28 снежня 2024, Субота, 4:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Перамены ў Беларусі магчымыя толькі пасля правядзення сапраўды свабодных выбараў (Фота, відэа)

14
Перамены ў Беларусі магчымыя толькі пасля правядзення сапраўды свабодных выбараў (Фота, відэа)

Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі ў Менску заявілі лідэры беларускай апазіцыі Андрэй Саннікаў, Лявон Баршчэўскі, Віктар Івашкевіч і Зміцер Дашкевіч. Вынікі «парламенцкіх выбараў», якія адбыліся, былі сфальсіфікаваныя, яўка выбаршчыкаў завышаная ўладамі ў некалькі разоў. У Беларусі адбыўся сапраўдны народны байкот выбарчага фарсу.

Лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі пачаў прэс-канферэнцыю з аналіза «выбарчай кампаніі», якая прайшла. Палітык быў дастаткова самакрытычны:

«Цяпер мы аналізуем сітуацыю таго, што адбылося. Кампанія па выбарах у «палату прадстаўнікоў», якая праходзіла ў апошні час, пацвердзіла відавочныя рэчы. У Беларусі няма «парламента» як вышэйшага заканадаўчага органа краіны, праведзеная кампанія была нічым іншым як выбарчым фарсам, у якім, акрамя ўсяго іншага, адсутнічаў такі кампанент, як справядлівы падлік галасоў. Нашая віна ў тым, што нашая партыя не змагла абараніць сваю палітычную пазіцыю. Грамадства лепш за нас убачыла бездапаможнасць і непатрэбнасць такога органа, як «палата прадстаўнікоў». Аналіз звестак, якія паступілі ад незалежных назіральнікаў са ўсёй краіны, сведчыць аб тым, што большасць нашага насельніцтва была гатовая праігнараваць гэтыя «выбары». На вялікай колькасці выбарчых участкаў так яно і адбылося, нават нягледзячы на адчайныя спробы ўладаў загнаць выбаршчыкаў на датэрміновае галасаванне. Сведчанні назіральнікаў кажуць аб тым, што яўка была вельмі і вельмі сумнеўнай. Грамадства сказала ўладзе і апазіцыі - не патрэбныя нам вашыя такія «выбары», і нашая задача была ўлавіць гэты настрой у грамадстве, зрабіць рашучы крок.

Яўка выбаршчыкаў была бы яшчэ меншай, калі б прадстаўнікі дэмакратычных сіл выкарысталі сваё права зняць кандыдатуры, пасля таго як улады адмовілі абсалютнай большасці апазіцыянераў у праве працаваць ва ўчастковых камісіях. Правільным было б адмовіцца ад удзелу ў гэтай так званай «выбарчай кампаніі». Нажаль, гэтага не адбылося. Палітычную адказнасць за гэта нясуць лідэры палітычных партый, у першую чаргу Партыя БНФ. Мы паддаліся знешняму і ўнутрапартыйнаму ціску і не змаглі паказаць неабходнай палітычнай волі. Адмоўную ролю пры гэтым сыграў і кіраўнік руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, які нікім не ўпаўнаважаны ацэньваць ступень выканання вядомых 12 умоваў Еўразвяза і заклікаць скараціць іх колькасць», -- заявіў лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі.

Палітык заклікаў дэмакратычныя сілы засяродзіцца на барацьбе за правядзенне ў краіне сапраўды свабодных і справядлівых «выбараў»:

«Дэмакратычныя сілы абавязаныя засяродзіцца на тым, каб, выкарыстоўваючы міжнародны і ўнутраны ціск, дамагацца неабходных зменаў ў выбарчым заканадаўстве: адмены датэрміновага галасавання, увядзення дэмакратычных прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў, паўсюднае выкарыстанне празрыстых урн для галасавання, здыманне палітычных абмежаванняў на дзейнасць апазіцыйных СМІ. Хачу падкрэсліць, што ў гэтым пункце, я меў працяглую гутарку з Зяноном Пазняком, і ён таксама адстойвае такую пазіцыю. У сувязі з гэтым хачу адмежавацца і ад заявы кіраўніка Партыі камуністаў Беларускай Сяргея Калякіна, які як капітулянт заяўляе, што прэзідэнцкія выбары, хутчэй за ўсё, адбудуцца пры такіх жа ўмовах, як гэтыя. Гэтага дапушчаць нельга. Трэба змагацца», -- заявіў Лявон Баршчэўскі.

Палітык адзначыў, што ў хуткім часе Партыя БНФ мае намер мабілізаваць шырокія сілы на правядзенне мемарыяльнай акцыі «Дзяды». Ужо дасягнутая дамоўленасць з Зяном Пазняком аб сумесным правядзенні акцыі.

Лідэр «Маладога Фронта» Зміцер Дашкевіч крытычна ацаніў намер палітычных партый удзельнічаць у «парламенцкіх выбарах» да канца і заявіў, што абвешчаная імі мэта – дайсці да выбаршчыкаў – не была дасягнутая.

«Шматлікія лідэры дэмакратычнага руху, якія агітавалі ісці ў выбарчай кампаніі да канца, паказалі сябе людзьмі, якія слаба дасведчаныя ў беларускай рэчаіснасці. Напачатку мы мелі адзіны спіс са 110 кандыдатаў, планавалася, што дэмакратычныя сілы могуць на кожнай акрузе стаць для ўладаў альтэрнатывай. І што мы бачым у выніку? Пасля збору подпісаў «голымі» засталіся 15 акругаў, пасля рэгістрацыі – «голымі» засталіся 30-35 акругаў. Дэмакратычныя сілы, што ўдзельнічалі ў «выбарах», змаглі пакрыць толькі 2/3 акругаў. Я думаю, што лідэрам партый, якія заклікалі ісці да канца, трэба больш крытычна падыходзіць да ацэнкі сваіх дзеянняў. Выбарчая кампанія, той фарс, у якім яны ўдзельнічалі, не атрымалася. І той галоўны аргумент, які яны выстаўлялі супраць кампаніі байкота – давайце пойдзем да выбаршчыкаў – не быў выкананы. Да беларускіх выбаршчыкаў яны не дайшлі. Была праведзеная намінальная кампанія, было больш самарэкламы асобных кандыдатаў», -- адзначыў Зміцер Дашкевіч.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч перасцярог Захад ад прызнавання новай беларускай «палаткі»:

«Непрызнанне «палаты» - яшчэ не вырашанае канчаткова. Гэта праблема для беларускай грамадскай супольнасці, таму што прызнанне «палаты» можа прывесці да таго, што словы Лукашэнкі аб тым, што апазіцыі жыць засталося ад некалькіх месяцаў да года, і яна знікне, з фігуральнага значэння можа перайсці ў фактычнае. Так, як гэта было сказана па адносінах да Ганчара і па адносінах да Завадскага. Прызнанне «палаты» можа перавесці гэтую пагрозу ў фактычнае выкананне і будзе разгледжанае Лукашэнкай як карт-бланш для ягонай дзейнасці па знішчэнні апазіцыі і яе знікнення фізічна. Я думаю, што трэба давесці да нашых партнёраў з дэмакратычных краін, што гэтая гульня з дыктатарам можа каштаваць не толькі прэстыжа, але і жыцця шматлікім людзям у Беларусі», -- адзначыў Віктар Івашкевіч.

Лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў заявіў, што сёння можна абаснавана казаць аб тым, што беларускія выбаршчыкі байкатавалі так званыя «парламенцкія выбары».

«Я хацеў бы падзякаваць удзельнікам кампаніі «Байкот», таму што рэпрэсіі супраць іх былі яшчэ больш жорсткімі, чым супраць кандыдатаў у дэпутаты. Мы можам абаснавана сказаць, што байкот у краіне адбыўся, яўкі не было. Аб гэтым сведчуць і дадзеныя назіральнікаў, і самі кандыдаты ў дэпутаты, і лідэры апазіцыі, у тым ліку і Сяргей Калякін, і Анатоль Лябедзька. Мы ведаем, што, напрыклад, у Гомелі, дзе адбывалася добрае назіранне, заявілі, што «выбары» не адбыліся, не было яўкі. Аб гэтым жа казаў Зянон Пазняк -- у КХП БНФ былі назіральнікі за «выбарамі». І таму можна сказаць, што грамадскасць не цікавілася гэтымі «выбарамі» і ідэя байкота адразу жыла ў грамадстве», -- адзначыў палітык.

Андрэй Саннікаў звярнуў увагу на тое, што адной з галоўных мэт байкоту была неабходнасць не дапусціць прызнання гэтых «выбараў» міжнароднай супольнасцю.

«Тое, што адбылося засведчыла яшчэ раз, што рэжым не змяніўся, нягледзячы на свае абяцанні, і адной з мэт байкоту, неўдзелу ў «выбарах» было і застаецца непрызнанне гэтых «выбараў». Чаму гэта цяпер вельмі важна? Таму што пад прызнанне рыхтуецца дыктатарская прыватызацыя, таму што ў ЕЗ, на Захадзе і Ўсходзе ёсць амаральныя бізнэс-кругі, якія зацікаўленыя ў тым, каб прыватызацыя ў Беларусі адбывалася на карысць іх інтэрасаў. Гэтага мы не можам дазволіць і пра гэта трэба казаць цвёрда і рашуча: ніякія вынікі наступнай прыватызацыі не будуць прызнаныя. І мы будзем рабіць усё, каб не было гэтага прызнання», -- адзначыў лідэр «Еўрапейскай Беларусі» .

Сёння, па словах Саннікава, таксама неабходна дамагацца змен умоваў правядзення ў Беларусі выбараў.

«Мы павіння дамагацца змен умоваў правядзення выбараў. Тое, што называюць датэрміновым галасаваннем, наогул нельга лічыць галасаваннем, таму што галасаванне - гэтае добраахвотнае волевыяўленне грамадзян. А як можна называць добраахвотным волевыяўленнем прымус, адміністрацыйны ціск на выбаршчыкаў? Асноўная мэта, задача і праца палітычных партый, грамадзянскай супольнасці павінная канцэнтравацца менавіта на змене ўмоваў правядзення выбараў. Таму што без сапраўды свабодных і дэмакратычных выбараў нічога ў краіне не будзе адбывацца. Трэба дамагацца менавіта свабодных выбараў», -- адзначыў палітык.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках