15 лiстапада 2024, Пятніца, 7:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Працаўнікі ўцякаюць зь «Белвесту»

13

Работнікі сумеснага беларуска-расейскага прадпрыемства па вытворчасьці абутку «Белвест» у Віцебску звальняюцца, бо незадаволеныя ўмовамі працы і нізкімі заробкамі.

Праз гэта адміністрацыя прадпрыемства звольніла і намесьніка дырэктара па працы з пэрсаналам і ідэалёгіі -- нібыта гэта ён вінаваты, бо не спраўляецца з сваімі абавязкамі, паведамляе «Радыё Свабода».

Паводле зьбіральніка абутку Віктара Шляхціна, які працуе на «Белвесьце» ўжо чатыры гады, праблемы на прадпрыемстве пачаліся з тае пары, як яно перастала быць беларуска-нямецкім, а стала беларуска-расейскім. Старэйшыя работнікі яшчэ памятаюць, як да сьвятаў ім выдавалі вялікія прэміі, у тым ліку і абуткам уласнае вытворчасьці — 4 пары на год. Але такіх работнікаў ужо амаль не засталося: людзі масава звальняюцца, бо ня хочуць працаваць на шкоднай вытворчасьці за 400—600 тысяч у месяц і амаль без выходных.

«Людзі зыходзяць, а новыя не прыходзяць. Я вось працую і назіраю: прыходзіць новы чалавек, папрацуе які тыдзень, паглядзіць, як гэта — дыхаць клеем, пылам, і што заробкі нізкія — і вось ужо яго няма. Праз гэта немагчыма нават выконваць плян — няма каму яго выконваць. Людзей перакідаюць з цэху ў цэх, з аднаго працэсу на другі. І зараз, у апошнія месяцы, заўважна, што ідзе нейкае пагаршэньне», — распавядае Віктар Шляхцін.

Гаворачы пра пагаршэньне свайго становішча, працаўнікі «Белвесту» скардзяцца на тое, што ім перасталі выплочваць аванс, і на тое, што даводзіцца працаваць па суботах, каб выканаць плянавыя заданьні.

«Уцёкі кадраў» на прадпрыемстве прывялі да таго, што знакаміты айчынны брэнд даручылі ратаваць Кітаю: туды адвозяць дэталі абутку, а кітайскія работнікі шыюць зь іх загатоўкі, якія потым ізноў прывозяць у Віцебск і ўжо тут дашываюць. Кажуць, што кітайцы згодныя працаваць за тыя сама 200—300 даляраў, што й беларусы, і пры гэтым не наракаюць на 12-гадзінны працоўны дзень.

Практыка аўтсорсінгу — перанясеньня вытворчасьці за мяжу дзеля выкарыстаньня таннай працоўнай сілы — практыкуецца па ўсім сьвеце. Аднак на віцебскім «Белвесьце» яна сталася адзнакай унутранага крызісу прадпрыемства, якое ня можа ўтрымліваць уласных працаўнікоў.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках