15 лiстапада 2024, Пятніца, 10:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Акцыі салідарнасці з палітвязнем Баразенкам працягваюцца (Фота)

Акцыя салідарнасці з палітвязнем Аляксандрам Баразенкам традыцыйна прайшла ўчора каля сцен СІЗА па вуліцы Валадарскага ў Менску.

Некалькі дзясяткаў актывістаў «Маладога Фронту» і грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» сталі каля ізалятара ў ланцужок, трымаючы ў руках партрэты палітвязня і плакаты «Ты павінен быць з намі».

На акцыю салідарнасці прыйшлі і лідэры «Маладога Фронту» - Зміцер Дашкевіч, Анастасія Палажанка, Зміцер Хведарук, паведамляе сайт mfront.net.

Міліцыя назірала за мерапрыемствам, але ўдзельнікаў акцыі не затрымоўвала.

Моладзевыя актывісты прыходзяць да сцен СІЗА, дзе ўтрымліваецца Аляксандр Баразенка, з партрэтамі палітвязня штодня ў 19 гадзін. Падчас акцый распаўсюджваюцца друкаваныя матэрыялы з інфармацыяй аб ім.

Актывіст грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Аляксандр Баразенка быў арыштаваны 27 кастрычніка проста ў будынку Следчага камітэта папярэдняга расследавання ГУУС Менгарвыканкама, куды ён прыйшоў на допыт. Апазіцыянер з'яўляецца адным з абвінавачаных па «справе 14-ці» - крымінальнай справе, узбуджанай па арк. 342 КК Рэспублікі Беларусь у дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года. Паказальна, што арышт адбыўся фактычна адразу пасля адмены Еўразвязам санкцыяў у дачыненні да высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках