15 лiстапада 2024, Пятніца, 22:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы плоцяць за газ па сусветных коштах

8

З 1 студзеня пастановай Саўміна насельніцтва пачынае плаціць за газ у два разы больш. Калі ў снежні кубаметр газу каштаваў 242 рублі, то зараз за газ давядзецца плаціць 462 рублі.

Еўрарадыё падлічыла, як гэта адаб’ецца на сямейным бюджэце. Месяц таму сям’я з трох чалавек за месяц плаціла 3,6 тысячы рублёў (у сярэднім “набягала” 15 кубаметраў газу па лічыльніку). Зараз з кішэні давядзецца дастаць 6,9 тысяч, альбо на 3 тысячы больш. Яшчэ больш прайграюць тыя, у каго няма газавых лічыльнікаў. Бо плата за газ на кожнага члена сям’і узнялася з 1936 рублёў да 3696 рублёў. У снежні сям’я з трох чалавек плаціла за газ 5808 рублёў, а сёння — ажно 11 тысяч!!! Розніца - у 5 тысяч! І чым больш людзей прапісана ў кватэры, тым больш трэба плаціць за газ.

Але гэта яшчэ што! Калі падлічыць, па якім кошце мы з вамі плацім за газ, атрымаецца сапраўды сусветная цана — 214 долараў за тысячу кубоў! Гэта дзіўна, таму што краіна купляе расійскі газ па 119 долараў і змагаецца за кожны крытычны долар. А свайму насельніцтву выставіла на 95 долараў болей!

Дарэчы, у мінулым годзе, па звестках Міністэрства жыллёвай гаспадаркі, насельніцтва аплачвала газ у “жыроўках” на 100%. І абыходзілася гэта яму ў 112 долараў. Розніца паміж цаной “Газпрома” — толькі 12$. Цяпер расійскі газ для Беларусі падаражэў на 20%, а для насельніцтва ўнутры краіны — амаль у 8 (!) разоў. Еўрарадыё вырашыла высветліць, чаму атрымліваецца такая вялікая разбежка, але ад каментароў адмовіліся ўсе чыноўнікі, да якіх мы датэлефанаваліся.

Савет Міністраў: Мы не даем ніякіх адказаў. Прабачце.

Міністэрства энэргетыкі: Мы нічым вам не дапаможам. Гэта Пастанова Саўміна, хай яны яе і афішуюць.

Міністэрства эканомікі: У нас няма гэтай Пастановы.

Растлумачыць, чаму дзяржава купляе газ па адной цане, а прадае яго ў два разы даражэй, Еўрарадыё папрасіла эканаміста Алену Ракаву.

Па яе словах, гэта вельмі складаная і заблытаная схема. «“Белтрансгаз” плаціць падаткі, потым “Белтрансгаз” прадае газ “Белпаліўгазу”. “Белпаліўгаз” таксама мае выдаткі. Таму што трэба абслугоўваць усе трубаправоды, ён плаціць падаткі. Яшчэ субсідуецца звадкаваны газ за кошт прыроднага», - падкрэслівае эканаміст.

Еўрарадыё паспрабавала высветліць у “Белтрансгазу”, па якой цане ён прадае газ “Белпаліўгазу” пасля выплаты ўсіх падаткаў і транспартавання. У прэс-службе Белтрансгазу кажуць, што гэта камерцыйная таямніца.

Цікава, што ў траўні мінулага года віцэ-прем’ер урада Уладзімір Сямашка зазначаў, што паводле дамовы паміж “Белтрансгазам” і “Газпромам” з 2008 года ўнутраная аптовая нацэнка “Белтрансгазу” павінна была скласці толькі 8 долараў.

Эканаміст Алена Ракава кажа Еўрарадыё, што розніца ў 95$ паміж закупкай газу і яго продажам насельніцтву нармальна для еўрапейскай краіны (дзе прыбыткі людзей нашмат большыя), а для Беларусі такі скачок істотны.

Дарэчы, ніхто з чыноўнікаў не рызыкнуў даць нам 100% гарантыі, што гэта апошняе павелічэнне кошту на газ у гэтым годзе…

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках