27 снежня 2024, Пятніца, 13:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прагналі з рынкаў і пазбавілі дапамогі

5

У Беларусі на сёньня як мінімум 92 тысячы наёмных працаўнікоў, якія раней працавалі ў індывідуальных прадпрымальнікаў, ня маюць сацыяльных гарантыяў.

Пра 92 тысячы звольненых заявіў у гэтыя дні намесьнік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур. Ён таксама ўдакладніў, што "лічба пра новых беспрацоўных прыблізная".

– Чакаецца, што колькасьць людзей, якія страцілі працу, стане вядомай толькі ў траўні, – паведаміў Тур і пры гэтым адзначыў, што амаль 30 працэнтаў былых наёмных працаўнікоў пражываюць у правінцыйных гарадах і мястэчках, а астатнія – у Менску і абласных цэнтрах.

– 30 працэнтаў па Туру – гэта як мінімум 27.600 чалавек, – заявіла ў інтэрв’ю Bulletinonline лідэр прадпрымальнікаў у Слуцку Соф'я Міцяшова. – Канкрэтна ў нашым гарадку – больш як адна тысяча і ўсе – толькі жанчыны. Дзе ім у гэтым захалусьці знайсьці працу?!

Соф'я Міцяшова была ініцыятарам нядаўняга масавага мітынгу прадпрымальнікаў у Слуцку. Больш як 200 чалавек прыйшлі да будынку райвыканкаму патрабаваць працу. Адбылася гутарка з намесьнікамі старшыні мясцовай вэртыкалі Алай Русак і Пятром Даўгучыцам. Чыноўнікі былі няпэўнымі. Казалі, што ў гандлі горада і раёна маюцца 70 вакансій, яшчэ столькі ж абяцае праграма мадэрнізацыі мясцовых прадпрыемстваў.

У часе спрэчкі на плошчы ўсплыла праблема: чаму ўсім звольненым наймальнікі занатоўваюць у працоўныя кніжкі аднолькавыя запісы "звольнены па ўласным жаданьні". Патрабаваньні на іншае не прымаюцца. Гаспадары даводзяць: такі загад улады! Ала Русак і Пятро Даўгучыц таксама гэтаму не пярэчылі.

– Райвыканкам не можа дапусьціць усплёск беспрацоўя, – апраўдвалася Ала Русак, – акрамя таго, мясцовы бюджэт не мае пакуль дастаткова сродкаў для выплаты дапамогі ў беспрацоўі. Спадзявайцеся больш на сябе. А мы будзем дапамагаць перадусім толькі малаабароненым сацыяльна...

Вулічныя хваляваньні ў Слуцку не прыпыняюцца. У арганізацыі іх чыноўнікі вінаваціць Соф'ю Міцяшову, чыняць уціск. Жанчына скарадзіцца, што цяпер аддзел сацыяльнага забесьпячэньня насельніцтва райвыканкаму зьвярнуўся ў гаспадарчы суд Менскай вобласьці. Мэта зыску – спагнаць зь Міцяшовай два мільёны рублёў падаткаў у фонд сацыяльнай абароны. Дзеля гэтага суд арыштаваў прыватны рахунак спадарыні Соф'і, на які яна атрымлівае сваю пэнсію.

–Чыноўнікі райвыканкаму і суду парушаюць мае канстытуцыйныя правы, – заяўляе Соф'я Міцяшова.

Яе аргумэнты: пэнсія працоўная, налічаная за 28 гадоў пэдагагічнага стажу. Жанчына атрымлівае пэнсію некалькі гадоў запар, у адпаведнасьці з тым, што мае III групу інваліднасьці. Набыла яе ў выніку спартыўных перагрузак. У 1970-я Соф'я Міцяшова была ў зборнай камандзе Беларусі па лыжных гонках. Траўмы і пераломы абярнуліся заменай на нагах суставаў на штучныя.

– Маючы інваліднасьць, я ўсё-такі змушаная была пайсьці працаваць на рынак, бо заставаліся неўладкаваныя мае дзеці – сын і дачка. Я працавала 10 гадоў, і тады прадпрымальнікам ня трэба было сплачваць падаткі ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Лукашэнка абазваў нас спэкулянтамі, а дзяржаўныя службы адмовіліся налічваць прадпрымальнікам працоўны стаж, аплачваць лісткі непрацаздольнасьці, адпачынак і г.д.

У апошні час дзяржава запатрабавала, што індывідуальныя прадпрымальнікі самі мусяць пералічваюць грошы ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва ў суме 36 працэнтаў ад бюджэту пражытачнага мінімуму. Вось з якіх патрабаваньняў быццам бы назьбіралася запазычанасьць ў два мільёны рублёў за Соф’яй Міцяшовай. Яна, аднак, лічыць інакш:

– Мая пэнсія – 213 тысяч рублёў. Гэта – жабрацкі ўзровень. Органы сацыяльнай абароны ніколі мяне не падтрымлівалі. Пры вызначэньні пэнсіі былі цалкам ігнараваныя мае спартыўныя посьпехі, узнагароды, вышэйшая прафэсійная катэгорыя, ініцыятыва ў стварэньні дзіцячага рэабілітацыйнага цэнтру і шмат іншае. Я "зарабіла" 16 дыягназаў хваробаў. Я сама знайшла выйсьце з матэрыяльнай нястачы. Але, высьвятляецца, мой прынцып не дакучаць дзяржаве раптам абарочваецца супраць мяне.

У апошняй сваёй заяве ў гаспадарчы суд Менскай вобласьці Соф'я Міцяшова напісала: "Я – законапаслухмяная грамадзянка. І, паводле канстытуцыі, майго працоўнага стажу дастаткова для налічэньня і выплаты пэнсіі. Я пэнсію зарабіла сама! І таму лічу, што ў адносінах да мяне ўказ Лукашэнкі на выплату грашовых унёскаў у фонд сацыяльнай абароны зьяўляецца антыканстытуцыйным".

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках