15 лiстапада 2024, Пятніца, 13:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чацвёртая хваля пратэсту прадпрымальнікаў (відэа)

38
Чацвёртая хваля пратэсту прадпрымальнікаў  (відэа)

Акцыя пратэсту прадпрымальнікаў сёння праходзіла ў Менску чацвёртым разам за апошнія тры месяцы. Індывідуальныя прадпрымальнікі выйшлі на вуліцы пратэставаць супраць указу Аляксандра Лукашэнкі, які знішчае іх бізнэс – забароны на права наймаць на працу людзей, якія не з'яўляюцца сваякамі. Акцыя пратэсту была разагнаная супрацоўнікамі АМАПа.

Людзей выцяснялі шматкроць: як толькі на плошчу прыбывалі ўдзельнікі акцыі, іх тут жа выціскалі ў бок вуліц Інтэрнацыянальная і Багдановіча. У агульнай складанасці ў акцыі ўзялі ўдзел блізу тысячы чалавек.

Калі ў папярэднія разы людзям давалі збірацца на Кастрычніцкай плошчы Менска, то гэтым разам плошча была ачэпленая супрацоўнікамі АМАПа. Першая група прадпрымальнікаў, якая прыйшла ў цэнтр горада з транспарантамі і плакатамі, што заклікалі спыніць ціск на бізнэс, была адразу ж выцесненая. Дзесяткі амапаўцаў вялі людзей «пад канвоем» да Опернага тэатра. Прадпрымальнікі не сталі вяртацца на плошчу, і пайшлі да тэлецэнтра на вуліцу Камуністычную. Супрацоўнікі АМАПа не прапусцілі людзей на тэлецэнтр, але адзін з лідэраў прадпрымальнікаў здолеў перадаць зварот да кіраўніцтва Агульнанацыянальнага тэлебачання з патрабаваннем даць ІП прамы эфір.

Тым часам на Кастрычніцкай плошчы працягваліся лакальныя «зачысткі». Як толькі на плошчу прыходзілі некалькі дзесяткаў чалавек, іх адразу ж бралі ў «кальцо» і выцяснялі на бліжэйшыя вуліцы. Пры гэтым блакаваліся вуліцы Энгельса і Леніна, каб людзі не змаглі вярнуцца на плошчу. Па такой схеме амапаўцы дзейнічалі не менш як пяць разоў.

Самы жорсткі ціск на людзей пачаўся, калі на плошчу прыйшла дачка палітвязня Аляксандра Казуліна Вольга. Разам з дэмакратычным актывістам Сяргеем Марцылевым яна разгарнула расцяжку «Свабоду ІП!», да якой былі прымацаваныя фатаграфіі яе бацькі. «Мой бацька падтрымаў бы сёння прадпрымальнікаў і іх барацьбу», – сказала Вольга.

Прастаяць на плошчы дачка палітвязня здолела нядоўга. Тут жа падбеглі з два дзесяткі амапаўцаў, якія сталі выціскаць людзей з плошчы з ужываннем фізічнай сілы. Пачалася ціскатня. Па рацыі гучна прагучаў загад камандзіра Амапа Юрыя Падабеда: «Затрымлівайце гэтую, у чырвоным!» (Вольга Казуліна была апранутая ў чырвоную куртку). У выніку дзяўчыну затрымалі, прадпрымальнікаў і журналістаў адагналі за Палац рэспублікі.

Людзей затрымлівалі і на падыходзе да плошчы. Так, лідэр руху «За Свабоду!» Аляксандр Мілінкевіч і яго памочнікі Алесь Лагвінец і Алесь Крывалец былі затрыманыя і дастаўленыя ў Следчы камітэт МУС.

Амапаўцы стаялі ля выхадаў станцыі метро «Кастрычніцкая» і спынялі ўсіх мужчын ва ўзросце ад 30 да 50 гадоў, якія, на іх погляд, з’яўляліся патэнцыйнымі ўдзельнікамі акцыі прадпрымальнікаў. Журналістаў з фота- і відэаапаратурай увогуле не выпускалі з падземнага пераходу.

«Зачыстка» Кастрычніцкай плошчы цягнулася паўтары гадзіны. Урэшце, лідэры прадпрымальнікаў заклікалі людзей разыходзіцца, бо заставацца на плошчы было немагчыма. Але прадпрымальнікі ўпэўнена заявілі: наступным разам яны выйдуць на вуліцы 25 сакавіка, каб з усімі беларусамі адзначыць 90-годдзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках