15 лiстапада 2024, Пятніца, 9:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады ўвялі поўную забарону на аздараўленне дзяцей у краінах Еўразвяза

27

Еўрапейскія палітыкі лічаць прынятае беларускімі ўладамі рашэнне ірацыянальным і нялюдскім.

Урад Беларусі прыняў поўную забарону на аздараўленне ў еўрапейскіх краінах па праграме «Дзеці Чарнобыля». У сувязі з гэтым сябра ірландскай партыі Fine Gael і па сумяшчальніцтве сябра Еўрапейскага Парламента Джым Хігінс збіраецца падняць пытанне аб вылучанай забароне ў Еўрапарламенце, паведамляе «Ежедневник» са спасылкай на прэс-службу партыі Fine Gael.

«Гэтае рашэнне прагучала для нас як гром сярод яснага неба. Не было ніякага афіцыйнага тлумачэння забароны ад беларускіх чыноўнікаў. Гэта не толькі вялікая няўдача для сотняў маленькіх чарнобыльскіх дзяцей, якія думалі, што паедуць на калядныя вакацыі ў Ірландыю або іншыя краіны Еўразвяза. Гэтая падзея выклікала вялікае расчараванне ў тых сем'ях і грамадскіх арганізацыях, якія рыхтаваліся прыняць дзяцей і падлеткаў», - сказаў ён, каментуючы рашэнне беларускіх улад.

Джым Хігінс шануе той ўдзел, якое прымае ў рашэнні дадзенага пытання міністр замежных спраў Ірландыі Майкл Марцін, бо ён робіць усё, што ў ягоных сілах, каб змяніць сітуацыю.

«Я думаю, запатрабуецца калектыўнае галасаванне ўсіх сябраў Еўрапейскага Парламента, каб пераканаць беларускія ўлады змяніць сваё рашэнне. Я ужо вынес гэтае пытанне на разгляд Францыі, што старшынюе ў ЕЗ, і буду прасіць іх міністра замежных спраў накіраваць дэлегацыю з Еўразвяза ў Беларусь, каб выклікаць змену пункту гледжання ўлад, таму што прынятае рашэнне здаецца абсалютна ірацыянальным і нялюдскім», - кажа Джым Хігінс.

Нагадаем, Ірландыя знаходзіцца сярод краін, якія аказваюць найбольш значную гуманітарную дапамогу Рэспубліцы Беларусь, і займае 4-е месца сярод заходнееўрапейскіх дзяржаў па аб'ёме такой дапамогі. У Ірландыі штогод адпачываюць больш чым дзве тысячы беларускіх дзяцей з рэгіёнаў, пацярпелых у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Гуманітарную дапамогу Беларусі рэгулярна аказваюць каля 40 ірландскіх дабрачынных арганізацый. І вось зараз нашы ўлады перарываюць такое плённае супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы без тлумачэння прычын. Гэта можа адбіцца і на адносінах у палітычнай і эканамічнай сферы. Акрамя таго, Беларусь губляе прэстыж у вачах міжнароднай супольнасці.

Праблемай аздараўлення беларускіх дзяцей занепакоеныя і іншыя краіны. Ангельская газета «Паўночнае Рэха» (The Northern Echo) паведамляе, што Дэвід Дод, дырэктар і генеральны менеджэр будаўнічай кампаніі Дарлінгтона, збіраецца зладзіць з гэтай мэтай дабрачынны забег. За 12 месяцаў ён прабяжыць 1168 міль (каля 1900 км).

«Маёй мэтай з'яўляецца збор дастатковай сумы грошай, каб прывезці больш дзяцей у Брытанію для ўзнаўлення здароўя ў 2009 годзе. Паводле маіх падлікаў, паміж Менскам і Дарлінгтоном пралягае 1168 міль. Я паспрабую прабегчы гэтую дыстанцыю да таго, як дзеці прыедуць на летнія вакацыі. Я вельмі хачу дасягнуць сваёй мэты», - тлумачыць Дэвід Дод.

Каб прывезці адно дзіця з чарнобыльскай зоны, трэба выдаткаваць 450 фунтаў стэрлінгаў. Містэр Дод спадзяецца сабраць па меншай меры 1800 фунтаў, каб аплаціць знаходжанне чатырох дзяцей.

Але ці не марнымі будуць прыкладзеныя высілкі ў святле прынятай нядаўна беларускімі чыноўнікамі забароны?

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках