17 лiстапада 2024, Нядзеля, 3:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Транзіт расейскіх нафтапрадуктаў па тэрыторыі Беларусі даражэе больш чым на 50%

18
Транзіт расейскіх нафтапрадуктаў па тэрыторыі Беларусі даражэе больш чым на 50%

Мінэканомікі прыняло пастанову «Аб тарыфе на паслугі па транспартоўцы нафтапрадуктаў па магістральных нафтапрадуктаправодах, размешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Тарыф на транзіт расейскіх нафтапрадуктаў падвышаецца на 52,8%.

З 1 студзеня 2009 года ён будзе складаць 1,36 даляра за тону, перамешчаную на адлегласць 100 кіламетраў.

Як паведаміла прэс-служба Мінэканомікі, пастанова прынятая ў адпаведнасці з дамовай паміж урадамі Беларусі і Расеі аб узаемадзеянні пры эксплуатацыі магістральных нафтапрадуктаправодаў, размешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, ад 8 чэрвеня 2004 года.

Дадзены дакумент адмяняе дзеянне пастановы Мінэканомікі № 7 ад 17 студзеня 2005 года, паводле якога быў усталяваны тарыф 0,89 даляра за тону нафтапрадуктаў, перамешчаных на 100 км.

Па дадзеных Белстата, магістральнымі трубаправодамі ў студзені—кастрычніку 2008 года перапампавана 71,3 млн. тон нафты, або 94,6% да ўзроўня студзеня—кастрычніка 2007 года.

Нагадаем, што 1 снежня прэм'ер-міністр Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў распараджэнне аб будаўніцтве Балтыйскай трубаправоднай сістэмы-2 (БТС-2). Яна злучыць горад Унечу ў Бранскай вобласці з балтыйскім портам Усць-Луга. Мяркуецца, што па гэтай галіне можна будзе прапампоўваць да 50 млн тон у год. Арыентыровачныя тэрміны будаўніцтва - 18 месяцаў.

Ідэя стварэння БТС-2 паўстала ў момант самога вострага канфлікту паміж Расеяй і Беларуссю, калі ў пачаткі 2007 года Еўропа чатыры дні не атрымлівала расейскай нафты па нафтаправодзе "Дружба" з-за транзітных прэтэнзій беларускага боку. БТС-2 як раз з'яўляецца альтэрнатывай "Дружбе" - мяркуецца, што з яе дапамогай можна будзе пастаўляць нафту ў Еўропу ў абыход тэрыторыі Беларусі.

Запланаванае таксама на 1 снежня паседжанне вышэйшага дзяржсавета "саюзнай дзяржавы" было адкладзенае. Аляксандр Лукашэнка не прыехаў у Маскву, як планавалася. Расейскія СМІ сцвярджаюць, што адмена дзяржсавета звязаная з тым, што беларускі бок у апошні момант вырашыў ўносіць у позву паседжання пытанне кошту на газ.

У бюджэце Беларусі на наступны год чамусьці закладзены кошт у $140 за тысячу кубаметраў. І гэта пры тым, што, па прагнозных адзнаках, у 2009 годзе ён будзе значна вышэйшым - у раёне $200. "Ніякіх падставаў для перагляду дзейснага кантракту мы не бачым", - паведамілі ў адказ на гэта ў "Газпраме". Менску на нейкае дамоўнае паніжэнне кошту разлічваць не прыходзіцца.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках