, што ПАРЕ гатовая зрабіць крокі насустрач беларускі ўладам. На яго думку, ізаляцыя Беларусі "вельмі замінае" як самой краіне, так і ПАРЕ. Пры гэтым Луіс Марыя Дэ Пуч дадаў, што "пакуль менавіта Лукашэнка не хоча мець з намі нічога агульнага".

"Мы прапаноўваем яму паводзіць сябе гэтаксама, як усе. Але ён адмаўляецца браць на сябе тыя абавязальніцтвы, якія ўжо ўзялі ўсе краіны Еўропы. Лукашэнка, мабыць, думае, што ўвесь свет памыляецца, а ён мае рацыю", – выказаў здагадку ў інтэрв'ю "Коммерсанту" новы кіраўнік ПАРЕ.

У той самы час Луіс Марыя Дэ Пуч адзначыў, што беларускі лідэр можа "звярнуцца да Рады Еўропы і ўзяць абавязальніцтвы". "Мы пастараемся зрабіць усё, каб неяк наладзіць кантакты, каб адкрыць дзверы, каб інтэграцыя Беларусі ў Еўропу была магчымая", – паабяцаў новы старшыня ПАРЕ.

"Тэлеграф" нагадвае, выступаючы гэтымі днямі на пасяджэнні камітэта ПАРЕ ў Страсбургу дакладчык па Беларусі Андрэа Рыгоні парэкамендаваў Радзе Еўропы змяніць сваю палітыку па дачыненні да Беларусі. "Радзе Еўропы цалкам неабходна сур'ёзна задумацца пра тое, што можна зрабіць з мэтай пасоўвання еўрапейскіх каштоўнасцяў у Беларусі", – сказаў Андрэа Рыгоні.

На яго думку, Радзе Еўропы варта весці з Беларуссю "пакрокавы дыялог, у аснове якога будуць ляжаць добрасуседскія стасункі", паведамляе БелаПАН. Ён падкрэсліў, што разрыў стасункаў з беларускімі ўладамі ні да чаго добрага прывесці не можа.

"Я супраць разрыву ўсіх кантактаў з беларускімі ўладамі – мы ўпэўніліся, што такая палітыка не аказвае ўплыву на сітуацыю ў краіне, толькі абцяжарваючы нашы стасункі з беларускім народам", – заявіў Андрэа Рыгоні. Дакладчык па Беларусі мяркуе, што Рада Еўропы павінна "ізноў пачаць дыялог" з беларускімі ўладамі.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках