15 лiстапада 2024, Пятніца, 8:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На беларускія прадпрыемствы могуць вярнуцца затрымкі заробку

З-за ўзмацнення жорсткасці патрабаванняў банкаў прадпрыемствы могуць пачаць затрымоўваць выплаты працоўным.

На мінулым тыдні супрацоўнікі шклозавода «Нёман» страйкавалі з-за затрымкі заробку і ў выніку змаглі дамагчыся свайго - грошы пачалі пераводзіць праз некалькі гадзін пасля пачатку мітынгу, прыкладна такая інфармацыя з'явілася ў СМІ некалькі дзён таму.

- Ніякага страйку не было, на заводзе ўсё спакойна і грошы працоўныя атрымалі па графіку, хіба што з самай малой затрымкай, - заявілі «КП в Беларуси» у адміністрацыі завода.

Прычыны гэтай «самай малой затрымкі» на «Нёмане» не назвалі. Магчыма, гэта адбылося з-за таго, што раней для выплаты заробку завод браў у банку крэдыты, а ў кастрычніку паспрабаваў абыйсціся ўласнымі сіламі - ці то грошай не бралі, ці то іх не далі…

Нават калі справы ідуць добра, часам да дня заробку грошай на ўсіх супрацоўнікаў кампаніі можа не хапіць, і тады прыходзіцца браць крэдыт на кароткі тэрмін. Сёння крэдыт каштуе дорага, і атрымаць яго няпроста. Таму беларускія прадпрыемствы, якім грошы на заробак прыходзіцца займаць, неўзабаве могуць сутыкнуцца з абуранымі працаўнікамі.

Працоўным буйных беларускіх заводаў – МАЗа, МТЗ, БМЗ – турбавацца раней часу не варта, упэўнены Аляксандр ЧУБРЫК, эканаміст Даследчага цэнтра Інстытута прыватызацыі і менеджмента:

- Для іх грошы заўсёды знойдуцца, ды і няма пакуль падставаў лічыць, што ў гэтых заводаў будуць праблемы з грашыма. Хвалявацца трэба працаўнікам менш буйных, як правіла, горадаўтваральных, прадпрыемстваў. Яны, па меркаванні Чубрыка, не адрозніваюцца эфектыўным вядзеннем бізнэсу. А гэта сур'ёзная падстава для таго, каб банк, якому патрэбныя толькі надзейныя кліенты, адмовіў у крэдыце.

- Сусветную эканоміку чакае спад вытворчасці, які можа закрануць і Беларусь, асабліва прадпрыемствы, якія пастаўляюць прадукцыю на экспарт, - лічыць старшыня Асацыяцыі беларускіх банкаў Фелікс Чарняўскі. – Гэта значыць, што ў такога прадпрыемства могуць паўстаць праблемы. Ці выдасць банк крэдыт праблемнаму прадпрыемству? Вядома, калі кліент вельмі надзейны, і банк гатовы паверыць яму, то грошы яму дадуць. Але, хутчэй за ўсё, колькасць адмоваў узрасце.

Адмова ў крэдыце для праблемнага прадпрыемства будзе азначаць, што дырэктару не толькі прыйдзецца тлумачыцца з працаўнікамі. Няма крэдытных грошай на развіццё бізнэсу – няма росту вытворчасці, а значыць, наперадзе сур'ёзныя праблемы. І калі радавыя супрацоўнікі яшчэ могуць разлічваць на падтрымку з боку дзяржавы, то прадпрыемствам у цэлым, хутчэй за ўсё, прыйдзецца выкручвацца самім.

У апошні раз сур'ёзныя праблемы з выдачай заробку беларускія прадпрыемствы мелі летам 2001 года. На МАЗе і МТЗ затрымалі заробак на месяц. На іншых заводах, напрыклад, Магілёўскім машынабудаўнічым заводзе, - на тры месяцы. Агульны памер доўгу па заробку ў прамысловым сектары складаў больш за 2,5 млрд рублёў. У пошуку грошай заводы былі вымушаныя браць крэдыты пад высокія адсоткі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках