15 лiстапада 2024, Пятніца, 1:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У «Белшыны» - праблемы з збытам прадукцыі, «Беларусьгуматэхніка» скарачае працоўны тыдзень

Усё больш бабруйскіх прадпрыемстваў сутыкаецца з сусьветным фінансавым крызісам. Праблемы з збытам прадукцыі мае цяпер «Белшына», а «Беларусьгуматэхніка» пераходзіць на чатырохдзённы працоўны тыдзень.

Раней ужо паведамлялася пра спыненьне тамтэйшага заводу драўнянавалакністых плітаў. На чатырохдзённы працоўны тыдзень цяпер пераходзіць акцыянэрнае таварыства «Беларусьгуматэхніка». Праблемы з збытам прадукцыі існуюць на «Белшыне». У гарвыканкаме тым часам не тлумачаць, што канкрэтна робіцца, каб зьменшыць уплыў сусьветнага фінансавага крызысу на прадпрыемствы горада.

Кіраўніцтва «Беларусьгуматэхнікі» тлумачыць пераход прадпрыемства на няпоўны працоўны тыдзень дэбіторскай запазычанасьцю, перадае «Радыё Свабода».

«Нам ня плацяць ні МАЗ (ну, праўда, МАЗ болей ці меней разьлічваецца), ні трактарны — вінны нам паўмільярда рублёў - ні Гомсельмаш, ні БелАЗ. А Расея толькі па перадаплаце сыравіну прадае. А нацыянальны банк не дазваляе плаціць валютай, толькі паводле хадайніцтва ўраду. У сувязі з тым, што на складах запасы растуць, мусім пераходзіць на карацейшы працоўны тыдзень. Пакуль на чатыры дні», — паведаміў прадстаўнік адміністрацыі прадпрыемства.

На «Беларусьгуматэхніцы» працуе каля 2500 чалавек. Прадпрыемства выпускае гумавыя камплектавалыя да маторнага і іншага абсталяваньня. 37% прадукцыі пастаўляецца ў Расею. Нядаўна прадпрыемства выйграла тэндэр на пастаўку ў краіны Балтыі гумовых пракладак на чыгуначныя пераезды на суму 600 тысяч даляраў. Гадавы гандлёвы абарот прадпрыемства перавышае 25 мільёнаў даляраў.

Праблемы з збытам прадукцыі існуюць і на «Белшыне». Гэта пацьвярджае й кіраўніцтва прадпрыемства, не раскрываючы, аднак, іхніх маштабаў.

«Сёньня цяжкасьці з рэалізацыяй прадукцыяй перажываюць усе прадпрыемствы, якія працуюць на экспарт — і МАЗ, і МТЗ, і БелАЗ. «Белшына» пакуль працуе. «Белшына» сваіх аб’ёмаў не зьніжае, і я думаю, што ў лістападзе, сьнежні выканае даведзены плян», — паведаміў прадстаўнік адміністрацыі прадпрыемства.

Нягледзячы на цяжкасьці з рэалізацыяй прадукцыі, кіраўніцтва «Белшыны» патрабуе ад сваіх падначаленых выкананьня працоўных нормаў.

«Але як жа норму зрабіць, калі дамоў іншым разам адпраўляюць. Бываюць такія зьмены, што працы няма», — зазначае адзін з рабочых прадпрыемства.

Гарвыканкам рэагуе на цяжкасьці мясцовых прадпрыемстваў выключна “вядзеньнем збору інфармацыі” – так сьцьвярджае начальнік управы эканомікі Бабруйскага гарвыканкаму Аляксандар Казлоў. Згодна зь ягонымі словамі, ніякіх адмысловых нарадаў па эканамічных пытаньнях на бліжэйшы час гарвыканкам не плянуе.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках