14 лiстапада 2024, Чацвер, 6:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Еўропе з'явіліся асцярогі, што беларускі рэжым дае пустыя абяцанні

16
У Еўропе з'явіліся асцярогі, што беларускі рэжым дае пустыя абяцанні

Еўрапейскія палітыкі не заўважаюць у Беларусі ніякіх пазітыўных зменаў.

Ужо з'явіліся асцярогі, што беларускія ўлады, як заўсёды, абмяжуюцца пустымі абяцаннямі і паспрабуюць выкарыстаць сітуацыю для гандлю, перш за ўсё, з Расеяй.

Аб гэтым заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, які прыняў удзел у Трэцяй Рыжскай канферэнцыі, прысвечанай пытанням еўрапейскай міжнароднай бяспекі.

Канферэнцыя прайшла 31 кастрычніка-2 лістапада ў сталіцы Латвіі. Адным з пытанняў, якія абмяркоўваліся на канферэнцыі, была сітуацыя ў Беларусі. На мерапрыемстве нашую краіну прэзэнтавалі акрамя Андрэя Саннікава таксама адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Міхаіл Марыніч і лідэр ініцыятывы «Мы памятаем» Ірына Красоўская.

«Перш за ўсё, нас цікавілі новыя падыходы Еўразвяза ў дачыненні да сітуацыі ў Беларусі. У нас атрымалася абмеркаваць гэтыя пытанні з прадстаўнікамі Еўракамісіі, Офіса Вярхоўнага прадстаўніка Еўразвяза па пытаннях знешняй палітыкі, міністрамі замежных справаў Літвы, Латвіі, віцэ-прэм'ерам Чэхіі, прадстаўнікамі іншых еўрапейскіх дзяржаваў. На жаль, у Рызе не было прадстаўнікоў Польшчы, а менавіта Польшчу называюць асноўным ініцыятарам змены палітыкі ў дачыненні да Беларусі. Як казалі ўдзельнікі канферэнцыі, такое рашэнне Еўразвяза -- падняць узровень адносінаў з рэжымам Лукашэнкі -- было прынятае, дзякуючы настойлівым высілкам нашых суседзяў, а таксама некаторых прадстаўнікоў беларускай апазіцыі», -- распавёў прэс-цэнтру Хартыі’97 адзін з лідэраў «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў.

Паводле словаў палітыка, нейкага пэўнага плану дзеянняў на 6-месячны перыяд, на працягу якога не будуць дзейнічаць абмежаванні на паездкі і кантакты з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, у Еўразвяза няма.

«Еўрапейцы збіраюцца пільна сачыць за развіццём сітуацыі ў Беларусі ў надзеі на пэўныя меры па паляпшэнні гэтай сітуацыі. У цяперашні момант ніякіх пазітыўных зрухаў яны не заўважаюць. Ужо з'явіліся асцярогі, што беларускія ўлады як заўсёды абмяжуюцца пустымі абяцаннямі і паспрабуюць выкарыстаць сітуацыю для гандлю, перш за ўсё, з Расеяй. Паўгода, адведзеныя беларускаму рэжыму для крокаў насустрач, сканчаюцца ў красавіку. Калі еўрапейцы не адзначаць ніякіх паляпшэнняў у палітычным клімаце Беларусі, яны вымушаныя будуць даць ацэнку не толькі дзеянням беларускіх уладаў, але і сваёй палітыцы змякчэння стаўлення да рэжыму Лукашэнкі. Прапановы Еўразвяза, якія былі зробленыя 2 гады таму, застаюцца ў сіле, і Еўропа пакуль не збіраецца адмаўляцца ад той сваёй базіснай пазіцыі», -- паведаміў Андрэй Саннікаў.

У Рыжскай канферэнцыі прынялі ўдзел вядомыя палітыкі, акадэмікі, аналітыкі і журналісты, якія падалі сваё бачанне і шляхі вырашэння праблемаў, з якімі Еўропа і суседнія краіны нядаўна сутыкнуліся. Дэбаты былі прысвечаныя праблемам сусветнай бяспекі і становішча НАТА у свеце, а таксама перспектывам еўрапейскай інтэграцыі і будучаму развіццю сітуацыі ў Расеі.

На канферэнцыі дамінавала тэма расейска-грузінскага канфлікту, паколькі агрэсія Расеі ў Грузіі кінула выклік міжнароднай бяспецы, і ў яе выніку паўстала мноства праблемаў, якія патрабуюць тэрміновага вырашэння. Гэта датычыць і тэрытарыяльнай цэласнасці незалежных дзяржаваў, і неабходнасці супрацьстаяць ціску Расеі, якая спрабуе ўсталяваць свой кантроль, перш за ўсё, у постсавецкіх дзяржавах. Абмяркоўвалася таксама магчымая рэакцыя Захаду на спробы Расеі выкарыстаць усе метады для дасягнення сваіх палітычных мэтаў. Акрамя таго, вялікая ўвага на канферэнцыі надавалася пытанням функцыянавання НАТА і будучай ролі НАТА у свеце, праблемам еўрапейскай інтэграцыі і адносінаў Еўразвяза з суседнімі дзяржавамі. Нягледзячы на тое, што канферэнцыя праходзіла напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у ЗША, у ёй, акрамя еўрапейскіх удзельнікаў, працавала вялікая група амерыканскіх прадстаўнікоў.

Ад выбараў у ЗША сёння чакаюць адказаў на шматлікія пытанні, якія стаяць у міжнародным парадку дня. Як адзначалі арганізатары канферэнцыі, у свеце сёння паўстала своеасаблівая «стратэгічная паўза», якая павінна дазволіць выпрацаваць адэкватныя меры для падтрымання міжнароднага міру і ўмацавання асноваў дэмакратыі.

Андрэй Саннікаў, Ірына Красоўская і Міхаіл Марыніч

У Рыжскай канферэнцыі прыняў удзел і прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках