15 лiстапада 2024, Пятніца, 10:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бабруйскі завод дрэвавалаконных плітаў спыніў працу

5

Бабруйскі завод дрэвавалаконных плітаў зь 17 лістапада спыніў працу. Кіраўніцтва прадпрыемства прычынай называе сусьветны фінансавы крызіс і цяжкасьці з збытам прадукцыі.

Завод экспартуе яе ў васямнаццаць краінаў сьвету. Асноўныя рынкі збыту — краіны Эўразьвязу і Ўкраіна.

Пра тое, што завод спыніў вытворчасьць, кіраўніцтва паведаміла ў Бабруйскі гарвыканкам, перадае “Радыё Свабода”.

“Мы спыняем цэхі ад 17 лістапада да 1 сьнежня й зь 17 лістапада па 1 студзеня з згоды працаўнікоў. Ім будзе дадзены адпачынак з частковай аплатай заробку ў памеры дзьвюх трацінаў. У краіне крызіс, калі вы ведаеце, і таму рэалізацыя прадукцыі адбываецца ня так, як нам бы гэтага хацелася”,— патлумачыла супрацоўніца эканамічнага аддзелу прадпрыемства.

Бабруйскі завод — адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў, якое вырабляе дрэвавалаконныя пліты на ўсёй прасторы постсавецкіх краін. Ён вырабляе прадукцыю без выкарыстаньня шкодных рэчываў, што робіць яе экалягічна чыстай. Прадукцыя экспартуецца ў васямнаццаць краінаў сьвету. На прадпрыемстве працуе амаль сямсот чалавек.

Пра тое, што на заводзе дрэвавалаконных плітаў праблемы, паведаміла “дэпутатка” гарсавету Вольга Сямёнава ў камэнтары адносна сытуацыі на ейным прадпрыемстве. Яна начальніца аднаго з цэхаў акцыянэрнага таварыства “Фандок”. У Бабруйску кажуць, нібыта “Фандок” спыніў сваю працу. Спадарыня Сямёнава гэтыя чуткі абвергла, аднак зазначыла, што наступствы крызісу ўжо адчувальныя.

“У сувязі з сытуацыяй, якая склалася паўсюдна, завод дрэвавалаконных плітаў у горадзе Бабруйску пераходзіць у нас на чатырохдзённы рэжым працы. То бок крызіс іх ужо закрануў. Завод трактарных дэталяў нібыта таксама нешта пад пытаньнем. Ну, а “Фандок” пакуль наплыву”, - заявіла Вольга Сямёнава.

Бабруйскія ўлады пакуль не камэнтуюць, як паўплывае ўсясьветны фінансавы крызіс на эканоміку гораду.

Былы ж “дэпутат” гарсавету Алесь Чыгір зазначае, што чыноўнікі і кіраўнікі прадпрыемстваў папросту хаваюць ад людзей сапраўдны стан рэчаў у эканоміцы, каб не дэстабілізаваць сацыяльнай сытуацыі ў горадзе. Паводле яго, у Бабруйску праз крызіс церпяць найперш прадпрыемствы, у якіх і да яго былі праблемы.

“Гэта прадпрыемствы лёгкай прамысловасьці — трыкатажная фабрыка, фабрыка “Славянка”. Прадпрыемствы дрэваапрацоўкі — гэта “Фандок” і “Бабруйскмэбля”. Пакрысе крызіс падбіраецца да такіх прадпрыемстваў, як “Белшына”, завод гуматэхнічных вырабаў. А таксама прадпрыемстваў, якія працуюць у сыстэме машынабудаваньня. Завод трактарных дэталяў і агрэгатаў ды завод тармазной апаратуры і мэханізмаў. Яны завязаныя на такія гіганты, як МАЗ і БелАЗ”, - паведаміў Алесь Чыгір.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках