15 лiстапада 2024, Пятніца, 17:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Часова прыпыненыя ўсе праверкі прадпрымальнікаў

22

Аляксандр Лукашэнка прыпыніў правядзенне кантролю і нагляду за дзейнасцю юрасобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Праверкі прыпыненыя да ўступлення ў сілу спецыяльнага ўказу, які будзе рэгламентаваць адзіны парадак правядзення кантрольнай і нагляднай дзейнасці.

Гэта прадугледжана ўказам прэзідэнта №689 ад 19 снежня 2008 года.

У адпаведнасці з дакументам, гэтае палажэнне не распаўсюджваецца на праверкі па даручэнні прэзідэнта і прэзідыўма ўрада, а таксама на праверкі, якія праводзіць Беларусбанк адносна захавання нормаў давання ільготных крэдытаў на будаўніцтва жылля, і праверкі, якія ініцыююцца суб'ектамі гаспадарання.

Таксама будуць працягвацца праверкі па ўзбуджаных, у тым ліку і раней, крымінальных і адміністрацыйных справах.

Падставай для правядзення праверкі будзе з'яўляцца і даручэнне кіраўніцтва органаў дазнання, следчага, пракурора, міністра па падатках і зборах і яго намеснікаў, кіраўніцтва абласных падатковых інспекцыяў, старшыні Камітэта дзяржкантролю і яго намеснікаў, кіраўнікоў абласных структураў Камітэта дзяржкантролю, старшыні ГМК і яго намеснікаў. Усе гэтыя асобы могуць ініцыяваць праверкі пры наяўнасці дакладных звестак аб злачынстве ці адміністрацыйным правапарушэнні, якое здзяйсняецца ці здзейсненае, у межах кампетэнцыі гэтых службовых асобаў.

Праверка дзейнасці юрасобы і індывідуальнага прадпрымальніка можа праводзіцца ў сувязі з рэарганізацыяй ці спыненнем дзейнасці.

Таксама могуць праводзіцца праверкі, не звязаныя з рэвізіяй фінансава-гаспадарчай дзейнасці, пры кантролі на небяспечных вытворчасцях, пры правядзенні санітарнага нагляду, дзяржаўнага буднагляду на аб'ектах за забеспячэннем бяспекі людзей. Пры гэтым санітарны і буднагляд могуць праводзіцца не часцей за 1 раз ў год, за выключэннем выпадкаў наяўнасці дакладных звестак аб злачынстве (адміністрацыйным правапарушэнні), якое здзяйсняецца ці здзейсненае. Такія пазапланавыя праверкі праводзяцца па даручэнні кіраўніцтва адпаведных дзяржорганаў.

Дзеянне ўказу таксама не распаўсюджваецца на банкі і небанкаўскія крэдытна-фінансавыя ўстановы.

Праверкі, распачатыя да даты падпісання гэтага ўказу, павінны быць скончаныя да 2 студзеня 2009 года.

У адпаведнасці з дакументам, урад на працягу 6 месяцаў падрыхтуе і ўнясе на разгляд прэзідэнта праект указу, які будзе рэгламентаваць кантрольную і наглядную дзейнасць у Беларусі.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках