15 лiстапада 2024, Пятніца, 7:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міхаіл Марыніч: Беларускі нафтахімпрам хочуць купіць за бесцань

5

Шэраг буйных расейскіх кампаніяў замарозілі свае інвэстыцыйныя праекты ў Беларусі. Асабліва гэта тычыцца нафтахіміі. Экспэрты зьвязваюць такія зьмены з усясьветным фінансавым крызісам.

СІБУР “Мінугнаеньні”, “Эўрахім”, “Лукойл”, “Роснафта” — вось далёка ня поўны сьпіс расейскіх кампаніяў, якія раптам зьнізілі сваю цікавасьць да беларускіх прадпрыемстваў. А яшчэ на пачатку году яны сьпяшаліся ствараць сумесныя прадпрыемствы з гарадзенскім “Азотам”, гомельскім хімічным заводам, полацкім “Нафтанам”, наваполацкім “Палімірам”.

“Аднак апошнім часам перамовы па дадзеных праектах, можна сказаць, прыпыненыя. Прынамсі, мы ня бачым нейкіх новых ініцыятываў з боку гэтых расейскіх кампаніяў. Працэс затармазіўся”, — паведамляе агенцыя ПРАЙМ-ТАСС са спасылкай на ананімную крыніцу ў органах дзяржкіраваньня Беларусі. Гэтая ж крыніца называе і прычыну зацішша — усясьветны фінансавы крызіс.

Кіраўнік управы сувязяў з грамадзкасьцю ў Мінэральнай хімічнай кампаніі “Эўрахім” Уладзімер Торын на просьбу “Радыё Свабода” пракамэнтаваць сытуацыю адзначае:

“Мы не камэнтуем нашы фінансавыя рашэньні. Бо гэта было б няправільным з пункту гледжаньня бізнэсу. Адзінае, што магу сказаць, — што Беларусь для нас зьяўляецца важным, адным са стратэгічных рынкаў”.

Намесьнік дырэктара маскоўскага Інстытуту краінаў СНД Леанід Жарыхін кажа “Свабодзе”, што такія паводзіны расейскіх бізнэсоўцаў цалкам лягічныя. Ён называе замарозку праектаў “разумным прагматызмам”:

“Мы бачым, што робіцца на ўсясьветных рынках. Цэны рэзка зьмяняюцца, у тым ліку і на акцыі асноўных вытворчасьцяў. У гэтых варунках расейскія кампаніі, я думаю, вырашылі пачакаць, пакуль цэны стабілізуюцца на новых пазыцыях. А навошта ж купляць задорага?! Я думаю, калі ўсё стабілізуецца, яны ўзновяць перамовы”.

Былы міністар зьнешнеэканамічных сувязяў Беларусі Міхаіл Марыніч лічыць, што ўсясьветны фінансавы крызіс стаў для расейскіх алігархаў выдатнай нагодай купіць беларускі нафтахімпрам за бесцань. Спадар Марыніч лічыць, што расейцы спэцыяльна ўзялі паўзу, каб зьнізіць кошты беларускіх прадпрыемстваў:

“Атрыманьне двухмільярднага расейскага крэдыту Беларусьсю дае права расейскай уладзе разам зь бізнэсам банкрутаваць беларускія прадпрыемствы. У тым ліку і нафтахіміі. Яны давядуць справу да выгадных для сябе коштаў, а беларускія чыноўнікі атрымаюць свае адкаты. Мне падаецца, што тут болей зьвязана з намерам зрабіць беларускую нацыянальную ўласнасьць таньнейшай.

Тое, што цікавасьць да беларускай нафты і хіміі ў расейцаў ёсьць, гэта, безумоўна, факт. І сёньня беларускаму ўраду і чыноўнікам далі прынаду”.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках