8 лiстапада 2024, Пятніца, 19:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

60 год Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (Фота)

1

10 снежня 1948 года Генасамблея Арганізацыі Аб'яднаных Нацый прыняла Ўсеагульную дэкларацыю правоў чалавека. Штогод у гэты дзень у Беларусі праходзяць мірныя акцыі пратэсту.

Стваральнікамі Дэкларацыі былі сябры Камісіі ААН па правах чалавека, створанай 16 лютага 1946 года. Старшынёй камісіі стала ўдава прэзідэнта ЗША Франкліна Рузвельта – Элеанора, якая мела заслужаны міжнародны аўтарытэт барацьбіта за правы чалавека.

«Усе людзі нараджаюцца свабоднымі і роўнымі ў сваёй годнасці і правах. Яны нададзеныя розумам і сумленнем і павінныя паступаць у адносінах адзін аднаго ў духу братэрства», -- гучыць першы артыкул Дэкларацыі правоў чалавека.

На гэтай высокай гуманістычнай ноце гучаць і астатнія - усе 30 артыкулаў Дэкларацыі, якія абвяшчаюць і абараняюць самыя галоўныя, базавыя правы чалавека.

Гэты выбітны дакумент, які Элеанора Рузвельт назвала Вялікай Хартыяй вольнасцяў для ўсяго чалавецтва, быў прыняты на паседжанні Генеральнай асамблеі ААН пераважнай большасцю галасоў краін-удзельніц, толькі пры 10 краінах, якія ўстрымаліся або што галасавалі супраць (рэзалюцыя N217 ад 10 снежня 1948 года).

Сярод апошніх быў і Савецкі Саюз. І толькі пасля далучэння СССР у 1976 годзе да Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах і да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, якія ствараліся на аснове палажэнняў Дэкларацыі і сталі абавязковымі для выканання ўсімі іх падпісантамі, таталітарная дзяржава фармальна ўвайшла ў кола краін, якія прызнавалі і абавязваліся выконваць правы чалавека.

Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека стала падставай для шэрагу дакументаў Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (Хельсінкі, 1975 год). У прыватнасці, той іх часткі, якая датычылася гуманітарных сфер: культуры, адукацыі, абмену інфармацыяй, кантактаў паміж людзьмі і да т.п.

Як вядома, гэтыя дакументы і кантроль за іх практычным выкананнем сталі асновай для дзейнасці дысідэнцкіх праваабарончых Хельсінскіх груп у Савецкім Саюзе. Так высокія і справядлівыя ідэі пераадольвалі зло і няпраўду, змянялі свет да лепшага.

Па дадзеных ААН, цяпер Дэкларацыя перакладзеная больш чым на 300 моваў свету, яна стала адным з самых распаўсюджаных тэкстаў у сусветнай гісторыі. У шматлікіх канстытуцыях краін свету, у першую чаргу тых, якія прымаліся пасля Другой сусветнай вайны і стварэнні ААН, у той ці іншай форме прысутнічаюць ідэі першага артыкула Дэкларацыі.

У гонар прыняцця Дэкларацыі 10 снежня абвешчанае ААН Сусветным днём правоў чалавека, які адзначаецца з 1950 года. У адмысловай рэзалюцыі па гэтым пытанні Генеральная асамблея ААН адзначыла: «Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека з'яўляецца значным крокам наперад на шляху прагрэса чалавецтва».

Дзень правоўчалавека ў Беларусі

Штогод 10 снежня ў Беларусі праходзяць мірныя акцыі пратэсту. Беларусы выходзяць на вуліцы, праводзяць мітынгі, пікеты, шэсці і патрабуюць ад улад спыніць татальнае зневажанне правоў і свабод чалавека.

10 снежня 2002 года Міжнародны дзень правоў чалавека быў адзначаны ў Менску акцыяй у памяць аб палітычна рэпрэсаваных беларусаў. Больш чым двесці чалавек прыйшлі на Кастрычніцую плошчу сталіцы з партрэтамі бясследна зніклых палітыкаў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, журналіста Зміцера Завадскага, бізнэсмэна Анатоля Красоўскага, асуджаных журналістаў Паўла Мажэйкі і Міколы Маркевіча, памерлага пры загадкавых акалічнасцях віцэ-спікера Вярхоўнага Савета 13-га склікання Генадзя Карпенкі, актывіста Зубра Андрэя Зайцава, даведзенага да самагубства супрацоўнікамі КДБ.

Маці і сын выкрадзенага журналіста Зміцера Завадскага

Міжнародны каардынатар Хартыі'97 Андрэй Саннікаў і ўдава выкрадзенага бізнэсмэна і грамадскага дзеяча Ірына Красоўская

Зінаіда Ганчар і вядомая праваабаронца Людміла Гразнова

10 снежня 2003 года ў Менску прайшла акцыя «Мы памятаем» у абарону правоў чалавека і ў памяць аб зніклых у Беларусі людзях. Ініцыятарам акцыі выступілі жонкі зніклых Святлана Завадская і Ірына Красоўская. 500 чалавек сталі ланцугом на праспекце Скарыны з запаленымі свечкамі і партрэтамі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зміцера Завадскага. Нягледзячы на мірны характар акцыі, людзьмі ў цывільным была арыштаваная актывістка Хартыі’97, журналіст Наталля Каляда. Супрацоўнікі міліцыі, апранутыя ў цывільнае, спрабавалі перашкодзіць правядзенню акцыі.

10 снежня 2004 года сотні людзей вышлі на Кастрычніцкую плошчу Менска з партрэтамі зніклых у Беларусі лідэраў беларускай апазіцыі і журналіста, памерлага пры загадкавых акалічнасцях віцэ-спікера Вярхоўнага Савета 13 склікання Генадзя Карпенкі і палітвязня Міхаіла Марыніча. Удзельнікі акцыі трымалі транспаранты «Лукашэнка! Дзе Ганчар, Красоўскі, Завадскі?!», «Свабоду Марынічу!», «Свабоду палітвязням!», «Сёння Ўкраіна, заўтра Беларусь!», «Можна сфальсіфікаваць выбары, але нельга схаваць праўду». На руках шматлікіх з іх, у знак салідарнасці з рэвалюцыяй ва Ўкраіне, былі завязаныя аранжавыя стужачкі, некаторыя трымалі сцягі Еўрапейскага Звяза. Акцыя працягнулася каля будынка КДБ. На ўваходных дзвярах ва ўстанову ўдзельнікі акцыі прыляпілі партрэты зніклых апазіцыянераў.

Удава выкрадзенага журналіста Святлана Завадская з сынам Юрай

Міжнародны каардынатар Хартыі'97 Андрэй Саннікаў і вядомая журналістка Ірына Халіп

10 снежня 2005 года вядомыя беларускія праваабаронцы распаўсюджвалі ў цэнтры Менска справаздачу спецыяльнага дакладчыка па Беларусі Камітэта па справах правоў чалавека ААН Андрыяна Сяверына аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Нагадаем, што беларускія ўлады забаранілі Сяверыну ўезд на тэрыторыю Беларусі падчас падрыхтоўкі ім гэтай справаздачы.

10 снежня 2006 года ў Менску была разагнаная акцыя салідарнасці з палітвязнем Аляксандрам Казуліным, які да таго часу ўжо 52 дні галадаў у віцебскай выпраўленчай калоніі. Больш за 50 чалавек вышлі на Кастрычніцкую плошчу Менска з партрэтамі палітвязня, расцяжкамі, плакатамі і скандавалі «Свабоду Казуліну!». Па дадзеных праваабаронцаў, былі затрыманыя 30 чалавек. Сярод іх – намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Валянціна Палевікова, праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Сцяфанавіч, Алесь Каліта. Супрацоўнікі АМАПа пры разгоне акцыі білі людзей дубінкамі па нагах.

Супрацоўнікі міліцыі павалілі на зямлю вядомага праваабаронцу Валянціна Сцяфанавіча

10 снежня 2007 года тысяча прадпрымальнікаў выйшла на вуліцы Менска і прайшлі ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці, каб перадаць уладам патрабаванне даць свабоду прыватнаму бізнэсу і адмяніць дыскрымінацыйныя ўказы Аляксандра Лукашэнкі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках