16 лiстапада 2024, Субота, 2:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека ў 2008 годзе

9
Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека ў 2008 годзе

Аргкамітэт Хартыі’97 вызначыў лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека за 2008 год. У намінацыі «За асабістую мужнасць» узнагароджваюцца Аляксандр Баразенка, Андрэй Кім, Сяргей Парсюкевіч і Галіна Юбко. У намінацыі «За адстойванне прынцыпаў свабоды слова» прэмію атрымлівае Юлія Дарашкевіч.






Аляксандр Баразенка

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка 9 снежня 2008 года быў прысуджаны да 1 года абмежавання волі без адбыцця пакарання ў выпраўленчай установе. Малады апазіцыянер праходзіў па так званай «справе 14-ці», узбуджанай супраць удзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Увесну 2008 года, падчас суду над дэманстрантамі, Аляксандр Баразенка знаходзіўся ў Польшчы, дзе працягваў вучобу пасля выключэння з менскага ўніверсітэта за палітычныя погляды. Моладзевы актывіст добраахвотна прыехаў у Менск і прыйшоў да следчага, бо лічыў, што ні ў чым не вінаваты і не павінен адчуваць страх за тое, што ўдзельнічаў у справядлівай акцыі па абароне правоў людзей. Аднак прама ў кабінеце следчага Баразенку арыштавалі. Апазіцыянер правёў паўтара месяцы ў следчым ізалятары і ўчора быў вызвалены з залы суду. Па словах Баразенкі, у турме яго падтрымлівалі словы Яна Паўла II: «Не бойцеся!».

Андрэй Кім

У красавіку 2008 года моладзевы лідэр Андрэй Кім быў прысуджаны да 1,5 год пазбаўлення волі. Маладога чалавека асудзілі за адстойванне правоў прадпрымальнікаў падчас акцыі пратэсту, а таксама на падставе сфальсіфікаваных паказанняў супрацоўнікаў міліцыі і АМАПа абвінавацілі ў нападзе на супрацоўніка ДАІ. Андрэй Кім стойка перанес 8-месяцовыя турэмныя выпрабаванні і быў вызвалены ў жніўні 2008 года па патрабаванні беларускай і міжнароднай грамадскасці. Мужнасць Андрэя Кіма натхняе сёння беларускую моладзь у барацьбе за свабоду сваёй краіны.

Сяргей Парсюкевіч

Адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху, былы маёр міліцыі Сяргей Парсюкевіч у красавіку 2008 года быў прысуджаны да 2,5 год калоніі агульнага рэжыму. У турме на Акрэсціна, падчас арышту за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў, апазіцыянер быў жорстка збіты ахоўнікам Аляксандрам Дулубам. Пазней супрацоўнік Акрэсціна, каб пазбегнуць абвінавачванняў у перавышэнні службовых паўнамоцтваў, сам абвінаваціў Парсюкевіча ў збіцці. Сваю віну прадпрымальнік не прызнаў. Палітвязень адбываў тэрмін у калоніі і быў вызвалены ў жніўні 2008 года. У сітуацыі, калі ўлады мэтанакіравана знішчаюць прыватны бізнэс, Сяргей Парсюкевіч не пабаяўся адкрыта выступіць у абарону сваіх правоў.

Галіна Юбко

3 гады таму ў сям'і Галіны Юбко адбылася страшная трагедыя — была забітая і спаленая ейная родная сястра Кацярына. Праваахоўныя органы адразу ж заявілі, што гэта няшчасны выпадак. Але Галіна Юбко сабрала і працягвае збіраць факты і доказы, на якія не звярнулі ўвагі ні следства, ні суд. Па прафесіі інжынер-тэхнолаг харчовай прамысловасці жанчына вымушаная была сысці з працы, каб цалкам прысвяціць сябе пошуку справядлівасці ў справе смерці сваёй сястры. Усе гэтыя гады Галіна Юбко напісала сотні скарг і заяваў генеральнаму пракуратуру і ў адміністрацыю Лукашэнкі. Але чыноўнікі даюць жанчыне фармальныя адпіскі. Галіна Юбко не апускае рукі і мае намер падаваць скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. Дамагаючыся праўды ў справе смерці сястры, жанчына стала дапамагаць людзям, якія сутыкнуліся з такой жа несправядлівасцю, як і яна. Галіна Юбко дапамагае ім пісаць скаргі, заявы, дамагацца прыёму ў высокапастаўленых чыноўнікаў і адстойваць свае правы.

Юлія Дарашкевіч

Фотакарэспандэнта газеты «Наша Ніва» Юлія Дарашкевіч прадстаўляе тых адважных беларускіх журналістаў, якія, нягледзячы на ціск з боку ўлад, працягваюць прафесійна выконваць свае абавязкі. Дзякуючы фатаграфіям Юліі Дарашкевіч, свет сёння ведае аб барацьбе беларусаў за свабоду і абуральных парушэннях правоў чалавека ў нашай краіне. Гэтую далікатную дзяўчыну з фотаапаратам можна ўбачыць на ўсіх акцыях пратэсту апазіцыі, у будынкаў судоў, дзе праходзяць палітычныя працэсы, у гушчы ўсіх падзей беларускага жыцця. Яе прафесіяналізм адзначаўся журналісцкімі прэміямі. Сваімі здымкамі Юлія Дарашкевіч сёння фіксіруе найноўшую гісторыю Беларусі.

Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека была заснаваная Хартыяй’97 у 1998 годзе. У розныя гады лаўрэатамі прэміі станавіліся абаронцы намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы Менска ў сакавіку 2006 года, палітвязні Аляксандр Казулін, Зміцер Дашкевіч, Міхаіл Марыніч, Артур Фінькевіч, Павел Севярынец, Мікола Статкевіч, Мікалай Аўтуховіч, актывістка Беларускага незалежнага прафсаюза Алена Захожая, вернікі, якія ўдзельнічалі ў галадоўцы ў абарону храма пратэстанцкай царквы «Новае жыццё», старшыня камітэта прыхода святога Іосіфа ў г.Менску Івона Мацукевіч, праваабаронца Валерый Шчукін, жонкі зніклых у Беларусі лідэраў апазіцыі і журналіста Ірына Красоўская, Зінаіда Ганчар, Святлана Завадская, жонка былога палітзняволенага Таццяна Клімава-Леановіч, Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, актывіст апазіцыі Ўладзімір Плешчанка, абаронцы Курапат, творчае аб'яднанне «Пагоня», музычныя гурты «N.R.M.», «Новае неба», закрыты ўладамі Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, журналісты Павел Мажэйка, Мікола Маркевіч, Віктар Івашкевіч, Любоў Лунёва, Юрась Карманаў, Марына Коктыш, Генадзь Барбарыч і іншыя вядомыя грамадскія дзеячы, палітыкі, журналісты.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках