14 лiстапада 2024, Чацвер, 6:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падазраваны ў выкраданнях лідэраў апазіцыі пайшоў на падвышэнне

25

Палкоўнік Дзмітрый Паўлічэнка прызначаны намеснікам камандзіра корпуса аховы грамадскага парадку ўнутраных войскаў МУС па баявой падрыхтоўцы.

Як паведамляе «Народная воля», загад аб прызначэнні Паўлічэнкі на новую пасаду падпісаў міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў.

Новая пасада фармальна з'яўляецца больш высокай, чым камандзір брыгады.

Як паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў, літаральна на днях у брыгадзе, якой раней камандаваў палкоўнік, Паўлічэнка па традыцыі «развітаўся з асабістым складам брыгады і баявым сцягам».

Як атрымалася даведацца «Народнай волі», у новыя абавязкі Дзмітрыя Паўлічэнкі ўваходзіць арганізацыя падрыхтоўкі міліцэйскіх частак па пытаннях баявой службы і выхаваўчая праца з асабістым складам. Ён падпарадкоўваецца начальніку -- камандзіру корпуса палкоўніку Васілю Аляксеенке.

Новае працоўнае месца Паўлічэнкі знаходзіцца ў Менску на вуліцы Прылуцкай.

З асабістай справы

У канцы 1999 года Паўлічэнка прызначаны камандзірам Трэцяй асобнай Чырванасцяжнай брыгады ўнутраных войскаў МУС (в/ 3214, Уручча, Менск).

У кастрычніку 2008 года Паўлічэнка рашэннем міністра ўнутраных спраў адхілены ад пасады камбрыга і пераведзены ў распараджэнне камандуючага ўнутраных войскаў.

У рапарце экс-начальніка Крымінальнай міліцыі МУС генерала Мікалая Лапаціка пад грыфам «Цалкам сакрэтна» напісана, што «…Шэйман В.У. (былы сакратар Савбяса Беларусі – заўв. Хартыі’97) даў указанне Паўлючэнку (арфаграфія аўтара захаваная. – М.К.) фізічна знішчыць былога міністра ўнутраных спраў Захаранку Ю.М. Інфармацыйнае забеспячэнне месцазнаходжання Захаранкі для дзеянняў Паўлючэнкі было забяспечанае спецпадпаддзяленнем Васільчанкі Н.У., заданне на якое яму таксама даў Шэйман В.У. праз сваіх супрацоўнікаў. Акцыя захопу і наступнага знішчэння Захаранкі была здзейсненая Паўлючэнкам, камандзірам роты СОБРа, і камандзірам 1-й роты спецназа і чатырма ягонымі байцамі. 8 мая 1999 года пісталет Паўлючэнка здаў Алкаеву. Па аналагічнай камбінацыі 16 верасня 1999 года Паўлючэнка правёў акцыю захопу і знішчэння Ганчара В.І. і Красоўскага А.С. Месца пахавання трупаў Захаранкі Ю.М., Ганчара В.І., Красоўскага А.С. спецучастак апошніх магіл на Паўночных могілках».

Некаторы час таму ў прэсу патрапіла пастанова аб прэвентыўным затрыманні Паўлічэнкі за подпісам экс-кіраўніка КДБ Уладзіміра Мацкевіча. У дакуменце напісана: «У матэрыялах аператыўнай распрацоўкі маюцца пэўныя дадзеныя аб тым, што Паўлічэнка Дзмітрый Валеравіч з'яўляецца арганізатарам і кіраўніком злачыннай групы, якая займаецца выкраданнямі і фізічным знішчэннем грамадзян. У прыватнасці, злачынная група, што кіруецца Паўлічэнкам Д.В., датычная да забойства 5 жніўня 2000 г. Самойлава Г.У., лідэра незарэгістраванай Беларускай рэгіянальнай арганізацыі "РНЕ", а таксама да забойстваў іншых асоб».

Аднак Палічэнка быў адпушчаны з СІЗА КДБ па асабістым загадзе А.Лукашэнкі. Выйдучы з СІЗА, Палічэнка перад тэлекамерамі заявіў, што «гатовы выканаць любы загад прэзідэнта».

Дзмітрыя Палічэнку падазраюць у дачыненні да гвалтоўных знішчэнняў і выкраданняў экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, палітыка Віктара Ганчара, бізнэсмэна Анатоля Красоўскага і журналіста Зміцера Завадскага.

Яму забаронены ўезд у ЗША і краіны Еўразвяза.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках