15 лiстапада 2024, Пятніца, 8:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуская Народная Рэспубліка – у Інтэрнэце

Напярэдадні святкавання 90-годдзя беларускай дзяржаўнасці прасцей усяго знайсці інфармацыю пра Беларускую Народную Рэспубліку ў Сусветнай павуціне. У якасці сімвалічнага прадстаўніка беларускага народа Рада БНР працягвае сваю дзейнасць.

21 лютага 1918 года выканкам Усебеларускага з'езду прыняў Першую статутную грамату, у якой абвясціў сябе часовай уладай на тэрыторыі Беларусі. 9 сакавіка была прынятая Другая канстытуцыйная грамата. У ёй гаворыцца пра стварэнне БНР "у межах рассялення і колькаснай перавагі беларусаў". Нарэшце, 25 сакавіка Беларуская Народная рэспубліка прыняла сваю Трэцюю статутную грамату аб дзяржаўнай незалежнасці БНР. Гэта быў адказ на Берасцейскую мірную дамову паміж савецкай Расеяй і Нямеччынай, якой без удзелу беларускіх прадстаўнікоў Беларусь дзялілася на часткі, нагадвае гістарычны ход падзей "Нямецкая хваля".

Прыняцце статутнай граматы аб незалежнасці БНР традыцыйна адзначаецца беларускімі дэмакратычнымі сіламі як "Дзень Волі". Кіраўніцтва краіны не прызнае значэнне БНР і вядзе радавод сучаснай беларускай дзяржаўнасці ад БССР, але летась серыю канцэртаў "За незалежную Беларусь" улады пачалі таксама 25 сакавіка.

Найбольш частыя згадванні ў актуальных навінах

Цяпер дэмакратычныя сілы прапанавалі беларускаму кіраўніцтву абвясціць 2008 год Годам беларускай дзяржаўнасці, на што атрымалі адпіску, што ў спісе дзяржаўных святаў 25 сакавіка не значыцца. Здаецца, святкаванне круглай даты беларускай дзяржаўнасці пройдзе альтэрнатыўна.

Калі мерапрыемства альтэрнатыўнае, то найбольш просты шлях знайсці інфармацыю пра яго – Інтэрнэт. Па словах Алены Макоўскай, старшыні рады міжнароднага грамадскага аб'яднання "Згуртаванне беларусаў святлу "Бацькаўшчына", сляды БНР у Сусветнай павуціне знайсці няцяжка.

"Найбольш часта гэтыя згадванні аб БНР сустракаюцца ў актуальных навінах. У Беларусі створаны арганізацыйны камітэт па святкаванні 90-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, цяпер ідзе распрацоўка банераў і, вядома, ёсць сам сайт Беларускай Народнай Рэспублікі", – гаворыць Алена Макоўская.

Інфармацыя на сайтах беларускай дыяспары

Сапраўды, Рада БНР у якасці сімвалічнага прадстаўніка беларускага народа працягвае сваю дзейнасць, у чым можна ўпэўніцца на сайце http://www.radabnr.org/. Спасылку на гэты сайт можна знайсці на сайце "Згуртавання беларусаў святлу "Бацькаўшчына", http://www.zbsb.org/ , а таксама шматлікіх іншых гістарычных і культурна-асветніцкіх сайтах Рэспублікі Беларусь. Ёсць спасылкі і на сайтах беларускай дыяспары.

Як адзначыла Алена Макоўская, не ўсе сайты абнаўляюцца дастаткова рэгулярна, аднак моладзевыя сайты абнаўляюцца даволі часта. На іх часта можна знайсці інфармацыю і пра БНР, і пра тое, як суполкі беларускай дыяспары збіраюцца адзначыць гэты год.

Даволі доўга дзень 25 сакавіка ўспрымаўся толькі за межамі Беларусі, у дыяспары – як свята, а ў Беларусі пра яго нічога асабліва не ведалі. Цяпер пра БНР можна прачытаць і ў папяровых энцыклапедыях, і ў дзвюх беларускамоўных Вікіпедыях.

Алена Макоўская паведаміла, што Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" ў хуткім часе апублікуе п'есу Алеся Петрашкевіча пра станаўленне БНР. Наўрад ці сучасныя беларускія тэатры яе паставяць, не ўсім будзе даступная папяровая версія, але ў стагоддзе Інтэрнэту п'еса таксама будзе даступная ў электронным варыянце.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках