15 лiстапада 2024, Пятніца, 12:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Карумпаваныя судзьдзі застаюцца на пасадах. Есьман будзе судзіць палітвязьня Баразенку

9

Абвінавачаныя Аляксандрам Лукашэнка ў карупцыі судзьдзі па-ранейшаму працуюць, а адзін з іх -- Валеры Есьман -- нават будзе судзіць палітвязьня Аляксандра Баразенку.

14 лістапада пасьля выступу Аляксандра Лукашэнкі на нарадзе, прысьвечанай барацьбе з карупцыяй, звольнілі і распачалі крымінальную справу за злоўжываньне службовым становішчам у дачыненьні да ўжо былых намесьніка генэральнага пракурора Мікалая Купрыянава і пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра.

13 лістапада Аляксандар Лукашэнка на нарадзе, прысьвечанай барацьбе з карупцыяй, заявіў, што Міхаіл Сьнягір набыў у бізнэсоўца за 75 000 даляраў кватэру, якая насамрэч каштуе каля паўмільёна даляраў. Паводле кіраўніка дзяржавы, намесьнік генэральнага пракурора Мікалай Купрыянаў гэта ведаў і нават спрыяў абласному пракурору.

Аляксандар Лукашэнка назваў таксама прозьвішчы трох судзьдзяў Цэнтральнага суду Менску — Тацьцяны Паўлючук, Алены Ільіной і Валерыя Есьмана, добра вядомых па палітычных справах.

Калі ў дачыненьні да супрацоўнікаў пракуратуры ў той жа дзень было пададзенае прадстаўленьне аб вызваленьні іх з займаных пасадаў і распачаўся крымінальны перасьлед, то судзьдзі выконваюць свае абавязкі дагэтуль, паведаміла “Радыё Свабода”.

Валеры Есьман быў прызначаны разглядаць справу актывіста грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Аляксандра Баразенкі, апошняга фігуранта ў “справе 14-ці”. У канцылярыі суду крымінальных справаў “Радыё Свабода” паведамілі, што ён будзе судзіць апазыцыянэра, але пакуль яшчэ ня вызначыўся з датай працэсу.

Судзьдзі Ільіна і Паўлючук таксама пакуль выконваюць свае абавязкі ў судзе Цэнтральнага раёну.

Кіраўнік дзяржавы абвінаваціў таксама намесьнікаў міністра ўнутраных спраў, галоўнага ўрача шпіталя МУС і яшчэ некалькі асобаў у тым, што яны незаконна завалодалі зямельнымі ўчасткамі на тэрыторыі дзіцячага садку на беразе Заслаўскага вадасховішча.

Да канца лістапада камісія будзе правяраць гэтую інфармацыю. Пакуль вынікі праверкі ня будуць абвешчаныя, чыноўнікі застануцца на сваіх пасадах.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках