15 лiстапада 2024, Пятніца, 18:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новая хваля пратэстаў пачалася з Баранавічаў

Сёньня ў Малады парк Баранавічаў пратэставаць супраць указу №760 прыйшло больш за трыста прадпрымальнікаў. Перад пачаткам акцыі ў парк прыгналі некалькі машынаў і камунальнікі пачалі абрэзваць дрэвы.

На пачатку акцыі былі затрыманы два маладафронтаўцы Яраслаў Грышчэня і Вадзім Бегеня. Іх даставілі ў міліцыю і склалі пратаколы. Міліцыянты вінавацяць актывістаў нібыта ў “бруднай лаянцы”, - паведамляе “Радыё Свабода”.

За акцыяй прадпрымальнікаў пільна сачыла міліцыя. Прадстаўніца гарвыканкаму, якая прыйшла да ўдзельнікаў акцыі, сказала, што мітынг не санкцыянаваны, і прапанавала сабрацца ў адным з памяшканьняў у сераду.

Паводле актывіста прадпрымальніцкага руху Мікалая Чарнавуса, удзельнікі акцыі пагадзіліся сабрацца на сустрэчу ў сераду ў гарвыканкаме, але запатрабавалі, каб адпусцілі затрыманых моладзевых актывістаў і ў далейшым міліцыя нікога не затрымлівала.

Пасьля таго, як стала вядома, што Яраслава Грышчэню і Вадзіма Бегеню адпусцілі, удзельнікі акцыі разышліся з тым, каб сабрацца ў сераду ў актавай залі гарвыканкаму.

Нагадаем, асноўная акцыя пратэсту прадпрымальнікаў мусіць адбыцца 18 лютага на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Актывісты пагражаюць паставіць на плошчы намёты, каб дамагацца адмены ўказу №760.

“Трэба рабіць намёты, трэба заставацца на плошчы. І заклікаць усіх юрыдычных асобаў, найманых працаўнікоў падтрымаць гэту плошчу хто як можа, хто чым можа. Выставіць эканамічнае патрабаваньне – зьмена ўказу №760. Толькі арганізаваныя масы могуць адмяніць гэты ўказ, калі іх будзе шмат. І ня трэба гэтага баяцца”, - кажа сябра каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Алесь Макаеў.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках