16 лiстапада 2024, Субота, 16:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Багданкевіч: «Стрымаць інфляцыю нерэальна»

Сёньня на паседжаньні беларускага ўраду прэм’ер Сяргей Сідорскі паведаміў, што інфляцыя ў студзені склала 2,5%, але заявіў пра сваю ўпэўненасьць ва ўтрыманьні тэмпаў інфляцыі ў 2008-м годзе ў межах 8%. Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч называе гэта папулісцкай заявай, выканаць якую цалкам нерэальна.

Сяргей Сідорскі паведаміў, што інфляцыя ў студзені склала 2,5%:

“Мы узьнялі на 5 даляраў кошты на паслугі ЖКГ і гэта ўжо склала 1,7% плюс 0,8% у рэальным сэктары эканомікі. Гэта нядрэнны паказчык, ёсьць усе падставы, каб у выніку вайсьці ў інфляцыю за год”.

Былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч у інтэрвію Радыё Свабода адзначае:

“Гэта папулісцкая заява, выканаць якую абсалютна нерэальна. І прычынаў тут шмат. Назаву толькі некаторыя. Растуць кошты ў краінах-суседзях, зь якімі ў нас вялікія гандлёвыя стасункі, мы ад іх неізаляваныя. Грашовая маса ў Беларусі павялічваецца хутчэй за рост прадуктаў і тавараў, а гэта абавязкова вядзе да росту цэнаў. Цэны можна штучна абмежаваць у першым ці другім квартале, але ж яны абавязкова “вылезуць” у трэцім і чацьвертым”.

Дарэчы, летась, паводле афіцыйных звестак, узровень інфляцыі ў Беларусі склаў 12%. На гэты год урадам быў запланаваны паказчык у 6-8%. Разам з тым, ужо ў лютым мяркуецца як мінімум на 25% падвысіць закупачныя кошты на мясамалочную прадукцыю.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках