9 лiстапада 2024, Субота, 5:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Белсаюздрук» зноў адмаўляе незалежным СМІ

4

Яшчэ дзве недзяржаўныя газеты грамадска-палітычнага кірунку — «Новы час» і «Товарищ» — атрымалі адмовы ад «Белсаюздруку» на просьбу аднавіць іхні распаўсюд праз газетныя кіёскі.

Такім чынам, на сёння ўсе недзяржаўныя грамадска-палітычныя газеты — акрамя «Газеты Слонімскай» — якія сёлета ўвосень звярнуліся да прадпрыемстваў «Саюздруку» з прапановай аднавіць супрацоўніцтва, атрымалі адмоўныя адказы. А «ГС», як паведаміў у гутарцы з прэс-службай БАЖ рэдактар выдання Віктар Валадашчук, чакае адказу на свой зварот ужо больш за месяц.

Рэдакцыя «Товарища» на мінулым тыдні атрымала пісьмовую адмову з «Белпошты» на просьбу распаўсюджваць выданне ў 2009 годзе праз падпіску.

«РУП «Белпошта» лічыць немэтазгодным уключэнне ў падпісны каталог газеты Товарищ», — паведамляецца ў лісце ад 11 лістапада за подпісам гендырэктара прадпрыемства Аляксандры Чарняк.

«Белсаюздрук» падпарадкоўваецца Мінінфармацыі, «Белпошта» – Міністэрству сувязі, але зразумела, што рашэнне адмовіць недзяржаўным газетам у распаўсюдзе прымалася «вышэй» – у Адміністрацыі кіраўніка краіны», — перакананы галоўны рэдактар газеты «Товарищ» Сяргей Вазняк.

«Мы, канешне, знайшлі іншыя шляхі, як трапіць да сваіх чытачоў, але ўсё адно маем намер змагацца за роўныя з дзяржаўнымі газетамі правы існавання. Між тым, з адведзенага Еўразвязам тэрміну «на выпраўленне» для Аляксандра Лукашэнкі месяц ўжо прайшоў. І пакуль ніякіх зрухаў у лепшы бок у сферы СМІ не бачна. А вось гэтыя адмовы «Белпошты» і «Саюздруку» распаўсюджваць недзяржаўныя грамадска-палітычныя выданні сведчаць пра тое, што беларускія ўлады не імкнуцца прадэманстраваць хаця б мінімальную скіраванасць на дэмакратызацыю», - кажа Сяргей Вазняк.

Нагадаем, на сёння пазбаўленыя распаўсюду праз гандлёвую сетку прадпрыемстваў «Саюздруку» рэспубліканскія газеты: «Народная воля», «Наша Ніва», «Товарищ», «Новы час» і рэгіянальныя выданні: «Бобруйский курьер», «Борисовские новости», «Витебский курьер М», «Вольнае Глыбокае», «Газета для Вас» (Івацэвічы), «Газета Слонімская», «Ганцавіцкі час», «Intex-press» (Баранавічы), «Нясвіжскі час».

Не маюць магчымасці патрапіць да чытача праз паштовую падпіску: «Народная воля», «Наша ніва», «Товарищ», «СНплюс. Свободные новости плюс», «Новы час», «Борисовские новости», «Витебский курьер М», «Вольнае Глыбокае», «Газета Слонімская», «Ганцавіцкі час», «Intex-press».

З-за немагчымасці нармальна распаўсюджвацца ў 2008 годзе яшчэ дзве не­залежныя рэгіянальныя газеты — «Ляхавіцкі час» і «Мясцовы час» (Пінск) — былі вымушаныя прыпыніць выхад.

Раней з гэтых сама прычын (а таксама з-за праблемы з друкам у Беларусі) прыпынілі існаванне друкаваныя выданні: «БДГ Деловая газета», «Салідарнасць», «Биржа информации» (Гародня), «Местная газета» (Ваўкавыск), «Химик» (Наваполацак) і некаторыя іншыя выданні.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках