15 лiстапада 2024, Пятніца, 15:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«The Financial Times»: Апошні дыктатар Еўропы падлізваецца да Захаду

3

Балансаваць, як раней, і захоўваць уладу Аляксандру Лукашэнку будзе ўсё цяжэй і цяжэй, піша брытанская газета «The Financial Times».

Беларусь валодае падабенствам з Савецкім Саюзам, і падабенства гэта зусім не выпадковае. На пастаменце ў цэнтры горада стаіць змрочны Ленін, КДБ па-ранейшаму завецца КДБ, эканомікай кіруе дзяржава, а дзяржавай - аўтарытарны лідэр.

Нягледзячы на «Макдональдсы», «мэрсэдэсы» і інтэрнэт, савецкі лідэр адчуваў бы сябе ў Беларусі як дома. Зрэшты, перамены ўжо не за гарамі. Дыктатура, усталяваная Аляксандрам Лукашэнкам пры шчодрай падтрымцы Расеі, зараз падпала пад ціск з боку Масквы, на што Менск адказвае падлашчваннямі да Захада.

Пяцідзесяцічатырохгадовы Лукашэнка не мае намеру саслабляць бязлітасную хватку, якой ён трымаецца за ўладу, і сам жартуе, называючы сябе «апошнім дыктатарам Еўропы». Зрэшты, ён цалкам упэўнены ў сваёй папулярнасці і гатовы знізіць абароты рэпрэсіяў, лібералізаваць эканоміку і пусціць у краіну замежных інвестараў - у абмен на дапамогу ЗША і Еўразвяза.

Рэзкі выбух эканамічнага росту, які сілкаваўся энергетычным бумам у Расеі, высвяціў межы эфектыўнасці эканомікі, якая кіруецца дзяржавай. Экспарт у Расею зводзіцца галоўным чынам да магутнай тэхнікі (трактары і інш.), на якую, за выключэннем Расеі, попыту больш амаль нідзе няма. Між тым прадпрымальнікі патрабуюць ліберальных рэформаў і прыватызацыі, каб прыцягнуць інвестараў з Захаду; таго жа хочуць чыноўнікі, якія спадзяюцца атрымаць прыбытак ад продажаў дзяржаўных актываў.

Аднак у свеце лютуе эканамічны крызіс, Расея перапоўнілася імкнення аднавіць сваё панаванне ў рэгіёне, а на Захадзе падзяліліся меркаванні адносна таго, як рэагаваць; у падобных умовах незразумела, чым скончыцца дыпламатычная гульня, якую задумаў Лукашэнка.

Умяшанне Расеі ў справы Грузіі паказала, што Крэмль гатовы ў выпадку неабходнасці брацца за зброю. Ніхто, вядома, не чакае ўзброенага нападу на Беларусь, аднак набор варыянтаў дзеянняў Расеі істотна пашырыўся. Расейскія нацыяналісты чакаюць ад Лукашэнкі выканання яго даўніх абяцанняў аб'яднацца з Расеяй - а ён іх выконваць не збіраецца.

Становішча Беларусі настолькі няпростае, што нават некаторыя прадстаўнікі апазіцыі лічаць, што трэба заключыць з прэзідэнтам часовы саюз - хаця б да наступных выбараў, якія адбудуцца ў 2011 годзе. Аляксандр Мілінкевіч, лідэр апазіцыйнага руху «За Свабоду», заявіў: «Мы ўсё ляцім з Лукашэнкам ў адным самалёце, і толькі дзеля змены пілота не варта рабіць крушэнне».

Вядома, зараз ўсё далёка не так, як было ў першае дзесяцігоддзе кіравання Лукашэнкі. Прыйшоўшы да ўлады ў 1994 годзе былы дырэктар калгасу забяспечыў Беларусі танны газ і нафту з Расеі, што дазволіла яму пабудаваць дзяржаву дабрабыту і застрахаваць грамадзянаў ад бедаў і бязладзіцы, якія напаткалі іншыя краіны рэгіёна. Дамоўленасці з Расеяй былі заключаныя ў перыяд яе паслаблення, але зараз, пры Уладзіміры Пуціне (раней - прэзідэнт, цяпер прэм'ер-міністр) Расея ўзмацнілася, і адносіны яе з Беларуссю некалькі разоў абвастраліся.

У 2006 годзе, калі на расейскія субсідыі прыходзілася каля 30 адсоткаў ВУП Беларусі, Крэмль падвысіў кошты на газ, а таксама ўвёў падаткі на транспартоўку нафты. Узімку 2006-07 года пастаўкі газу былі часова перапыненыя. Каб аддаць пазыку, Беларусі прыйшлося прадаць «Газпрому» (расейская кампанія-манапаліст) за 2,5 мільярды даляраў палову акцыяў «Белтрансгаза», кампаніі, якая займаецца газаправодамі.

Да 2011 года Масква плануе падвысіць кошты на газ для Менска на ўзровень Еўразвяза. Пазыка расце, а між тым Беларусь рыхтуецца прыняць ад Расеі чарговы крэдыт у памеры двух мільярдаў даляраў.

«З Расеяй усё проста. Яны даюць нам крэдыт, мы расплачваемся ім за нафту і газ і застаемся павінны ім жа», - патлумачыў незалежны эканаміст Леанід Зайка.

У 2006 годзе Масква таксама пачала ўзмацняць палітычны ціск на Беларусь. Пуцін разам з Дзмітрыем Мядзведзевым, цяперашнім прэзідэнтам, паспяхова супрацьдзейнічаюць намеру Захаду даць членства ў НАТА Грузіі і Украіне. У пачатку гэтага года Менск прыняў рашэнне ўмацаваць сувязі з ЗША і ЕЗ. Адказ быў атрыманы такі: дапамога будзе дадзеная толькі ў тым выпадку, калі Лукашэнка паслабіць аўтарытарны рэжым, вызваліўшы палітычных вязняў і правёўшы свабодныя выбары.

Апошні з палітвязняў быў вызвалены ў жніўні; таксама памягчэлі некаторыя правілы правядзення выбараў. Аднак высілкі па паляпшэнні іміджу былі часткова зведзеныя на нішто, калі міжнароднымі назіральнікамі былі выяўленыя парушэнні стандартаў правядзення дэмакратычных выбараў (апазіцыя не атрымала ні аднаго месца). Еўразвяз зняў статут «персоны нон-грата» з трыццаці шасці афіцыйных асобаў, уключаючы самога Лукашэнку, але наступныя крокі рабіць пакуль сцеражэцца. Як сказаў нейкі еўрапейскі дыпламат у Менску, «не назіраецца волі да дэмакратызацыі і рэформаў, у той час як існуе неабходнасць працягваць весці тую надзвычай складаную гульню, якую Лукашэнка задумаў шмат гадоў таму».

У выніку адносіны з Захадам крыху палепшыліся, але ціск з боку Расеі не слабее. Масква патрабуе прызнання рэспублікаў Абхазія і Паўднёвая Асеція, якія адкалоліся ад Грузіі, а Лукашэнка не жадае, каб Беларусь стала першай былой савецкай рэспублікай, якая возьме прыклад з Расеі. Крэмль таксама хоча, каб Беларусь дапамагала яму прымаць меры ў адказ на размяшчэнне амерыканскіх супрацьракетных базаў у Польшчы і Чэхіі (адзін з планаў, напрыклад, прадугледжвае размяшчэнне расейскіх ракетаў у самой Беларусі).

«Не бачу, у чым сэнс [амерыканскай] сістэмы з ваеннага пункту погляду», - лічыць Сяргей Мартынаў, міністр замежных справаў Беларусі.

Некаторыя беларусы баяцца, што Менск і Масква ўжо настолькі зблізіліся, што аддаліцца адзін ад аднаго ў іх проста не атрымаецца.

«Працэс інтэграцыі з Расеяй зайшоў так далёка, што калі ён працягнецца, мы проста знікнем», - лічыць Віктар Марціновіч, рэдактар незалежнага штотыднёвіка «Белгазета».

Паварот Лукашэнкі да Захаду закліканы таксама прыцягнуць у краіну інвестыцыі, неабходныя для мадэрнізацыі кампаніяў. Урад ужо даў ход эканамічным рэформам, якія прадугледжваюць, сярод іншага, увядзенне адзінай падатковай стаўкі, а таксама пагаворвае аб прыватызацыі прыкладна шасцісот дзяржаўных прадпрыемстваў. Паляпшэнне інвестыцыйнага клімату прывяло ў краіну такія брэнды, як галандскі Heineken і Telekom Austria, які летась набыў другую па велічыні ў Беларусі кампанію-аператара сотавай сувязі (кошт пагаднення склаў 730 мільёнаў еўра). Лукашэнка сам кажа, што замежным кампаніям дзверы ў краіну адчыненыя.

«Калі вы прыйдзеце да нас... вам будзе гарантаваная поўная падтрымка гэтага дыктатара, гэтай краіны і нашага народа», - сказаў ён.

Магчымасць зрабіць капіталаўкладанне ў краіне з эканомікай, якая хутка расце, і насельніцтвам дзесяць мільёнаў чалавек (многія - кваліфікаваныя працаўнікі), якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы і мае добрыя дарогі, - гэта прывабна. Але пройдзе нямала часу, перш чым заходнія прадпрымальнікі змогуць паверыць, што Лукашэнка стрымае сваё слова.

Між тым расейскія субсідыі змяншаюцца, сусветны крызіс адбіваецца на эканоміцы Расеі, і эканамічная стабільнасць Беларусі становіцца пад пытаннем. Паводле звестак Міжнароднага валютнага фонду, рост ВУП у наступным годзе знізіцца з 9,2 да 8 адсоткаў. Беларусь вядзе з МВФ перамовы аб даванні крэдыту коштам у 2 мільярды даляраў на абслугоўванне існуючай пазыкі.

Адкрываючы эканоміку, беларускі рэжым ставіць сябе пад некаторую рызыку. Зараз, праз гады рэпрэсіяў, апазіцыя разрозненая і слабая. Але лібералізацыя эканомікі здольная справакаваць патрабаванні правесці лібералізацыю і ў палітычнай сферы. Існуе пагроза росту эканамічнай няроўнасці, асабліва калі дзяржава ўзбагаціцца на прыватызацыі гэтак жа, як гэта было ў Расеі і на Украіне.

Лукашэнку трэба думаць самому, гатовых адказаў няма. Адзінае, што ў яго ўжо ёсць - гэтае ўсведамленне таго факту, што балансаваць, як раней, і захоўваць уладу яму будзе ўсё цяжэй і цяжэй.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках