16 лiстапада 2024, Субота, 22:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маладых спецыялістаў «размяркоўваюць» без жытла й добрай працы

9

Выпускнікі бюджэтных аддзяленьняў беларускіх вну абавязаныя працаваць па месцы разьмеркаваньня. Але там былых студэнтаў чакаюць жорсткія выпрабаваньні.

Бюджэтнік, які не зьяўляецца па месцы разьмеркаваньня, згодна зь беларускім заканадаўствам павінен вярнуць дзяржаве затрачаныя на сваё навучаньне сродкі. У адваротным выпадку прыцягваецца да судовай адказнасьці.

Выпускніца Ірына пасьля сканчэньня Слонімскай мэдычнай вучэльні паехала па разьмеркаваньні ў вёску за 50 кілямэтраў. Адразу ж давялося сутыкнуцца з тым, што яе не змаглі забясьпечыць жыльлём як маладога спэцыяліста.

“Жыльля мне не прадставілі, хаця павінны былі гэта зрабіць, і я здымала пакойчык у бабулі без усякіх выгодаў. Ільготаў ніякіх не было, адзінае даплачвалі за тое, што працавала на вёсцы”, - кажа Ірына ў інтэрв’ю “Радыё Свабода”.

Акрамя таго, на вёсцы малады спецыяліст ня мае шансаў прафэсыйна разьвіцца.

“Практыкі як такой у сельскай мясцовасьці не набярэсься, паколькі ніхто там гэтага ня хоча. Вось у прымусовым парадку праводзілі жаночы агляд, нават даводзілася па хатах хадзіць з усімі мэдычнымі інструмэнтамі”, - тлумачыць Ірына.

Яна адпрацавала ў сельскай амбуляторыі два гады і вярнулася назад у горад. Думала, здолее тут уладкавацца, аднак ёй ізноў прапанавалі ехаць толькі на вёску. Яна адмовілася й зьмяніла прафэсію.

Алена сёлета скончыла эканамічны факультэт Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы. Яна з жахам узгадвае: каб атрымаць нібыта разьмеркаваньне, іх прымушалі хадзіць па прадпрыемствах і самім шукаць месца працы, прыносіць адтуль адпаведныя паперы.

“І калі ўжо было непасрэдна само разьмеркаваньне, дэкан факультэту прадстаўляў нас камісіі і казаў: такая вось студэнтка разьмяркоўваецца ў такое вось месца. Ён пытаўся ў нас: “Вы згодны?” А што студэнт мог адказаць, калі ён сам прынёс гэтую паперку...”, - зьдзіўляецца Алена.

Зь ейных словаў, месца даводзілася шукаць праз знаёмых і блізкіх. Калі адна з студэнтак прыйшла і заявіла дэкану, што нічога не атрымліваецца, “блату” няма, паўсюль адмаўляюць, то ў дэканаце адразу ж паведамілі – маўляў, гэта Вашыя праблемы.

“…А дэкан ёй на гэта гаворыць: “А што вы думаеце, гэта мой абавязак вас разьмяркоўваць?” - распавядае Алена.

Яна, як і многія ейныя аднакурсьніцы, працуе не па спэцыяльнасьці, не карыстаецца ніякімі ільготамі маладога спэцыяліста, але вымушаная два гады адпрацаваць, таму і разьмеркаваньне ўзгадвае зь непрыемнасьцю. Алена марыць аб тым, што праз два гады пакіне гэтую працу і паспрабуе ўладкавацца куды-небудзь эканамістам, паколькі ёй усё ж падабаецца ейная прафэсія.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках