15 лiстапада 2024, Пятніца, 21:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Што тычыцца Беларусі, дэмакраты і рэспубліканцы добра супрацоўнічаюць

Андрэй Саннікаў: Што тычыцца Беларусі, дэмакраты і рэспубліканцы добра супрацоўнічаюць

Апошнія дні за перадвыбарчай “гонкай” у ЗША сочыць увесь свет. Хто стане наступным прэзідэнтам Злучаных Штатаў — дэмакрат альбо рэспубліканец? Як паўплываюць вынікі выбараў у Амерыцы на Беларусь? “У Беларусі сітуацыя настолькі ненармальная, што не можа быць разыходжанняў у дэмакратычных краінах. Ёсць згода і паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі ў ЗША”, - упэўнены міжнародный каардынатар Хартыі’97 адзін з ініцыятараў грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Андрэй Саннікаў.

Як паўплываюць вынікі выбараў у Амерыцы на Беларусь? Гэтае пытанне “Еўрарадыё” абмяркоўвае з экспертамі – міжнародным каардынатарам Хартыі’97 Андрэем Саннікавым і аглядальнікам міжнароднага Інтэрнэт-парталу "Wider Europe" Раманам Якаўлеўскім.

Як паўплываюць выбары ў Амерыцы на Беларусь?

Саннікаў: Што тычыцца Беларусі, ёсць згода паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі. Што тычыцца менавіта беларускай сітуацыі, абароны правоў чалавека, падтрымкі дэмакратыі, дэмакратычных сілаў… Дэмакраты і рэспубліканцы добра супрацоўнічаюць. Дарэчы, спадарыня Клінтан сустракалася з нашымі жанчынамі, праз Хартыю накіроўвавала ліст у падтрымку жанчын і дэмакратыі ў Беларусі. Мы сустракаліся з Маккейнам. Ён і цяпер падчас сваёй кампаніі ўзгадвае Беларусь. Таму, я лічу, што тут, у Беларусі, сітуацыя настолькі ненармальная, што не можа быць разыходжанняў у дэмакратычных краінах, што тычыцца гэтай сітуацыі.

Якаўлеўскі: У адносінах да Беларусі курс застанецца нязменным. Для кіруючага рэжыму спадзявацца на нейкае пацяпленне адносінаў няварта. Незалежна ад таго, хто з цяперашніх трох рэальных прэтэндэнтаў – Маккейн, Клінтан альбо Абама – прыйдзе да ўлады, ніхто не чакае, што могуць быць нейкія надзеі для Лукашэнкі.

Ці добра ведае Маккейн пра сітуацыю ў Беларусі?

Саннікаў: Я б хацеў сказаць, што ён неаднаразова сустракаўся і з лідэрамі апазіцыі і з іншымі прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў. Гэта было і на Рыжскім саміце NATO і на іншых форумах, і ў Вашынгтоне. І ён вельмі цудоўна азнаёмлены з такой балючай тэмай, як зніклыя.

Ужо доўгі час у ЗША ва ўладзе не было дэмакратаў. Якія ёсць шанцы, што дэмакраты прыйдуць да ўлады ў гэты раз?

Саннікаў: Нельга казаць у каго больш шанцаў. Я лічу, што вось тое, што цяпер адбываецца, паказвае, што і ў дэмакратаў, і ў рэспубліканцаў амаль што аднолькавыя шанцы. Пакуль яшчэ не вызначаны кандыдаты.

Нават у рэспубліканцаў я б не казаў, што ўсё ўжо вызначылася, што Маккейн будзе кандыдатам. Ён бясспрэчны лідэр, але ж там могуць быць розныя падыходы і ўнутры партыі, і з боку іншых кандыдатаў, якія засталіся. Вельмі шмат, я лічу, будзе залежаць ад таго, якія пары з’явяцца, хто пойдзе побач з Маккейнам, хто пойдзе побач з кандыдатам ад дэмакратаў.

Якаўлеўскі: Думаю, дакладна такія ж, як і ў рэспубліканцаў. Я б так не ставіў пытанне, таму што ў дэмакратаў у адрозненне ад рэспубліканцаў пасля “супераўторка”, калі былі праймерыз у 22 штатах, так лідэр і не выявіўся. Дзесьці лідзіруе Абама, а дзесьці — Клінтан. І казаць пра шанцы дэмакратаў… У гэтым і палягае інтрыга цяперашніх выбараў, што вось сёння мы не можам дакладна сказаць, хто будзе прэзідэнтам Злучаных Штатаў.

Чаму амерыканскім выбарам надаецца так шмат увагі?

Якаўлеўскі: Мяркуючы па рэакцыі грамадства, выбары ў ЗША больш цікавыя, чым прэзідэнцкія выбары ў Расіі. Таму што ў амерыканскіх выбарах на самой справе існуе тая інтрыга, якая сведчыць аб дэмакратыі, аб празрыстасці і аб тым, што ў людзей на самой справе ёсць выбар. У адрозненні ад выбаршчыкаў у Беларусі і Расіі.

Для апанентаў кіруючага рэжыму Беларусі які кандыдат больш прымальны?

Якаўлеўскі: У Беларусі для апанентаў кіруючага рэжыму, канешне, больш прымальны Джон Маккейн. Яго больш ведаюць, ведаюць яго пазіцыю ў адносінах да беларускага рэжыму – ён неаднаразова яе агучваў. Ён больш вядомы, таму што пра Абаму можна меркаваць толькі па яго дарадцы, а менавіта — Бжазінскім. Сказаць, што Бжазінскі неяк па-іншаму глядзіць на кіруючы рэжым у Беларусі, нельга.

Я б таксама звярнуў вашу увагу на такі цікавы момант… Галоўны саветнік у Маккейна – Генры Кісінджэр, патрыярх амерыканскай дыпламатыі. А ў Барака Абамы, як ні дзіўна для многіх, Збігнеў Бжазінскі. Вось вам і адказ на пытанне, калі б, напрыклад, прэзідэнтам стаў Абама.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках