15 лiстапада 2024, Пятніца, 1:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія СМІ: «Крызіс дакаціўся да Беларусі»

14

Урад і Нацбанк Беларусі вымушаныя прызнаць, што сусветны фінансавы крызіс аказвае ўплыў і на беларускую эканоміку, нягледзячы на запэўніванні ў яе ўстойлівасці і стабільнасці.

У канцы мінулага тыдня кіраўнік урада Сяргей Сідорскі заявіў аб неабходнасці скараціць дзяржвыдаткі, а Нацбанк увёў абмежаванні на куплю валюты, нагадвае расейская «Независимая газета».

Сваёй пастановай Нацыянальны банк Беларусі забараніў імпарцёрам купляць замежную валюту на пазабіржавым рынку для авансавання закупаў. У адпаведнасці з дакументам імпартны кантракт можа быць аплочаны толькі пасля атрымання тавара «і прадастаўлення адпаведных дакументаў». Рашэнне Нацбанка прадугледжвае выключэнні з гэтага правіла ў тым выпадку, калі з просьбай аб авансаванні звернецца ўрад краіны.

Акрамя таго, Нацбанк Беларусі ўвёў кантроль любых набыццяў замежнай валюты на пазабіржавым рынку. Так, жадаючы купіць валюту ў банка, прадпрыемствы павінныя прадаставіць звесткі аб кшталце сваёй дзейнасці і мэце куплі валюты. У прэс-рэлізе ўпраўлення інфармацыі Нацбанка рэспублікі падкрэсліваецца, што ў дадзеным выпадку размова ідзе не аб абмежаваннях, а аб маніторынгу: дазволіць ацаніць меркаваны попыт на замежную валюту на ўнутраным валютным рынку, а таксама мэты яе выкарыстання.

Нагадаем, што раней галоўны беларускі банк забараніў астатнім банкам купляць валюту на біржы за кошт сваіх уласных сродкаў, акрамя сумы яе чыстага продажу насельніцтву праз абменныя пункты.

Усе ўводзімыя абмежаванні ў Нацбанку тлумачаць недахопам валюты на ўнутраным рынку. Спецыялісты ведамства не выключаюць увядзення наступных абмежаванняў на закуп валюты.

Акрамя таго, хуткім часам чакаецца прыняцце рашэння аб скарачэнні дзяржвыдаткаў на 5 трлн. беларускіх рублёў (больш за 2,3 млрд. дол.), што складае каля 12% расходнай часткі рэспубліканскага бюджэту. Такую прапанову ўрада падтрымаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён распарадзіўся захаваць у ранейшым аб'ёме толькі фінансаванне праграм аховы здароўя.

У мясцовых назіральнікаў апошнія рашэнні ўрада і Нацбанка выклікаюць неразуменне, адзначае «Независимая газета». З аднаго боку, урад заяўляе аб стабільнасці беларускай эканомікі і адсутнасці ўплыву на яе сусветнага фінансавага крызісу, з іншай – прымае непапулярныя адміністрацыйныя рашэнні. Каментуючы рашэнне аб забароне авансавання імпарту, некаторыя эксперты кажуць аб тым, што яно выкліканае не столькі сусветным фінансавым крызісам, колькі крызісам беларускай эканомікі. Адмоўнае знешнегандлёвае сальда было і да крызісу высокім, што вымушала ўрад уводзіць рознага кшталту абмежаванні імпарту. Забарона на авансаванне імпартных закупаў фактычна спыніць паступленне ў Беларусь імпартных тавараў, якіх там і так засталося мала. Сусветны фінансавы крызіс толькі пагоршыў эканамічную сітуацыю ў Беларусі. У той жа час эксперты негатыўна ацэньваюць дзеянні ўрада па пераадоленні ягоных наступстваў, паколькі яны не носяць сістэмнага і рынкавага характару, а, як і раней, знаходзяцца ў плоскасці адміністравання.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках