14 лiстапада 2024, Чацвер, 19:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Касцёл святога Язэпа могуць аддаць каталікам

2

1 кастрычніка ў Менску на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню архівіста, дырэктар дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Уладзімір Адамушка заявіў: «Мы гатовыя перадаць вернікам будынак Менскага касцёла святога Язэпа, калі ўлады сталіцы выдзеляць нам будынак плошчай шэсць тысячаў квадратных метраў, прыстасаваны пад архівы».

У будынку касцёла размяшчаюцца Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі і Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Паводле словаў У.Адамушкі, архівістаў задавальняюць умовы захавання дакументаў у будынку храма, паведамляе БелаПАН.

Ён адзначыў, што ў перспектыве плануецца пабудаваць новы будынак для архіваў, размешчаных у храме. "Аднак для гэтага неабходныя вялікія сродкі, якіх мы не маем. На бюджэтныя асігнаванні вядзецца рэканструкцыя будынка Нацыянальнага гістарычнага архіва ў Гародні, для чаго запатрабуецца каля 8 млрд. рублёў і тры гады працы", — сказаў У.Адамушка. Вядзецца таксама рэканструкцыя будынкаў архіваў у Маладзечне, Барысаве (Менская вобласць) і Берасці.

Дырэктар дэпартамента звязвае паскарэнне працэсу ўзвядзення новага будынку для менскіх архіваў з матэрыяльнай падтрымкай гэтага праекту з боку вернікаў-каталікоў.

З 19 сакавіка 2005 года чальцы сталічнай рымска-каталіцкай супольнасцісвятога Язэпа праводзяць ля будынку касцёла штодзённыя вячэрнія малітвы за вяртанне вернікам будынкаў Менскага кляштара бернардынцаў з касцёлам — помніка архітэктуры барока XVII стагоддзя.

Летась пад зваротам да кіраўніка дзяржавы за вяртанне кляштара вернікам было сабрана больш за 30 тыс. подпісаў. Акцыя пачалася пасля таго, як стала вядома аб планах Менгарвыканкама перадаць будынкі святыні інвестарам для іх прыстасавання пад гасцінічны комплекс і аб'екты гандлёва-бытавога прызначэння. З кляштара, пабудаванага на сродкі вернікаў, выселеныя службы ваеннай камендатуры і пракуратуры.

З 30 жніўня гэтага года вернікі пачалі бестэрміновы пост за вяртанне кляштара, у якім зараз удзельнічаюць больш за 60 чалавек.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках