15 лiстапада 2024, Пятніца, 12:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэдактары незалежных мэдыа: «Намі гуляюць, як лялькамі»

2

У дзяржаўны продаж вярнулі «Народную волю», на чарзе і тыднёвік «Наша Ніва». Але іншых незалежныя выданьні працягваюць знаходзяцца ў няроўных умовах зь дзяржаўнымі СМІ.

Тыднёвік “Свободные новости” яшчэ шэсьць гадоў таму быў выкінуты з падпіснога каталёгу “Белпошты”. Выданьню цудам удалося захаваць адносіны зь “Белсаюздрукам”, і таму прадаюць газэту ўсё ж у шапіках гэтай дзяржаўнай структуры, паведамляе “Радыё Свабода”.

Аднак калі б не абмежаваньні ў падпісцы, сёньняшні тыраж у 22 тысячы даўно б ужо значна вырас, мяркуе рэдактар Васіль Зданюк. У верасьні, згадвае рэдактар, ён зьвяртаўся зь лістом у “Белпошту”, каб “Свободные новості” вярнулі ў падпіску, але нават не атрымаў адказу. Тое, што “Народнай волі” і “Нашай Ніве” такі дазвол далі, рэдактар успрымае як добры знак.

“Калі беларускія ўлады будуць пасьлядоўнымі, то, спадзяюся, наступны крок будзе такі, што і адносна іншых выданьняў вырашыцца праблема з распаўсюдам і друкам. Вельмі спадзяюся, што гэта першы крок, за якім будуць наступныя”, - кажа Васіль Зданюк.

Рэдактар “Свободных новостей” вітаў дзейнасьць Беларускай асацыяцыі журналістаў, якая, паводле яго, адстойвае інтарэсы незалежных выданьняў перад афіцыйнымі ўладамі.

Асабліва ў цяжкім стане з-за абмежаваньняў у падпісцы і распаўсюдзе апынуліся рэгіянальныя выданьні. Тыднёвік “Вольнае Глыбокае” тры гады таму меў наклад 3,5 тысячы, цяпер — толькі 2100. Паводле рэдактара Ўладзімера Скрабатуна, “Вольнае Глыбокае”, якое любяць і ў суседніх раёнах, стала вельмі цяжка распаўсюджваць. Прыкладам, у Шаркаўшчынскім ды Мёрскім раёнах, паводле рэдактара, прадаўцоў газэты міліцыя затрымлівае, хаця ў іх ёсьць усе патрэбныя дакумэнты. Уладзімер Скрабатун ня верыць у тое, што “лібэралізацыя” ў галіне недзяржаўных мэдый пойдзе далей за “Народную волю” і “Нашу Ніву”.

“Мне адзін дзядзька з канторы, якая ўсе ведае — разумееце, зь якой? Што на тры літары — сказаў: газэта “Вольнае Глыбокае“ занесеная ў адмысловы сьпіс апазыцыйных выданьняў, у які трапляюць сур’ёзна і надоўга”, - сказаў Уладзімер Скрабатун “Радыё Свабода”.

Паводле яго, у мясцовых установах “Белпошты” і “Белсаюздруку” зацікаўленыя ў вяртаньні “Вольнага Глыбокага”, бо гэта дапаможа выконваць плян, але на абласным узроўні справа тармозіцца.

Баранавіцкае выданьне “Intex-press” выходзіць накладам большым за 16 тысяч, у рэгіёне газэта — адна з самых папулярных. Рэдактар Уладзімер Янукевіч мяркуе, што нават дазвол уладаў на вяртаньне газэты ў агульную сыстэму продажу і падпіскі ня выправіць сытуацыю няроўнасьці дзяржаўных і недзяржаўных мэдый.

“Намі гуляюць, як лялькамі, а грунтоўна пытаньне не вырашаецца. 8 лютага ўступіць у дзеяньне новы закон, які яшчэ горшы. А тое, што кагосьці вяртаюць у распаўсюджваньне, дык празь некалькі месяцаў гэтак жа лёгка могуць зноў выкінуць. Таму добрая навіна, але нават ня крок, не палова, а толькі чвэрць кроку да таго, каб свабода слова пачала панаваць у Беларусі”, - мяркуе Уладзімер Янукевіч.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках