15 лiстапада 2024, Пятніца, 6:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новыя правілы гандлю могуць стаць прычынай дэфіцыту цыгарэтаў

2

Нядаўна на тытунёвым рынку ўступіла ў сілу новае рашэнне Межведамаснай камісіі па каардынацыі дзейнасці, звязанай з вытворчасцю і абарачэннем тытунёвых вырабаў.

Па-ранейшаму імпарцёрам замежных цыгарэтаў у рэспубліку з'яўляецца "Беларусьгандаль".

Але зараз гэтая арганізацыя мае права прадаваць замежныя тытунёвыя вырабы толькі аптовым гандлёвым кампаніям дзяржаўнай формы ўласнасці. Тавараправодныя сеткі выбудоўваліся спецыялізаванымі аптавікамі гадамі, а абрынуліся ў лічаныя дні. Першымі новыя правілы рэалізацыі імпартнай "тытункі" адчуюць шэраговыя курцы, якія адчуюць дэфіцыт звыклых гандлёвых марак. А да канца года новыя правілы гандлю могуць папсаваць фінансавыя паказчыкі і дзяржаўным аптавікам, і "Беларусьгандлю", піша сайт Marketing.by.

Рынак тытунёвых вырабаў у Беларусі можна лічыць склаўся. Штогадовае спажыванне складае каля 20 мільярдаў штук. Аснова рынка - прадукцыя беларускай вытворчасці. Два айчынных тытунёвых прадпрыемства выпускаюць 19 мільярдаў штук у год: як мясцовыя, так і міжнародныя гандлёвыя маркі ў межах кантрактнай і ліцэнзійнай вытворчасці. Менавіта дзякуючы апошняму фактару імпарт гэтай прадукцыі год ад года скарачаўся. Зрэшты, паступова ўрэзваліся і тытунёвыя квоты. Сёння ў рэспубліку з-за мяжы штогод завозяцца каля 1 мільярда цыгарэтаў. Аснову імпарту складае прадукцыя верхняга коштавага сегмента, аб'ём спажывання якой у рэспубліцы не настолькі вялікі, каб было эканамічна мэтазгодна арганізоўваць яе вытворчасць на месцы. Зрэшты, гэта нармальная сусветная практыка. Цалкам адмовіцца ад імпарту "тытункі" яшчэ не атрымалася ні адной краіне.

Склаліся ў рэспубліцы і традыцыйныя каналы, па якіх замежныя цыгарэты "даязджалі" ад мяжы да крамных прылаўкаў. Спецімпарцёрам дзяржава вызначыла прадпрыемства "Беларусьгандаль". Прадстаўнікі міжнародных тытунёвых карпарацыяў у Беларусі выкуплялі каля 75-80 % завезеных цыгарэтаў, а потым рэалізоўвалі іх ужо ўласнымі сіламі. У асноўным праз рознічны гандаль. Мелі доступ да імпарту і дзяржаўныя аптавікі. На іх долю прыходзілася каля 15-20 мільёнаў штук у месяц. Але гэта адбывалася не з-за засілля на рынку міжнародных тытунёвых карпарацыяў, а па аб'ектыўных прычынах. Больш значыны аб'ём гэтай прадукцыі яны проста не маглі "пераварыць".

Стаць паўнавартасным звяном паміж спецімпарцёрам і розніцай не самая простая задача. Перш за ўсё неабходна валодаць значнымі фінансавымі рэсурсамі. У грашовым выражэнні імпарт цыгарэтаў складае каля 20-25 мільёнаў даляраў у год. Дзяржаўныя прадпрыемствы аптовага гандлю такога аб'ёму "абароткі" рэальна не маюць. А вось афіцыйныя прадстаўнікі карпарацыяў "British American Tobacco" і "GTI" валодаюць падтрымкай галаўных кампаніяў, а таму маюць вялікую фінансавую свабоду.

Другі немалаважны фактар - наяўнасць уласнай разгалінаванай сеткі дыстрыбуцыі. Цыгарэты высокага коштавага сегменту карыстаюцца меншай папулярнасцю, таму іх маленькімі партыямі прыходзіцца развозіць у тысячы гандлёвых кропак, сачыць у іх за асартыментам, папаўняць пры неабходнасці запасы… Словам, праца дастакткова клопатная, якая патрабуе валодання сучаснымі тэхналогіямі арганізацыі продажаў… А вось з пункту погляду прыбытковасці аптовы гандаль імпартнымі тытунёвымі вырабамі не такі ўжо і выгодны. Выдаткі немалыя, а нацэнка складае ўсяго 6 %.

Чыста тэарэтычна гэтыя 6 % сёння дастануцца дзяржаўным аптавікам. Наколькі правільна такое адміністрацыйнае рэгуляванне канкурэнцыі паміж дзяржсектарам і прыватнымі прадпрыемствамі - пытанне другаснае. Галоўнае, памяняць прынцыпы арганізацыі тавараправоднай сеткі за некалькі тыдняў немагчыма. І можа скласціся банальная сітуацыя: старая сістэма разбурыцца, а новая па розных прычынах будзе прабуксоўваць. І тады тых, хто выйграе, не будзе. Толькі тыя, хто прайграў.

Калі паглядзець на рэчы рэальна, то дзяржаўныя аптавікі не змогуць развезці па розніцы больш за 15-20 мільёнаў штук цыгарэтаў у месяц. Асвоіць вялікія аб'ёмы ў іх не хопіць ні фінансавых рэсурсаў, ні дыстрыбутыўнай сеткі. У выніку падзеі могуць развівацца па двух сцэнарах: тытунёвая прадукцыя будзе запасіцца альбо на складах "Беларусьгандля", альбо на прадпрыемствах аптовага гандлю. Зрэшты, вынік адзін: зніжэнне таваразвароту і дэфіцыт цыгарэтаў у розніцы. З'явіцца нездаволены попыт… Прабелы ў афіцыйным гандлі заўсёды з задавальненнем гатовы запоўніць "шэры" рынак. А яго прадстаўнікі не плацяць ні падаткаў, ні акцызаў.

Атрымліваецца, што ад новаўвядзення можна чакаць толькі стратаў. Прыватныя аптавікі страцяць частку свайго бізнэсу, дзяржаўныя і "Беларусьгандаль" атрымаюць дэфіцыт плацежаздольнасці, рознічны гандаль - змяншэнне таваразвароту, а бюджэт недалічыцца кругленькай сумы. У выйгрышы застануцца толькі нелегальныя пастаўшчыкі цыгарэтаў. Але тады ці можна новы падыход да рэалізацыі імпартных цыгарэтаў назваць дзяржаўным?

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках