16 лiстапада 2024, Субота, 8:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады пагражаюць вернікам, тыя абвяшчаюць акцыю пратэсту

Біскуп Аб’яднаньня хрысьціянаў поўнага Эвангельля Вячаслаў Ганчарэнка просіць улады зрабіць захады адміністрацыйнага ўзьдзеяньня ў адносінах да ўпаўнаважанага ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Леаніда Гулякі.

У заяве, накіраванай на адрас беларускага ўраду, біскуп нагадвае, што ў верасьні 2007 году віцэ-прэм’ер Аляксандар Касінец пэрсанальна даручыў Леаніду Гуляку ў сьціслыя тэрміны ўрэгуляваць шляхам перамоваў канфлікт паміж царквой “Новае жыцьцё” і Менгарвыканкамам. Аднак упаўнаважаны праігнараваў гэтае даручэньне свайго беспасярэдняга кіраўніка, а значыць, парушыў закон аб дзяржаўнай службе, паведамляе “Радыё Свабода”.

Біскуп Ганчарэнка таксама назваў выказваньні Леаніда Гулякі, зробленыя ім 21 студзеня падчас сустрэчы з прадстаўнікамі пратэстанцкіх рэлігійных аб’яднаньняў, “недапушчальнымі для дзяржаўнага чыноўніка, абразьлівымі для поўнаэвангельскіх хрысьціянаў Беларусі”.

Прадстаўнік апарату ўпаўнаважанага Міхаіл Рыбакоў заявіў, што ніякіх лістоў ад Вячаслава Ганчарэнкі пакуль што не паступала:

“Пытаньне паміж дзяржавай і скаргай Ганчарэнкі павінна разглядацца згодна з заканадаўствам. А пытаньні, якія падымаліся царквой, разглядаюцца паміж Менгарвыканкамам і непасрэдна тымі, хто мае права на зямлю ці знаходзіцца на гэтым месцы. У дадзеным выпадку я ня бачу ніякага пытаньня, якое б датычылася нас. Калі яно да нас ёсьць, нам можна накіраваць пісьмовую заяву і мы абавязкова яе разгледзім”.

Вячаслаў Ганчарэнка сказаў, што звароты да ўпаўнаважанага таксама былі, але вернікі атрымалі звычайныя адпіскі, якія не вырашаюць пытаньня:

“Зварот мы накіравалі з тым, каб нам патлумачылі і прынялі меры адносна таго, да каго мы цяпер можам зьвяртацца. Якая ёсьць інстанцыя, што можа вырашаць канфліктныя пытаньні паміж царквой і дзяржавай, калі ўпаўнаважаны ў справах рэлігіяў, увесь гэты апарат не выконваюць сваіх прамых абавязкаў? Атрымалася так, што ў 2006 годзе з-за гэтага напалу, з-за таго, што гэтым пытаньнем ніхто не займаўся, нам давялося галадаваць у нашым будынку”.

Паводле Вячаслава Ганчарэнкі, цягам апошніх некалькіх месяцаў у царкву “Новае жыцьцё” ўлады скіроўваюць розныя службы – тыя спрабуюць пранікнуць у будынак. Пытаньне таксама “завісла” ў Вышэйшым гаспадарчым судзе. Учора пракуратура Маскоўскага раёну Менску вынесла папярэджаньне пастару Вячаславу Ганчарэнку за тое, што ён адмовіўся ўпусьціць у будынак прадстаўнікоў МНС. Пракуратура просіць надалей не перашкаджаць доступу гэтай службы ў будынак. Улады фактычна пагражаюць вернікам адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасьцю.

“Мы прынялі рашэньне агульным сходам, што мы прынцыпова не пусьцім нікога, пакуль ня будзе задаволенае наша патрабаваньне: адмяніць рашэньне Менгарвыканкаму, якім яны адабралі зямлю, – гаворыць пастар Ганчарэнка. – І мы вырашылі нікога не пускаць. Гэта наша акцыя пратэсту, акцыя грамадзянскага непадпарадкаваньня. Мы вызначылі сваю пазыцыю, што мы ўсё роўна ўпускаць ня будзем. Няхай яны вырашаюць пытаньні, а ня чыняць на нас ціску пракуратурай”.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках