15 лiстапада 2024, Пятніца, 7:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міліцыянтам, «якія жывуць у нястачы», вярнулі бясплатны праезд і падвысяць зарплату

41

Міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў падпісаў пастанову, якая фактычна вяртае супрацоўнікам органаў унутраных справаў і ўнутраных войскаў МУС страчаныя летась ільготы. Гаворка вядзецца аб бясплатным праездзе ва ўсіх відах гарадскога і прыгараднага транспарта грамадскага карыстання.

Дакумент, падпісаны міністрам, завецца «Аб парадку набыцця і выкарыстання ў ворганах унутраных справаў Рэспублікі Беларусь і ўнутраных войсках Міністэрства ўнутраных справаў РБ праязных білетаў на праезд на усіх відах гарадскога (прыгараднага) транспарта грамадскага карыстання (акрамя таксі)». У панядзелак, 6 кастрычніка, гэты дакумент быў зарэгістраваны ў Нацыянальным рэестры прававых актаў. Але, нягледзячы на тое, што яму быў дадзены законны ход, супрацоўнікам органаў унутраных справаў ён пакуль не быў даведзены.

«Я яшчэ не азнаёміўся з гэтым загадам. Як бачыце, вы раней за мяне даведваецеся, што ён ужо ўступіў у сілу, з сваіх крыніцаў», - паскардзіўся «Ежедневнику» начальнік прэс-службы МУС Алег Слепчанка.

«Але я думаю, што нічога новага там няма, акрамя таго, пра што я і раней казаў. Ёсць катэгорыі супрацоўнікаў, якім проста неабходна рэгулярна перасоўвацца па горадзе. А спецыфіка некаторых падраздзяленняў мае на ўвазе рух менавіта на грамадскім транспарце. У першую чаргу гэта датычыць аператыўных работнікаў. Ім і будуць набывацца праязныя перш за ўсё. А па неабходнасці і ўсім астатнім», - нагадаў начальнік прэс-службы МУС.

Спасылаючыся на тое, што гэтая пастанова пакуль у прэс-службу з сакратарыята не паступіла, Алег Слепчанка адмовіўся больш падрабязна патлумачыць, каму будуць выдаваць праязныя ва ўнутраных войсках і ці будзе гэтае распараджэнне датычыць адстаўнікоў і ветэранаў МУС.

Не захацеў ён абмяркоўваць і інфармацыю, якая стала вядомай «Ежедневнику», аб тым, што ўжо ў лістападзе ўсіх супрацоўнікаў МУС чакае падвышэнне зарабатнай платы. Дакладней, так званых выплатаў за званне. Адпаведны дакумент ужо накіраваны на разгляд у Савет Міністраў.

«Такая інфармацыя ў нас ёсць. Аб гэтым ішла гаворка і ў цэнтральным апараце. І на месцах кіраўніцтва казала аб тым, што будзе павелічэнне зарабатнай платы. І я бачыў дакументы на гэтую тэму, якія абмяркоўваліся ў інтэрнэце. Але нічога канкрэтнага, напрыклад, наколькі павялічыцца зарплата ў лейтэнанта, сказаць не магу. Бо дакумент яшчэ не падпісаны, і ўсё можа змяніцца ў апошні момант», - прызнаў Алег Слепчанка.

Калі павелічэнне зарплаты супрацоўнікам МУС адбываецца за кошт бюджэту краіны і залежыць ад рашэння Саўміна, дык набыццё для супрацоўнікаў праязных квіткоў прынятае на ўзроўні міністэрства, таму ўсе фінансавыя пытанні, з гэтым звязаныя, кладуцца на плечы МУС. Закон «Аб ільготах» ніхто не адмяняў. Аднак ніхто і не забараняў розным міністэрствам і ведамствам самастойна клапаціцца аб сваіх супрацоўніках. Іншая справа, што не ўсё ведамствы маюць на гэта сродкі. Ці магчымасць іх атрымаць.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках