15 лiстапада 2024, Пятніца, 7:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія СМІ: Лукашэнка працягвае гандлявацца з Масквой

6

Беларусь звярнулася да Міжнароднага валютнага фонду з просьбай аб крэдыце на 2 мільярды даляраў. Раней Расея абяцала вылучыць Менску сапраўды такі жа крэдыт. Масква і Лукашэнка працягваюць гандлявацца аб кошце прызнання Менскам Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, лічаць эксперты.

Аб тым, што ўрад і Нацыянальны банк Беларусі некалькі дзён таму звярнуліся ў Міжнародны валютны фонд (МВФ) з просьбай аб прадастаўленні крэдыта на $2 млрд, у сераду распавёў начальнік упраўлення інфармацыі Нацбанка Анатоль Драздоў, піша расейская «Газета.Ru».

Прычынай звароту Менска ў МВФ Драздоў назваў «стварэнне падушкі бяспекі». Пры гэтым улады Беларусі працягваюць запэўніваць насельніцтва, што сусветны фінансавы крызіс не павінен закрануць Менск.

Тым не менш, прыкметы крызісу ў Беларусі ў наяўнасці. Урад падняў свой інфляцыйны прагноз на 2008 год з 8,5-9,5% да 14%. Агульны статутны фонд банкаў на 1 ліпеня 2008 года ўраўноўваўся каля $2,5 млрд.

Як ужо паведамляў прэс-цэнтр Хартыі’97, дырэктар Інстытута эканомікі Акадэміі навук Беларусі Пётр Нікіценка лічыць, што гэтых сродкаў банкаўскай сістэме ва ўмовах крызісу можа не хапіць. «У выніку можа паўстаць крызіс неплацяжоў, абавязкі банкаў перад сваімі контрагентамі, праблемы з наяўнасцю грошай», - заявіў Нікіценка.

Золатавалютныя рэзервы Беларусі ўпалі ў верасні з $5,6 млрд да $4,9 млрд, пры тым што знешняя пазыка Менска складае $14 млрд.

Беларусь папрасіла грошай у МВФ неўзабаве пасля згоды Расеі прадаставіць Менску аналагічны крэдыт у $2 млрд. Напярэдадні міністр фінансаў Аляксей Кудрын заявіў, што Расея на мінулым тыдні ўсёткі прыняла рашэнне прадаставіць Менску $1 млрд ужо ў бягучым годзе, а яшчэ $1 млрд – у 2009 годзе. Гэтыя грошы, як чакаецца, пойдуць на падтрымку гандлёвага і аплатнага балансу краіны.

Па меркаванні сябра Асацыяцыі палітычных экспертаў і кансультантаў Кірыла Коктыша, крэдыт ад МВФ, па задуме Лукашэнкі, павінен ліквідаваць «касавы разрыў», які паўстаў з-за таго, што Расея вырашыла прадаставіць палову крэдыту толькі ў наступным годзе. «Адзін мільярд – гэта сума, дзякуючы якой можна казаць толькі аб выжыванні, але не аб развіцці», – заявіў Коктыш «Газеце.Ru». «У Беларусі ёсць рэальныя складанасці, з якімі сутыкаецца сацыялістычная эканоміка ва ўмовах крызісу. Дыверсіфікаванне крыніц крэдытаў – нармальная практыка, лішнімі грошы не бываюць», – сказаў дырэктар Цэнтра па вывучэнні палітычных працэсаў у СНД пры МДУ Аляксей Уласаў.

Коктыш лічыць, што зварот Беларусі да МВФ можа быць часткай гандлю паміж Менскай і Масквой.

«Я думаю, што гэта вынік таго, што Лукашэнка не прызнаў Паўднёвую Асецію і Абхазію, хаця абяцаў. Паколькі гэтае пытанне падвешанае, то і Расея падвесіла пытанне з крэдытам. Расея не зацікаўленая ў дэстабілізацыі беларускай эканомікі і адмыслова вылучыла суму, пры якой не будзе абвалу, але і недахоп грошай Менск адчуў бы», – сказаў Коктыш.

У той жа час Расею можа збянтэжыць, што на словах сяброўская Маскве дзяржава мае намер узяць крэдыт у МВФ, хаця адмова ад знешніх запазычанняў з'яўляецца адным з галоўных дасягненняў кіравання Ўладзіміра Пуціна. «Пуціна наўрад ці нешта можа збянтэжыць. Пытанне ў тым, ці зробіць Крэмль выгляд, што верыць Лукашэнку, або ўстане ў позу. Цяпер не тая сітуацыя, каб з кімсьці бадацца, але ў «памятную кніжачку», вядома, гэты крок будзе запісаны. У патрэбны момант Лукашэнку гэта ўзгадаюць», – разважае Ўласаў.

Летам мінулага года, калі Беларусь не да канца расплацілася за расейскі газ, Расея высунула ўльтыматум, пагражаючы скараціць газавыя пастаўкі. Беларусь пачала выплаты ў апошні момант, матывуючы затрымку тым, што сродкі ($460 млн) прыйдзецца браць з дзяржрэзерва, што, па словах Лукашэнкі, яго «аголіць». Менавіта тады паўстала пытанне аб крэдыце з боку Расеі ў памеры $1,5–2 млрд.

МВФ даўно не ў сяброўстве з Беларуссю. У 90-х гадах пачалося вылучэнне $270 млн, аднак было перапыненае ў сувязі з невыкананнем Беларуссю рэкамендацый фонду па рэформах.

Пасля таго, як у Беларусі выпусцілі на волю некалькі выбітных палітвязняў, у ЕЗ загаварылі аб магчымай адмене санкцый у адносінах беларускага кіраўніцтва. На мінулым тыдні ЕЗ, сапраўды, прыпыніў забарону на ўезд Лукашэнкі і шэрагу іншых высокапастаўленых чыноўнікаў у краіны ЕЗ. Праўда, пры гэтым банкаўскія рахункі беларускіх чыноўнікаў у Еўропе застаюцца замарожанымі.

Канчаткова распаліць лёд у адносінах Менска з Захадам не змаглі і “парламенцкія выбары”, якія прайшлі ў краіне. Ні адзін апазіцыянер у парламент не трапіў, а выбары былі прызнаныя назіральнікамі АБСЕ як не адпавядаючыя міжнародным стандартам. ЗША гатовыя змякчыць санкцыі ў адносінах Менска, толькі калі ўлады распачнуць крокі па паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека і развіцці грамадзянскай супольнасці.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках