15 лiстапада 2024, Пятніца, 8:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд над палітвязнем Баразенкам: стыхійныя акцыі пратэсту і правакацыі ўладаў (Фота, відэа)

35
Суд над палітвязнем Баразенкам: стыхійныя акцыі пратэсту і правакацыі ўладаў (Фота, відэа)

У судзе Цэнтральнага раёна Менска 8 снежня пачаўся працэс па справе палітвязня Аляксандра Баразенкі. У залу не пусцілі большасць праваабаронцаў і палітыкаў – памяшканне запоўнілі студэнтамі Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта, якіх прымусова прывялі ў суд.

На працэс па справе палітвязня прыйшлі лідэры і актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, Зміцер Бандарэнка, Зміцер Бародка, Павал Юхневіч, Яўген Афнагель, намеснікі старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч і Вінцук Вячорка, лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і іншыя. Прысутнічалі таксама шмат праваабаронцаў і журналістаў, прадстаўнікі замежных амбасадаў, а таксама ўжо асуджаныя ўдзельнікі «Працэсу 14-ці».

У залу суду, аднак, змаглі прайсці ўсяго некалькі чалавек. Супрацоўнікі АМАПа запусцілі туды студэнтаў БАТУ. Чаму менавіта імі вырашылі запоўніць судовую залу – невядома. Са студэнтамі прыехаў выкладчык, які не дазваляў журналістам з імі размаўляць.

Выкладчык, які прывёў студэнтаў, вырваў з рук карэспандэнта «Радыё Свабода» фотаапарат і ўсяляк спрабаваў перашкодзіць працы СМІ. «Трэба забраць у яго фотаапарат і, перш за ўсё, знішчыць відэазапіс. Калі ён з'явіцца ў Інтэрнэце, будзе вялікі скандал!», -- тлумачыў выкладчык міліцыянту.

У залі суду Аляксандра Баразенку змясцілі ў клетку, нібыта небяспечнага злачынцу. Апазіцыянер падаў хадайніцтва з просьбай вызваліць яго з клеткі, аднак суддзя Наталля Вайцяховіч адхіліла просьбу.

Баразенка сваёй віны не прызнаў і адмовіўся даваць паказанні.

На судзе выступілі сведкі абвінавачвання. Усе яны давалі супярэчлівыя паказанні. Як паведамляе з залы суду «Наша Ніва», намеснік начальніка ДАІ Менска Падбярозкін заявіў, што ўдзельнікі акцыі пратэсту прадпрымальнікаў нібыта мелі пры сабе антыдзяржаўную сімволіку і расцяжкі, а таксама нібыта нецэнзурна лаяліся. Пры гэтым Аляксандра Баразенку ён не пазнаў.

Інспектар ДАІ Дзеравянка практычна на ўсе пытанні адказваў, што ён нічога не памятае.

Дырэктар крамы «Ласунак», які знаходзіцца каля ГУМу, Філіпенкава сказала, што выручка ў дзень акцыі пратэсту, 10 снежня, была меншая чым звычайна, але мітынгу і шэсця яна асабіста не бачыла.

Тым часам каля суду сабраліся некалькі дзясяткаў моладзевых актывістаў, якія трымалі ў руках вялікі транспарант «Свабоду Баразенку!», бел-чырвона-белы сцяг і партрэты вязня сумлення і скандавалі «Жыве Беларусь!», «Свабоду Баразенку!».

Акцыя салідарнасці ля суду праходзіла больш за тры гадзіны. Лозунгі «Свабоду!», «Жыве Беларусь!» былі чутныя не толькі ў зале, дзе праходзіць працэс, але і ва ўсім квартале. Каля будынка суда апазіцыянеры нават зладзілі феерверк, каб падтрымаць падсуднага Баразенку.

У 17.00 працэс скончыўся. Працяг прызначаны на заўтра, на 9.30.

Як паведамляе «Радыё Свабода», на выхадзе з залы суду маці Аляксандра Баразенкі спытала ў кіраўніка групы студэнтаў, якія занялі ўсю залу паседжання, «ці мае ён сумленне». У адказ той моцна штурхнуў жанчыну ў плечы. Ад удару сталая жанчына ўпала на рукі мужа. Убачыўшы абурэнне людзей, кіраўнік групы студэнтаў кінуўся скардзіцца міліцыянтам, але тыя адмовіліся ўмешвацца. Тады мужчына стаў пагражаць журналістам і абазваў маці палітвязня «пачварай».

Тым не менш, Алена Баразенка кажа, што спадзяецца на справядлівы прысуд, прынамсі, на штраф, хаця надзеі на гэта мала. «Тады трэба апраўдаць іншых актывістаў», - слушна адзначае яна.

Па лістах адчуваецца, кажа Алена Баразенка, што Аляксандр трымаецца вельмі добрае, жартуе ў лістах. «Ён напісаў, што змяніў тры камеры. Жартуе, што ніяк не можа прызвычаіцца да сакамернікаў. З аднымі ўжыўся - у іншую камеру пераводзяць. Але піша, што мяне не зламаеш, як бы яны ні імкнуліся», - кажа Алена Баразенка.

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка быў арыштаваны 27 кастрычніка проста ў будынку Следчага камітэта папярэдняга расследвання ГУУС Менгарвыканкама, куды ён прыйшоў на допыт. Апазіцыянер з'яўляецца адным з абвінавачваных па «справе 14-ці» - крымінальнай справе, узбуджанай па арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь у дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года. Паказальна, што арышт адбыўся фактычна адразу пасля адмены Еўразвязам санкцыяў у дачыненні да высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.

Фота "Радыё Свабода"

Студэнты БНТУ, якіх прывялі ў суд, хавалі твары ад фатакамераў

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках