14 лiстапада 2024, Чацвер, 5:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэктар ЭГУ: «Не было ніякіх прапановаў вяртацца ў Беларусь»

8

Рэктар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту абвяргае інфармацыю, што беларускія ўлады прапаноўваюць ЭГУ вярнуцца ў Беларусь.

Інфармацыю аб тым, што ЭГУ нібыта прапанавалі вярнуцца ў Беларусь, прэс-цэнтру Хартыя'97 паведаміў кіраўнік «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін, які, у сваю чаргу, спасылаецца на супрацоўнікаў ЭГУ.

«Гэта адзін з крокаў адміністрацыі Лукашэнкі па прыцягненьні зьнешніх інвэстыцый і крэдытаў МВФ. Паколькі ўнівэрсытэт у выгнаньні псаваў рэпутацыю ўладаў, то, думаю, гэта адзін з пунктаў пляна лорда Бэла. Гэта плястычная апэрацыя па паляпшэньні зьнешнасьці аўтарытарнага рэжыму. ЭГУ становіцца разьменнай манэтай», — лічыць М.Халезін.

Рэктар ЭГУ Анатоль Міхайлаў быў катэгарычны:

«Я зь вельмі вялікім зьдзіўленьнем азнаёміўся з выказваньнямі Халезіна. Апроч таго, што гэта поўны абсурд мне нават няма чаго сказаць. Ніхто са мной не выходзіў на падобныя перамовы, не было ніякіх прапановаў.

Яшчэ хачу заўважыць. Па-першае, Халезін спасылаецца на нейкіх «супрацоўнікаў унівэрсытэту». Цікава, чаму яны гавораць ад імя ўладаў? Хто ім даваў такое права? Па-другое, рэжысёр кажа пра тое, што рэктар Міхайлаў з радасьцю прыме такую прапанову. Зноў жа, адкуль такія вывады? На якой аснове ён можа заяўляць пра такое, калі нават не размаўляў са мной. Нічога, апроч шкоды, такія заявы не прыносяць», -- заявіў рэктар ЭГУ ў інтэрв’ю “Нашай Ніве”.

Дык ці не выключае рэктар, што ўлады ўсё ж могуць зьвярнуцца да яго з такой прапановай?

«Пытаньне ЭГУ было закранутае ў рэзалюцыі Эўрапарлямэнту па Беларусі. Вяртаньне магчымае пры паляпшэньні ўмоваў унутры краіны. Прабачце, куды нам вяртацца сёньня? Вяртацца для таго, каб уводзіць пасаду намесьніка рэктара па ідэалёгіі?», -- заявіў Міхайлаў.

Нагадаем, што Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт быў закрыты летам 2004 году. Ад 2005 году ВНУ перабралася ў Літву. Навучаньне вядзецца па бакаляўрскай і магістарскай ступенях, на дзённай і завочнай формах. Штогод у ЭГУ навучаецца больш за 1500 чалавек. Дыплёмы ўнівэрсытэту прызнаюцца ў Эўрасаюзе.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках