15 лiстапада 2024, Пятніца, 1:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Меркаванне экспертаў: «Дэвальвацыя беларускага рубля непазбежная»

23

Да канца года курс даляра не перавысіць 2200 рублёў. А вось што будзе далей?

Міжнародныя аналітыкі лічаць, што на сусветным рынку даляр будзе расці ў першым паўгоддзі 2009-га, а, магчыма, і ўвесь наступны год. Аб тым, як амерыканская валюта будзе паводзіць сябе па стаўленні да беларускай на працягу бліжэйшага месяца, газета «Салідарнасць» высвятляла ў эканамістаў і журналістаў.

Станіслаў Багданкевіч, экс-старшыня Нацбанка Беларусі:

— Які будзе курс даляра на канец студзеня, прадбачыць складана, улічваючы, што ў нас не рынкавае азначэнне курсу, а ўсё залежыць ад волі адміністрацыі. Могуць трымаць у вузкіх межах, могуць адпусціць да 2500 рублёў.

Усё залежыць ад адміністрацыйных рашэнняў. Калі амаль кожны дзень з рэзерваў Нацбанка вылучаецца па некалькіх дзясяткаў мільёнаў для падтрымання курсу – казаць аб рынкавым курсе не прыходзіцца.

Калі будзе падпісаны крэдыт МВФ, і калі Лукашэнка прывязе з Масквы яшчэ дадаткова некалькі мільярдаў да тых, што ўжо былі вылучаныя, тады рубель будзе дэвальвавацца павольна -- у межах 10% на працягу года. Калі ж да 1 студзеня не падпішуць дамовы аб знешніх крэдытах, то, я лічу, дэвальвацыя будзе больш сур'ёзная, і ўжо на 1 лютага курс складзе мінімум 2500 рублёў.

Аляксандр Класкоўскі, палітолаг:

-- Адразу абмоўлюся, што я не фінансіст. З іншага боку, курс даляра – гэта ў нас пытанне больш палітычнае, чым фінансавае. І з гэтага пункту гледжання, думаю, кіраўніцтва краіны будзе імкнуцца ўтрымаць усёткі курс на больш нізкай мяжы.

Зразумела, што пасля новага года ён пяройдзе за 2200 рублёў: новы год – новы калідор. Але, думаю, абывацеляў паспрабуюць не палохаць рэзкім скокам і на канец студзеня даляр можа каштаваць 2250-2270 рублёў.

Хоць, падобна, дэвальвацыя непазбежная і, ізноў жа зыходзячы з палітычных меркаванняў, хутчэй за ўсё, будуць адсякаць хвост у некалькі прыёмаў. Іншымі словамі, каб не агаломшыць народ рэзкай дэвальвацыяй, расцягнуць гэта «задавальненне» на некалькі разоў. Хоць у выніку, думаю, гэта будзе значны адсотак – 20%, а то і больш.

Як павядзе сябе даляр далей, будзе залежаць ад цэлага шэрагу фактараў, якія знаходзяцца ў тым ліку за межамі Беларусі. Гэта будзе таксама датычыцца маштабаў і працягласці сусветнага фінансавага крызісу. У любым выпадку зразумела, што беларуская эканоміка насуперак вось гэтаму міфу аб стабільнасці, аб нейкай асаблівай мадэлі – мала адкрытая эканоміка, якая вельмі ўразлівая перад такімі знешнімі ўздзеяннямі. Беларусь цяпер як арэхавая шкарлупіна. Таму мы і бачым гэтыя кіданні і просьбы аб крэдытах то ў МВФ, то ў Расеі.

Уладзімір Тарасаў, аглядальнік газеты «Белорусы и рынок»:

— Вельмі складана прадказаць паводзіны Нацбанка. Найбольш верагодна, курс даляра на канец студзеня будзе крыху вышэй за 2200 рублёў. Гэта значыць Нацбанк, відаць, пачне з новага года паступовую дэвальвацыю беларускага рубля і дэвальвуе на 1 або 2% за гэты перыяд.

Паколькі ў нас курс даляра рэгулюецца Нацбанкам, то ўсё залежыць ад ягоных рашэнняў. Але не выключана, што Нацбанк пад уздзеяннем кіраўніцтва краіны, пад дзеяннем патрабаванняў МВФ і, магчыма, расейскага боку, дзе расейскі рубель вельмі моцна дэвальваваў па стаўленні да даляра, можа паскорыць працэс дэвальвацыі і ў нас у краіне. Гэта будзе залежаць ад вынікаў перамоў прэзідэнта Беларусі з прэзідэнтам Расеі і ад выніку перамоў з МВФ.

Другім па верагоднасці варыянтам можа стаць вялікая дэвальвацыя -- каля 5%. Самы малаверагодны варыянт – гэта малаважная дэвальвацыя – менш за 1%.

Леанід Заіка, кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія»:

— Грашовая палітыка на 2009 год невядомая. Яе не ведае ніхто – ні Пракаповіч, ні іншыя. Вядома, будуць імкнуцца трымаць даляр у межах 2250-2300, максімум 2400 рублёў. Калі не будзе прынятае рашэнне аб аднаразовай дэвальвацыі. А дэвальвацыю можна праводзіць па ўкраінскім шляху на 50% -- тады ўсе, хто зарабляе ў далярах, будуць вельмі радыя, а вось астатнія…

Але гэта рабіць небяспечна. Я думаю, што гэта ўсё жа будзе мякчэйшая дэвальвацыя. Калі ж выходзіць на чыста рынкавы варыянт, то курс ужо цяпер павінен быў бы быць 2600 – 3000 рублёў.

Атрыманне жа крэдытаў не дасць прынцыпова новых магчымасцяў для беларускай эканомікі. Больш за тое, грошы будуць сыходзіць вельмі хутка.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках