15 лiстапада 2024, Пятніца, 7:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка спадзяецца, што да канца 2009 года кошт на газ упадзе

43

Кошт на газ для Беларусі напрацягу 2009 года нібыта будзе паніжаны, а пасля Новага года будзе разгледжанае пытанне аб прызнанні ПА і Абхазіі.

Аб гэтым заявіў учора Аляксандр Лукашэнка, калі знаходзіўся з візітам у Брэсцкай вобласці.

"Кошт на газ для Беларусі будзе падаючы. З 1 студзеня да 31 снежня 2009 года ён значна ўпадзе, прыкладна ў 2,5-3 разы і ў сярэднім па годзе будзе прымальным для нас", - сказаў беларускі кіраўнік.

Каментуючы вынікі перамоваў прэзідэнтаў Беларусі і Расеі, якія прайшлі ў Маскве, Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што бакі дамовіліся па ўсіх пытаннях. Па ягоных словах, у Беларусі ўдзячныя за гэтыя дамоўленасці, і наша краіна не застанецца ў даўгу, перадае БЕЛТА.

"Мы адпрацуем. І гэта знайшло разуменне ў кіраўніцтве Расейскай Федэрацыі. Хоць спрэчкі былі гарачымі, але мы ў прынцыпе дамовіліся", - адзначыў беларускі кіраўнік.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што перамовы былі цяжкімі. "Сітуацыя складалася не горшым чынам на нашу карысць, і тым не менш мы не гулялі на гэтай сітуацыі супраць Расейскай Федэрацыі, - сказаў Лукашэнка. - З нашага боку няма ніякіх перашкод у рашэнні ўсіх пытанняў, якія паставіла перад намі Расея: і ваенна-палітычных, і дыпламатычных, і сацыяльных, і эканамічных. Мы прымаем усе прапановы і гатовыя весці па іх перамовы".

«Палатка» разгледзіць пытанне аб прызнанні незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі пасля Новага года

Аляксандр Лукашэнка не выключае, што пасля Новага года беларускі парламент можа разгледзець звароты Паўднёвай Асеціі і Абхазіі аб прызнанні іх незалежнасці, перадае “Інтэрфакс”.

"Пасля Новага года наш парламент разгледзіць гэтыя пытанні, і калі будзе на тое воля народа і парламента, то прэзідэнт падпіша адпаведны ўказ (аб прызнанні незалежнасці - ІФ)", - заявіў А.Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік паведаміў, што гэтая тэма абмяркоўвалася на перамовах у Маскве з кіраўніцтвам Расеі 22 снежня. "Пытанні Абхазіі, Паўднёвай Асеціі - гэта была рыска ў нашых перамовах", - сказаў А.Лукашэнка. Па ягоных словах, "гэтыя пытанні - пытанні нашых адносін з Абхазіяй, Паўднёвай Асеціяй".

Лукашэнка абвінаваціў расейскія СМІ у праяве " імперскага сіндрому"

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што інфармацыйныя правакацыі з боку Расеі напярэдадні сустрэчы прэзідэнтаў з'яўляюцца выражэннем імперскага сіндрому.

"Гэты імперскі сіндром не дае жыць некаторым расейскім чыноўнікам. Гэтыя дзеянні банальныя, мы ўжо загадзя ведаем, як яны будуць "зліваць" гэтую інфармацыю. Гэта ўжо проста надакучыла. Яны не здольныя прыдумаць што-небудзь новае, але заўсёды падкідваюць, што яны, маўляў, такія вялікія і да іх паўзуць на каленах", - сказаў ён.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, сваю рэакцыю на гэта ён выказаў на сустрэчы з Прэзідэнтам Расеі Дзмітрыем Мядведзевым у Маскве: Беларусь ні ў якім разе не з'яўляецца нахлебнікам і не прыйшла нешта прасіць. "Маё стаўленне да падобных рэчаў вы ведаеце. У гэты раз вельмі жорстка адрэагаваў на падобныя "злівы" і пагрозы беларускі бок, і вы бачылі, як на наступны дзень змянілася танальнасць у расейскіх сродках масавай інфармацыі", - адзначыў ён.

Заўвага www.charter97.org: Калі кошт на газ павінны ўпасць ў 2,5-3 разы да канца года, то, значыць, Лукашэнку атрымалася дамовіцца на пачатак года на кошт, якая перавышае 200 і больш даляраў? Мабыць, расейцы перадавалі дакладную інфармацыю аб тым, што кошт на газ для Беларусі ў 2009 годзе будзе еўрапейскім і значна большым у параўнанні з мінулым годам.

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках