15 лiстапада 2024, Пятніца, 16:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Злотнікаў: Уладам прыйдзецца ўключыць друкаваны станок

37

Урад Беларусі прыняў рашэнне павялічыць статутныя фонды чатырох найбуйнейшых дзяржбанкаў на 2 трыльёны рублёў.

Гэтая мера закліканая падвысіць ліквіднасць банкаўскай сістэмы. Паколькі такіх грошай у наяўнасці ў урада няма, эксперты лічаць, што дзяржаве прыйдзецца ўключыць друкаваны станок, што, у сваю чаргу, справакуе скачок інфляцыі ў краіне, паведамляюць «Белорусские новости».

Нагадаем, у канцы лістапада Аляксандр Лукашэнка ўхваліў павелічэнне статутных фондаў дзяржбанкаў на суму каля 1,5 млрд. даляраў у эквіваленце за кошт дзяржавы для падвышэння ўзроўня іх капіталізацыі і стабільнасці. Тэхнічна павелічэнне статутнага фонду дзяржбанкаў выглядае наступным чынам. Як паведамляе «Интерфакс-Запад», спасылаючыся на ўказ прэзідэнта № 687 ад 17 снежня, будуць выпушчаныя доўгатэрміновыя (на 10 гадоў) дзяржаўныя паперы, якія будуць прададзеныя банкам «з наступным унясеннем атрыманых сродкаў у якасці грашовых унёскаў у іх статутныя фонды».

Такім спосабам статутны фонд «Беларусбанка» плануецца павялічыць на 650 млрд. рублёў (на 39,7%) да 2288,8 млрд. рублёў, «Белаграпрамбанка» — на 950 млрд. рублёў (на 50,6%) да 2828,6 млрд. рублёў, «Белінвестбанка» — на 200 млрд. рублёў (у 2,1 разы) да 382,1 млрд. рублёў, «БПБ-банк» (Белпрамбудбанк) — на 200 млрд. рублёў (у 2,03 разы) да 394,1 млрд. рублёў.

На думку экс-кіраўніка Нацбанка Станіслава Багданкевіча, не зусім зразумела, чаму дзяржава будзе прадаваць банкам дзяржпаперы: «Гэта банк можа выпусціць і прадаць свае паперы, атрымаўшы рэальныя грошы, каб накіраваць іх на павелічэнне статутнага фонду. Тады гэта будзе мець нейкі сэнс».

Эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць, што дзяржаве прыйдзецца ўключыць друкаваны станок для новых грошай, што прывядзе да значнага росту інфляцыі. «Гэтае папросту інфляцыйнае напампоўванне грошай. Нічога іншага за гэтым не стаіць», — сказаў ён «Беларускім навінам».

У дзяржавы няма ў наяўнасці амаль мільярда даляраў, каб узяць і перадаць іх дзяржаўным банкам, адзначыў эксперт. Калі дзяржава прадае банкам аблігацыі, бярэ грошы і адразу ж гэтыя грошы вяртае, дык фактычна яна дае ім проста паперку. І па гэтай паперцы банкі будуць атрымліваць у Нацбанка ўжо сапраўдныя грошы. «Для Нацбанка гэта азначае чыстую крэдытную эмісію. Іншага варыянту я не бачу», — робіць выснову Леанід Злотнікаў. Паводле яго ацэнцы, грашовая маса ў краіне ў выніку такіх аперацыяў урада можа павялічыцца на 7-8 трыльёнаў рублёў. А гэта, у сваю чаргу, прывядзе да вітка інфляцыі ў краіне.

Нацбанк можа выдаць грошы з валютнага рэзерву. Аднак на скарачэнне запасаў на амаль адзін мільярд даляраў дзяржава наўрадці пойдзе. Гэтага не зразумее і місія МВФ, якая ў гэтыя дні працуе ў Менску і павінна вынесці свой вердыкт аб вылучэнні крэдыту ў 2 мільярды даляраў.

На 1 кастрычніка 2008 года сукупны статутны фонд беларускіх банкаў быў роўны 5,4 трлн. рублёў (2,5 млрд. даляраў), павялічыўшыся з пачатку года на 20%. Пасля рэалізацыі рашэнняў уладаў па павелічэнні статутнага фонду банкаў яго сукупны памер вырасце больш чым на 55% да 3,8 млрд. даляраў. У параўнанні з пачаткам 2008 года сукупны статутны фонд беларускіх банкаў вырасце ў 1,9 разы.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках