14 лiстапада 2024, Чацвер, 19:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На гарадзенскіх прадпрыемствах скарачаюць працоўны дзень

На шэрагу прыватных і дзяржаўных прадпрыемстваў Горадні значна зьнізіліся аб’ёмы пастаўкі прадукцыі на экспарт і на ўнутраны рынак. Некаторыя прадпрыемствы замест дзьвюх зьменаў працуюць толькі ў адну.

Супольнае беларуска-славенскае прадпрыемства “Іскра” займаецца вытворчасьцю стартараў і экспартуе іх на захад, а таксама для патрэбаў унутранага рынку.

Дырэктар фірмы Вольга Плешачкова адмаўляецца казаць, наколькі зьнізіліся аб’ёмы вытворчасьці, а таксама заробкі для працаўнікоў, аднак не хавае сваёй незадаволенасьці сытуацыяй.

“Тое, што было заплянавана на гэты год, канечне, выканаць ня ўдасца з-за крызісу. Але прычынай таму ня толькі экспарт у Расею, за мяжу, а й нашы прадпрыемствы, куды мы пастаўляем прадукцыю – на трактарны й маторны заводы”, - заявіла ў інтэрв’ю “Радыё Свабода” Вольга Плешачкова.

Аднак наколькі адсоткаў зьнізілася пастаўка прадукцыі на экспарт і на ўнутраны рынак, яна паведаміць адмовілася.

“Паколькі гэта датычыць ня толькі мяне, то я лічбаў называць ня буду”, - сказала дырэктар фірмы.

Акцыянэрнае таварыства “Тэста” займаецца эўрападдонамі, якія экспартуе ў Нямеччыну, краіны Бэнілюксу, Італію й іншыя.

Дырэктар прадпрыемства Ігар Каратаеў кажа, што пакуль штат не скарачалі, але замест дзьвюх зьменаў прадпрыемства цяпер працуе толькі ў адну.

“Зьменшыўся аб’ём продажу прадукцыі адсоткаў на 40. Працавалі ў дзьве зьмены, а цяпер у адну”, - паведаміў Ігар Каратаеў.

Кіраўніца прыватнай фірмы “Саюзтрансэкспэдыцыя”, якая займаецца міжнароднымі перавозкамі, Лідзія Казімірская, кажа, што страты ўжо адчуваюцца.

“У асноўным спынілася дастаўка імпартных тавараў. Польшча, Нямеччына наагул стаяць, адтуль няма ніякіх адгрузак на Беларусь”, - паведаміла Лідзія Казімірская.

Зь ейных словаў - што датычыць Расеі, аб’ёмы перавозак таксама скараціліся, і тут вінаваты не толькі сусьветны фінансавы крызіс. Але ў гэтай цяжкой сытуацыі дзяржава ніяк прадпрыемствам не дапамагае.

“Аб’ёмы перавозак і на гэтым накірунку ўпалі, але, думаю, што тут вінаваты ня толькі крызіс, а яшчэ абарона кожным свайго рынку, эканамічныя інтарэсы, ды й іншае. Па-мойму, у нас ніхто ніколі нікога не падтрымлівае”, - зазначыла Лідзія Казімірская.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках