15 лiстапада 2024, Пятніца, 12:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валенса, Сікорскі і Далай-Лама больш даведаліся аб сітуацыі ў Беларусі (Фота)

Моладзевыя лідэры Беларусі сустрэліся з заснавальнікам легендарнай польскай «Салідарнасці» Лехам Валенсай, кіраўніком МЗС Польшчы Радаславам Сікорскім і Далай-Ламай.

5-6 снежня ў Гданьску прайшла канферэнцыя «Салідарнасць для будучыні», прысвечаная 25-м угодкам уручэння Нобелеўскай прэміі міру лідэру польскай «Салідарнасці» Леху Валенсе.

Перад удзельнікамі канферэнцыі выступілі прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі, прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Жазэ Мануэль Барозу, духоўны лідэр тыбецкага народа, лаўрэат прэміі міру Далай-Лама, старшыня камісіі замежных спраў Еўрапарламента Яцэк Сарыўш-Вольскі, прэзідэнт Сербіі Борыс Тадзіч, прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск і іншыя вядомыя палітыкі Еўропы і свеце.

Ад Беларусі ў канферэнцыі прынялі ўдзел актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Атрошчанкаў і Павел Юхневіч, лідэр кампаніі «Джынс за свабоду!» Яўген Афнагель, лідэры «Маладой Беларусі» Артур Фінькевіч, Цімафей Дранчук, Зміцер Каспяровіч, лідэр «Моладзі БНФ» Франак Вячорка і кіраўнік руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.

Моладзевыя лідэры Беларусі правялі сустрэчы з былым прэзідэнтам Польшчы, лідэрам «Салідарнасці» Лехам Валенсай, духоўным лідэрам Тыбета Далай-Ламай і міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім.

«Сустрэча з Валенсай вельмі спадабалася. Мы сказалі аб тым, што ягоны жыццёвы шлях з'яўляецца прыкладам для нас і для барацьбітоў за свабоду ва ўсім свеце. Распавялі аб маючым адбыцца судзе над палітвязнем Аляксандрам Баразенкам. Таксама прайшла сустрэча з Радаславам Сікорскім. Мы нагадалі яму, што ні адны выбары ў Беларусі з 1996 года не былі прызнаныя вольнымі і дэмакратычнымі, таму перамовы Захаду з рэжымам Лукашэнкі без удзелу апазіцыі і грамадзянскай супольнасці не могуць адбывацца, паколькі дыктатура нелегітымная і не прадстаўляе народ Беларусі. Радаслаў Сікорскі таксама выказаў заклапочанасць маючым адбыцца судом над актывістам «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандрам Баразенкам і паабяцаў згадаць аб ім на сустрэчы міністраў замежных спраў краін Еўразвяза, якая пройдзе ў 8 снежня ў Брусэлі», -- паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 пасля канферэнцыі актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандр Атрошчанкаў.

5 снежня, пасля афіцыйнага адкрыцця канферэнцыі, адбылася сустрэча Яўгена Афнагеля, Аляксандра Атрошчанкава і Паўла Юхневіча з Далай-Ламай.

«Мы распавялі аб сітуацыі з правамі чалавека ў нашай краіне, аб маючым адбыцца судзе над актывістам «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандрам Баразенкам. Духоўны лідэр Тыбета выказаў заклапочанасць сітуацыяй у Беларусі. Для мяне гэта прыклад чалавека, які паказаў, як шмат можна дамагчыся, калі захоўваць вернасць сваёй краіне, сваім прынцыпам і ідэалам свабоды і справядлівасці», -- адзначыў Аляксандр Атрошчанкаў.

Жазэ Мануэль Барозу, Лех Валенса і Дональд Туск

Лех Валенса і Яўген Афнагель

Лех Валенса і Аляксандр Атрошчанкаў

Лех Валенса і Артур Фінькевіч

Аляксандр Атрошчанкаў, Яўген Афнагель і Артур Фінькевіч з кіраўніком МЗС Польшчы Радаславам Сікорскім

Прэс-сакратар «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандр Атрошчанкаў і Далай-Лама

Сустрэча Яўгена Афнагеля, Аляксандра Атрошчанкава і Паўла Юхневіча з Далай-Ламай

Фота Юліі Дарашкевіч, "Наша Ніва"

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках