15 лiстапада 2024, Пятніца, 4:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фінансавы крызіс разбурыць беларускі эканамічны «цуд» як картачны дамок

12

З-за сусветнага крызісу беларускія ўлады знаходзяцца ў стане панічнай збянтэжаннасці, проста не ведаючы, што можна зрабіць ва ўмовах каманднай эканомікі.

Сёння старшыня Рады дзелавога супрацоўніцтва "Беларусь-ЕЗ" Джэймс Уілсан, выступаючы на форуме ў Менску, зрабіў "адкрыццё", заявіўшы, што адміністрацыйна рэгуляваная эканоміка Беларусі ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу быццам бы мае шэраг перавагаў.

"У цяжкія часы фінансавага крызісу краіны, якія маюць элементы каманднай эканомікі атрымалі перавагі", - цытуе Уілсана «Интерфакс».

Трэба адзначыць, што рада "Беларусь-ЕЗ" была зарэгістраваная ў якасці некамерцыйнай арганізацыі ў Брусэлі ў траўні 2007 года па ініцыятыве Міністэрства замежных справаў Беларусі. Аб «некамерцыйнай» дзейнасці гэтай арганізацыі - развіццё гандлёва-эканамічных адносінаў Беларусі з Еўразвязам – ужо паведамлялася.

Нягледзячы на беларускае паходжанне рады сп-р Уілсан не змог у сваім выступе вытрымаць рыторыку беларускіх сродкаў масавай прапаганды, адмовіўшыся на фоне гэтак відавочных перавагаў беларускай эканомікі абяцаць велізарны прыток інвестыцыяў у краіну.

«Зараз паўсюль назіраецца недахоп капіталу, таму складана дапусціць, што ён пачне перамяшчацца з нейкіх краінаў Усходняй Еўропы ў Беларусь, але ў любым выпадку названыя перавагі Беларусі згуляюць ёй на руку», - цытуе БелТА кіраўніка рады.

Зрэшты, у чымсьці сп-р Уілсан мае рацыю. Адміністрацыйная беларуская эканоміка сапраўды мае два, але хутчэй адрозненні, а не перавагі ў параўнанні з рынкавымі эканомікамі іншых краінаў. Першае зводзіцца да таго, што ў краінах з нават напаўрынкавай эканомікай улады не спрабуюць змоўчаць аб крызісе і аб яго ўплыве на эканоміку сваёй краіны – у Беларусі, запэўніваюць чыноўнікі, усё стабільна, адзначае Агенцтва фінансавых навінаў.

Другое адрозненне зводзіцца да таго, што ў тых краінах, дзе крызіс не замоўчваюць, ужо даўно распачынаюцца пэўныя меры па зніжэнні магчымых наступстваў крызісу, а вось беларускія ўлады знаходзяцца ў стане панічнай збянтэжаннасці, проста не ведаючы, што можна зрабіць ва ўмовах каманднай эканомікі. У адсутнасці нейкіх прэвентыўных мераў з боку дзяржавы, крызіс, дабраўшыся да «сінявокай», проста разбурыць усю гэтую адміністрацыйна-камандную мадэль беларускага цуду як картачны дамок. У гэтым выпадку беларускім уладам прыйдзецца не аднаўляць, а ствараць на адміністрацыйна-камандных руінах новае стварэнне.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках