15 лiстапада 2024, Пятніца, 4:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Імпарцёры ў шоку ад пастановы Нацбанка

33

Праца рэальнага сектара эканомікі ўскладняецца і прымушае яго ад безвыходнасці плаціць банкам дадатковыя грошы.

З 16 лістапада 2008 года набыла сілу пастанова ўпраўлення Нацыянальнага банка Беларусі ад 11 лістапада 2008 г. №165 "Аб парадку ажыццяўлення разлікаў па знешнегандлёвых дамовах, якія прадугледжваюць імпарт".

Нацбанк сцвярджае, што "гэты дакумент прыняты з мэтай недапушчэння адтоку капіталу з краіны, які ажыццяўляецца шляхам правядзення рэзідэнтамі перадаплаты (авансавых плацяжоў) нерэзідэнтам па імпарце з адначасовым даваннем нерэзідэнтам адтэрміновак на пастаўку тавараў". Гэтага ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу і нарастання ў Рэспубліцы Беларусь негатыўных з'яваў дапусціць ніяк нельга, адзначае "Ежедневник".

У прыватнасці, дакументам прадугледжаная "забарона на правядзенне імпарцёрам плацяжоў на карысць нерэзідэнта са рахунку, адчыненага ў банку Рэспублікі Беларусь, па знешнегандлёвай(ых) аперацыі(ях), якая(якія) ажыццяўляецца(юцца) у межах знешнегандлёвай дамовы, якая прадугледжвае імпарт, да даты спынення нерэзідэнтам сваіх абавязальніцтваў перад імпарцёрам па пастаўцы тавараў…". Кажучы прасцей, Нацбанк прапаноўвае беларускім прадпрыемствам-імпарцёрам і гандлёвым фірмам, якія набываюць тавар за мяжой, працаваць па прынцыпе "увечары - крэслы, а раніцай - грошы".

Але справа ў тым, што пастаўшчыкі ўсяго свету (ды і беларускія таксама) аддаюць перавагу працы па іншай схеме: пастаўляюць тавар па факце перадаплаты. На думку дырэктара кансалтынгавай кампаніі "Агенцтва дзелавых сувязяў" Валянціна ЛОПАНА, падобная пастанова сапраўды змагаецца з тым, каб пад маркай пагадненняў не сыходзілі грошы з краіны. Але ў той жа час, калі нацбанкі ўсіх краінаў прымуць падобныя пастановы, дык разлікі паміж краінамі проста спыняцца, і гэта паскорыць крызіс неплацяжоў:

"У нас шмат прадпрыемстваў, увесь тэхналагічны ланцужок якіх завязаны на пастаўку кампанентаў з-за мяжы. І, напрыклад, ва Украіне падобная пастанова прынятая ўжо месяцы два таму. Ім забаронена пастаўляць прадукцыю без перадаплаты. Зараз наша і ўкраінскае прадпрыемствы, звязаныя агульнымі пастаўкамі, будуць стаяць адзін насупраць аднаго і вырашаць, як ім выйсці з гэтай сітуацыі і паставіць сваю прадукцыю партнёру".

Але самае цікавае ў тым, што дзякуючы прынятаму рашэнню (дарэчы, па ўзгадненні з Саветам міністраў і Камітэтам дзяржаўнага кантролю) прыбытак атрымаюць… банкі.

"Паглядзіце, што Нацбанк рэкамендуе айчынным імпарцёрам: "пры імпарце выкарыстоўваць не авансавыя плацяжы (папярэднюю аплату), а, напрыклад, акрэдытыўную форму разлікаў, практыку страхавання прадпрымальніцкіх рызыкаў, банкаўскія гарантыі і да т. п.". Кажучы прасцей, банкі сябе не пакрыўдзілі. Ва ўмовах крызісу прадпрыемствы наадварот пастаўляюць сваім правераным партнёрам прадукцыю з некаторай адтэрміноўкай па плацяжах. Зараз такія "наўпроставыя крэдыты" забароненыя, і ўсё павінна праходзіць праз банкі. Гэта значыць аб пастаўках паміж сабой дамаўляюцца не атрымальнік і пастаўшчык, а банкі з абедзвух бакоў. А усе пералічаныя банкаўскія паслугі - акрэдытывы, страхаванне рызыкаў, гарантыі - каштуюць грошай. Гэта падаражэнне экспартна-імпартных аперацыяў. І усё гэтае падаражэнне ідзе як прыбытак банкаў", - лічыць Валянцін Лопан.

Падобнае выглядае насмешкай над рэальным сектарам эканомікі - прадпрыемствамі, гандлёвымі фірмамі і г. д. Бо ў крызісе вінаватыя ў першую чаргу інвестыцыйныя банкі і інвестыцыйныя дэпартаменты простых банкаў, лічыць дырэктар кансалтынгавай кампаніі.

"Таму банкі павінны пацярпець ад крызісу ў роўнай меры з рэальным сектарам. Не трэба ўсё на рэальны сектар перакладаць. У Беларусі гэта ў першую чаргу прамысловасць, машынабудаванне. Але гэтая пастанова рэальнаму сектару ўскладняе працу і прымушае яго ад безвыходнасці плаціць банкам дадатковыя грошы", - лічыць В. Лопан.

Праўда, Нацбанк усёткі не да канца забараніў авансавыя плацяжы. Але рабіць іх можна будзе толькі пры наяўнасці ў імпарцёра адпаведнага дазволу таго ж Нацыянальнага банка. А каб яго атрымаць, Нацбанку яшчэ трэба падаць хадайніцтва Савета Міністраў. А вось як яго атрымаць?..

"Гэта ізноў пачынаецца бюракратыя. Акрамя таго, не тлумачыцца, як гэтае хадайніцтва атрымаць і па якой працэдуры Саўмін будзе разглядаць звароты заяўнікаў. Яшчэ месяц з гэтым разбірацца будуць", - кажа Валянцін Лопан.

І калі просьбы ў Саўмін маторнага, трактарнага ці металургічнага заводу аб хадайніцтве за іх перад Нацбанкам аб выдачы дазволаў на перавод авансавых плацяжоў за мяжу і будуць здаволеныя, дык прадказальны адказ прыватніку, які хоча закупіць, да прыкладу, партыю парфумы ў Францыі. А няма хадайніцтва Саўміна - няма дазволу Нацбанка. Няма дазволу - плаці банку за акрэдытывы, страхаванне рызыкаў, гарантыі. А дадатковыя выдаткі ўводзь у кошт тавара на прылаўку. Значыць, ізноў падаражэнне?

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках