16 лiстапада 2024, Субота, 2:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вольга Казуліна: «Словы Лукашэнкі– верх цынізму»

47
Вольга Казуліна: «Словы Лукашэнкі– верх цынізму»

Аляксандр Лукашэнка сёння прызнаўся, што яму добра вядома пра цяжкі стан здароўя жонкі палітвязня Аляксандра Казуліна і паспрабаваў выкарыстаць гэтую сітуацыю для гандлю з Захадам.

Ірына Казуліна цяжка хворая, яе муж амаль два гады знаходзіцца за кратамі па палітычных матывах. Вызваленне ўсіх палітвязняў – галоўнае патрабаванне Еўразвяза і ЗША.

Знаходзячыся сёння з візітам у Віцебскай вобласці, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пытання, звязанага з палітычнымі зняволенымі ў краіне, больш не існуе. "Пытанне з так званымі палітвязнямі закрытае", – заявіў беларускі кіраўнік, адказваючы ў пятніцу на пытанне "Інтэрфакса".

Гаворачы пра палітвязняў, Лукашэнка заявіў, што "да нас прад'яўляць прэтэнзіі няма ніякіх падстаў". "Паглядзім, што зробяць ЕЗ і ЗША". "А нашаму народу раю паназіраць, асабліва тым, хто спрабуе мяне асуджаць, як паступяць ЕЗ і ЗША", – заявіў А.Лукашэнка. Ён падкрэсліў: "Мы зрабілі крок, паглядзім, што зробяць у гэтай сувязі Еўрапейскі Звяз і ЗША".

Па словах Лукашэнкі так званыя палітвязні "былі пакараныя, паводле Крымінальнага кодэксу, за пэўныя злачынствы". "У нас няма палітычных артыкулаў", – адзначыў А.Лукашэнка.

"Я думаю, што тое, як ставіць пытанне Еўразвяз перад намі – не вартае выедзенага яйка, і таму я прыняў рашэнне вызваліць тых людзей, за якіх так выступаў Захад і ЗША", – сказаў А.Лукашэнка.

Паводле яго слоў, "яны (палітвязні), мабыць, рабілі добрыя справы для ЕЗ і ЗША, і тыя цяпер іх у бядзе не пакідаюць". "Гэта адзінае, што мне падабаецца ў пазіцыі ЕЗ і ЗША", – сказаў А.Лукашэнка.

Ён заявіў: "Наколькі я інфармаваны, гэтая пазіцыя не задаволіла аднаго Казуліна". "Пытанне было ў тым, што яго жонка хворая, і да мяне звярнуліся амбасадары Еўразвяза. Добра, усе мы людзі, рознае здараецца. Я пагадзіўся – хай вязе, лечыць жонку. Сёння стаіць пытанне аб лячэнні ў Нямеччыне, трэба суправаджаць жонку", – адзначыў А.Лукашэнка.

Пры гэтым ён заявіў, што "наколькі раніцай я быў інфармаваны, ён адмовіўся яе лячыць". "Але гэта сямейныя праблемы, адмовіўся, дык адмовіўся. Што трэба ад мяне, я прапанаваў, але ён адмовіўся яе лячыць", – паведаміў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, "ён (Казулін) адмовіўся нават пасля таго, як дочкі паехалі і ўгаворвалі яго выратаваць маці (жонку Казуліна), яму гэтая маці ўжо даўно не была патрэбная". "Але я не хачу ўлазіць у чужыя справы, жыццё ўсё расставіць па сваіх месцах", – сказаў А.Лукашэнка.

Вольга Казуліна: "Гэта бессаромна і не па-людску"

Пракаментаваць заявы Лукашэнкі прэс-цэнтр Хартыі’97 папрасіў дачку Аляксандра Казуліна – Вольгу.

"Наша маці памірае, і Аляксандр Лукашэнка выдатна пра гэта ведае. Распавядаць пра тое, што ён гатовы адпусціць нашага бацьку дзеля лячэння маці – верх цынізму. Няхай ён не прыкрываецца нашай маці. Гэта бессаромна і не па-людску", – заявіла Вольга Казуліна.

Андрэй Саннікаў: "Любыя пагадненні і спекуляцыі на здароўі людзей не палепшаць рэнамэ беларускіх улад у Еўропе"

Словы Лукашэнкі каментуе міжнародны каардынатар Хартыі’97, адзін з ініцыятараў грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Андрэй Саннікаў:

"Лукашэнка сёння прызнаўся, што ён выдатна ведае сітуацыю з здароўем Ірыны Казулінай, але нягледзячы на гэта ён спрабуе выкарыстаць гэтую сітуацыю для гандлю. Гэта сапраўды верх цынізму і замест таго, каб пайсці па шляху літасці, ён ізноў падкрэслівае нялюдскасць існай у Беларусі ўлады. Тут нельга хітраваць. Еўразвяз выразна заявіў, што развіццё якіх-небудзь стасункаў можа абмяркоўвацца толькі пасля вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій. Абмяняць асобных палітвязняў на гандлёвыя прэферэнцыі з Еўразвязам не атрымаецца, што б яму не абяцалі яго дарадцы або асобныя еўрапейскія дыпламаты.

Лукашэнка спрабуе ўсімі сіламі пакінуць невінаватага Казуліна ў турме. Менавіта таму ён прыкрываецца іншымі палітвязнямі: Клімавым, Здзвіжковым, Кімам, каб Казулін не застаўся адзіным палітвязнем у Беларусі. Але ўсе гэтыя манеўры настолькі цынічна відавочныя, што замест паляпшэння стасункаў з Еўразвязам Лукашэнка можа патрапіць у яшчэ большую блакаду, бо за сітуацыяй з палітвязнямі, з іх здароўем і здароўем іх родных і блізкіх уважліва сочаць не толькі і не столькі ўрады краін-сябраў Еўразвяза, колькі міжнародная грамадскасць. Таму любыя пагадненні і спекуляцыі на здароўі людзей не палепшаць рэнамэ беларускіх улад у Еўропе, а, значыць, і не адкрыюць так неабходныя для Беларусі сёння магчымасці нармальных стасункаў з Еўразвязам".

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках